беласнежных ягадзiц, якiя перанеслi здзек i ўночы, i зрання. А млынар паведамiў жонцы аб разводзе i ў той жа дзень выгнаў яе з дому.

29. А яна, будучы нягоднiцай ад прыроды, а да таго разгневаная, хоць i заслужанай крыўдай, ды тым большай, зноў бярэцца за даўнейшае i, звярнуўшыся да звычайных бабскiх падкопаў, з вялiкiмi цяжкасцямi знаходзiць нейкую старую ведзьму, пра якую казалi, што яна сваiмi чарамi можа зрабiць што захочаш. Прыстаўшы да яе з бясконцымi просьбамi i засыпаючы падарункамi, просiць яна ў яе аднаго з двух: або каб муж, памякчэўшы, зноў з ёю памiрыўся, або, калi гэта немагчыма, дык нашкодзiць яму, наслаць на яго смерць праз якога-небудзь пякельнага духа. Тады тая ведзьма, надзеленая чарадзейнай уладай, спачатку пускае ў ход першыя спробы свайго злачыннага ўмельства i з усiх сiл стараецца ўлагодзiць дух моцна абражанага мужа i скiраваць яго да кахання. А калi справа павярнулася не так, як яна чакала, абурылася на багоў не толькi за неатрыманне абяцанай узнагароды, але i ў адплату за праяўленую да сябе абыякавасць. Цяпер яна задумвае згубу няшчаснаму мужу i для гэтага насылае на яго цень нейкай памерлай гвалтоўнай смерцю жанчыны.

30. Аднак ты, прыдзiрлiвы чытач, можаш спынiць маё апавяданне i запытацца: 'Адкуль жа ты, хiтры вослiк, не выходзячы за тэрыторыю млына, мог даведацца, што прыдумвалi злачынныя бабы?' Дык вось паслухай, якiм спосабам i пад постаццю ўючнай жывёлiны, застаючыся дапытлiвым чалавекам, я даведаўся, што рыхтуецца на пагiбель майму гаспадару млынару. Апоўднi з'явiлася ў млыне нейкая жанчына. Была яна босая, жоўта-бледная, худая, прыкрытая нейкiм лахманом. Твар яе быў амаль цалкам закрыты абвiслымi валасамi, сiвымi, бруднымi ад попелу, якiм яны былi абсыпаныя. Рысы яе твару былi знявечаны слядамi злачынстваў i незвычайнай тугой. З'явiўшыся ў такiм выглядзе, яна цiхенька кладзе млынару на плячо руку, быццам хоча з iм пагаварыць, заводзiць яго ў спальню i, запёршы дзверы, застаецца там доўгi час.

А работнiкi, змалоўшы зерне, якое было ў iх пад рукамi, пайшлi ў пакой да гаспадара i пачалi яго клiкаць, каб выдаў яшчэ збожжа. Некалькi разоў гучна крычалi, але гаспадар не адгукаўся. Прадчуваючы нейкую бяду, яны пачалi стукаць у дзверы, а пасля нацiснулi на iх мацней i выламалi. Нiякай жанчыны там не аказалася, а на бэльцы вiсеў ужо без духу з пятлёй на шыi iхнi гаспадар.

Яны знялi яго, выняўшы з пятлi, i з плачам абмылi цела. А пасля, выканаўшы хаўтурныя абрады, у суправаджэннi вялiкага натоўпу пахавалi.

31. На другi дзень паспешлiва прыбывае з суседняга сяла, куды нядаўна выйшла замуж, яго дачка ўся ў жалобе, iрвучы на сабе распушчаныя валасы i б'ючы сябе кулакамi ў грудзi.

Яна ўсё ведала пра няшчасце ў бацькоўскiм доме, хоць нiхто ёй пра гэта не паведамляў. У сне з'явiўся перад ёй цень бацькi з пятлёю на шыi i адкрыў усе зладзействы мачыхi. Расказаў i пра любадзейства, i пра злыя чары, i пра тое, як, загублены прывiдам, закончыў жыццё.

Доўга яна плакала i лямантавала, пакуль жыхары дома не ўгаварылi яе супакоiцца. Выканаўшы на дзевяты дзень законныя абрады, яна прадала з малатка ўсё: нявольнiкаў, хатнiя рэчы, млын i ўючную жывёлу. Такiм чынам, капрызная выпадковасць раскiдала ўсю гаспадарку ў розныя бакi. Мяне купiў нейкi бедны агароднiк за 50 нумаў. Паводле яго слоў, для яго была гэта вялiкая сума, але ён спадзяваўся з маёй дапамогай здабываць сабе сродкi на пражытак.

32. Ход апавядання, я думаю, патрабуе паведамiць, якiя былi мае новыя абавязкi. Кожнай ранiцы гаспадар нагружаў мяне рознай гароднiнай i гнаў у суседняе сяло, пасля, пакiнуўшы свой тавар гандлярам, сядаў мне на спiну i вяртаўся ў свой агарод. Пакуль ён капаў ды палiваў грады i займаўся iншай працай, я адпачываў i цешыўся супакоем.

Але вось разам з правiльным ходам свяцiлаў, чаргаваннем дзён i месяцаў, год, выкрэслiваючы свой круг, пасля багатай вiном, радаснай восенi пачаў хiлiцца ў бок зiмовага iнею Казярога. Увесь час iшоў дождж, начамi росы, а я, стоячы ў стойле пад адкрытым небам, вельмi пакутаваў ад холаду, бо ў майго гаспадара з прычыны крайняй беднасцi не было нi падсцiлу, нi страхi. Жыў ён у будане, складзеным з галля. Апроч таго, ранiцамi даводзiлася мне мясiць голымi нагамi вельмi халодную гразь, наступаючы на калючыя кавалачкi лёду, ды i не мог я напаўняць свой страўнiк звычайнай ежай. У мяне i ў майго гаспадара была адна i тая ж страва. Мы елi стары i нясмачны латук, якi быў пакiнуты на насенне i з-за свайго празмернага ўзросту зрабiўся падобным да венiка з горкiм, брудным i гнiлым сокам.

33. Аднойчы здарылася, што нейкi паважны чалавек з суседняй мясцовасцi, заблудзiўшыся ў час лiўню цёмнай бязмесячнай ноччу, звярнуў свайго стомленага каня на наш двор. За тое, што быў гасцiнна прыняты i атрымаў хоць не вельмi выгодны, але патрэбны адпачынак, ён захацеў аддзячыць ветлiваму гаспадару i абяцаў даць яму збожжа, алею i нават дзве бiклагi вiна. Мой гаспадар бярэ мех i пусты пасуд i, сеўшы на мяне без сядла, пускаецца ў дарогу за шэсцьдзесят стадыяў. Праехаўшы гэту адлегласць, мы апынулiся ў маёнтку, дзе зараз жа гасцiнны гаспадар запрашае майго гаспадара на шчодрае снеданне. Калi яны занялiся келiхамi, раптам здарыўся сапраўдны цуд: па дварэ бегала, адбiўшыся ад iншых, i кудахтала курыца, як звычайна перад тым, калi збiраецца знесцi яйцо. Глянуўшы на яе, гаспадар кажа: 'Верная ты служка i пладавiтая! Ужо колькi часу ты штодзённымi родамi даеш нам харчы. Вiдаць, i цяпер рыхтуеш нам закуску'. А пасля крычыць: 'Гэй, малы, пастаў, як заўсёды, у куток кошык нясушцы!' Парабак выканаў загад, але курыца, пагрэбаваўшы звычайным гняздом, знесла ля ног гаспадара плод, якi мог незвычайна напалохаць. Яна знесла не яйцо, як можна было гэтага чакаць, а кураня з пер'ем, кiпцюрамi, вачыма, якое ўжо ўмела пiшчаць i адразу пабегла за сваёй мацi.

34. Неўзабаве пасля гэтага здараецца яшчэ большае дзiва, якое ўсiх моцна перапалохала. Пад самым сталом, на якiм былi яшчэ рэшткi снедання, расчынiлася зямля, i з глыбiнi зафантанiла кроў i ажно запырскала ўвесь стол.

У тую ж хвiлiну, калi ўсе, анямеўшы ад страху, трасуцца i дзiвяцца з боскай праявы, прыбягае хтосьцi з вiннага склепа i дакладвае, што вiно, даўно паразлiванае ў бочкi, нагрэлася, забурлiла i пачало кiпець, быццам на моцным агнi. Заўважылi таксама ласачку, якая выйшла на двор, трымаючы ў зубах ужо нежывую гадзюку. У паляўнiчага сабакi выскачыла з ляпы зялёнае жабяня, а на сабаку накiнуўся баран, якi быў непадалёку, схапiў яго за горла i адразу задушыў.

Гэтулькi розных страхоццяў збянтэжыла гаспадара i ўсiх жыхароў дома, яны не ведалi, што рабiць, якога бога прасiць больш, якога менш, каб адхiлiць iм пагрозы, колькi i якiх ахвяр трэба прынесцi?

35. Пакуль усе, скаваныя жахам, чакалi сама страшнага няшчасця, прыбягае нейкi нявольнiк i дакладвае аб вялiкiх страшных бедах, якiя звалiлiся на ўладальнiка маёнтка. Гонарам ягонага жыцця былi тры дарослыя сыны, сцiплыя i адукаваныя. Гэтыя юнакi сябравалi здаўна з адным бедным чалавекам, якi жыў у маленькай хацiне. Гэта хатка межавала з шырокiмi ўгоддзямi ўплывовага i багатага суседа, якi, злоўжываючы знатнасцю свайго роду, рабiў у акрузе, што толькi хацеў, але як чалавек багаты меў шмат прыхiльнiкаў. Ён варожа аднёсся да свайго беднага суседа i разбураў яго ўбогую сялiбу, забiваў дробную жывёлу, забiраў валоў, нiшчыў яго няспелае збожжа.

Селянiн быў чалавекам сцiплым, але, калi прагавiтасць багацея пазбавiла яго ўсёй маёмасцi, ён, жадаючы хоць бы мець месца для магiлы на родным полi, у вялiкiм страху паклiкаў сваiх сяброў у сведкi па справе размежавання зямлi. Сярод iншых прыйшлi i гэтыя тры браты, каб хоць чым-небудзь дапамагчы сябру ў яго бядзе.

36. Але той шаленец зусiм не спалохаўся i нават не збянтэжыўся, убачыўшы гэтулькi грамадзян, i не толькi не адмовiўся ад сваiх разбойнiцкiх намераў, а нават не пажадаў спынiць свой язык.

Калi тыя спакойна выказалi сваё жаданне i мiрнымi словамi старалiся змякчыць яго гвалтоўны нораў, ён клянецца ўсiмi багамi i жыццём дарагiх яму асоб, што яму няма нiякай справы да прысутнасцi гэтулькiх пасрэднiкаў, а свайго суседа загадвае нявольнiкам узяць за вушы i як найдалей выкiнуць з ягонай халупы.

Гэтыя словы вельмi абурылi ўсiх прысутных. Адзiн з братоў адказаў яму, што дарма, спадзеючыся на свае багаццi, пагражае ён з такой тыранскай пыхай, бо i бедакi знаходзяць абарону ў справядлiвых законах. Яго словы аказалiся для гэтага шалёнага чалавека як алей для полымя, серка для агню, бiч для фурыяў. Дайшоўшы да апошняй ступенi вар'яцтва, ён закрычаў, што загадае павесiць усiх сабраных i разам з iмi ўсе законы. I тут жа загадаў спусцiць з ланцугоў велiчэзных, кормленых падлай аўчарак, якiя не раз нападалi на падарожных, i пусцiць iх на сабраных.

Як толькi пачулi сабакi прывычнае цкаванне пастухоў, раз'юшана, азвярэла, з хрыпатым брэхам кiдаюцца на людзей i рвуць iх на кавалкi, наносячы крывавыя раны, не мiлуючы i тых, хто ратуецца ўцёкамi, а наадварот, праследуюць iх з яшчэ большым шаленствам.

37. У самай сярэдзiне перапалоханага натоўпу малодшы з трох братоў, спатыкнуўшыся аб камень, збiўшы

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату