пальцы ног, падае на зямлю i становiцца ахвярай раз'юшанай зграi. Убачыўшы здабычу, яны ўмомант расшкуматалi няшчаснага юнака. Браты, пачуўшы яго перадсмяротныя енкi, кiнулiся яму на ратунак i, закруцiўшы левую руку крысом плашча, старалiся каменнем адбiць брата ў сабак i адагнаць iх. Але нi суцiшыць раз'юшаных сабак, нi разагнаць iх iм не ўдалося, i няшчасны юнак, крыкнуўшы напаследак братам, каб яны адпомсцiлi багацею за яго смерць, гiне, разарваны на кавалкi. I браты, што засталiся жывыя, клянуцца Геркулесам, не столькi зняверыўшыся ў сваiм выратаваннi, колькi не дбаючы аб iм, кiдаюцца на багацея ў палкiм безразважным парыве i абсыпаюць яго каменнямi. Але гэты крыважэрны разбойнiк, якi i раней нарабiў нямала злачынстваў, ударам дзiды ўсярэдзiну грудзей прабiвае аднаго з братоў наскрозь. Аднак малады чалавек не падае на зямлю, бо кап'ё, прабiўшы яго i выйшаўшы праз спiну, уваткнулася ў зямлю i, закалыхаўшыся, затрымала цела ў паветры. Высокi i дужы нявольнiк прыскочыў забойцу на дапамогу i, размахнуўшыся, запусцiў у трэцяга юнака каменем, аднак камень закрануў яму толькi пальцы i ўпаў, не зрабiўшы нiякай шкоды.
38. Гэты зручны момант даў кемлiваму маладому чалавеку нейкую надзею на выратаванне цi на адплату. Прыкiнуўшыся, што рука ў яго пашкоджана, гаворыць ён таму бязлiтаснаму чалавеку: 'Цешся загубай нашай сям'i, насычай сваю бясконцую лютасць крывёй трох братоў, праслаўляйся забойствам сваiх аднасяльчан, усё роўна, наколькi б ты нi расшыраў свае межы, колькi б зямлi нi адбiраў ты ў беднаты, нейкi сусед у цябе знойдзецца. О, каб гэта рука па несправядлiвасцi лёсу не выйшла са строю, яна б табе хутка знесла тваю галаву!'
Яшчэ горш азвярэўшы ад гэтых слоў, звар'яцелы разбойнiк схапiў меч i з жарам кiнуўся на юнака. Аднак трапiў не на слабейшага за сябе. Зусiм нечакана малады чалавек, схапiўшы яго за правую руку i вырваўшы меч, аказаў дастойнае супрацiўленне. Моцнымi ўдарамi мяча ён прымусiў яго развiтацца з гнюсным жыццём; а сам, каб не трапiць у рукi чэлядзi, якая падбягала, перарэзаў сабе горла скрываўленым варожай крывёю лязом.
Вось што прадвяшчалi тыя цуды няшчаснаму гаспадару. Але стары, на якога навалiлася столькi гора, не сказаў нi слова, не пралiў нават слязы. Ён схапiў нож, якiм разразаў для сваiх субяседнiкаў сыр i iншую ежу, i, за прыкладам свайго бяздольнага сына, наносiць сабе некалькi ран у шыю, пасля чаго валiцца на стол i змывае сваёй крывёю тыя злашчасныя плямы.
39. Расхваляваныя гiбеллю ў адну хвiлiну цэлага дому i ўздыхаючы з прычыны ўласнай няўдачы, агароднiк падзякаваў за снеданне слязьмi, i, часта ўспляскваючы пустымi рукамi, сядае на мяне, i вяртаецца дамоў па дарозе, якой мы сюды прыбылi. Аднак вяртанне не адбылося без непрыемнасцi. Сустрэўся нам нейкi бамбiза, мяркуючы з вопраткi i з выгляду салдат-легiянер, i напышлiва-нахабна пытаецца: 'Куды вядзеш асла без паклажы?' А мой гаспадар, яшчэ не супакоены ад гора ды i не разумеючы лацiнскай мовы, едзе далей, нiчога не адказаўшы. Тады салдат са злосцi, палiчыўшы абразай яго маўчанне i не стрымаўшы свайго жаўнерскага нахабства, стукнуў гаспадара па галаве кiем з вiнаграднай лазы i скiнуў яго з мяне.
Агароднiк пакорлiва апраўдваецца, што не ведае лацiнскай мовы i не можа зразумець, што ён кажа. Тады салдат паўтарае па-грэцку: 'Куды вядзеш гэтага асла?' Агароднiк кажа, што накiроўваецца ў суседнi горад. 'А мне, - кажа той, - патрэбна яго дапамога. Трэба, каб ён разам з iншай уючнай жывёлай перавёз з суседняй крэпасцi рэчы майго камандзiра'. I ўраз хапае мяне за повад i цягне за сабой. Аднак агароднiк, абцёршы з твару кроў, якая пацякла ў яго з раны на галаве пасля ўдару, пачынае ўпрошваць служаку быць ласкавым i лiтасцiвым, заклiнаючы надзеямi на шчаслiвы лёс.
'Вослiк жа гэты, - кажа ён, - ледзь ходзiць ды ад нейкай паганай хваробы штораз падае i ледзь дацягне з суседняга сяла некалькi бярэмаў гароднiны. Ён задыхаецца i ад такой працы, а каб вазiць што-небудзь, дык не можа быць пра гэта i мовы'.
40. Убачыўшы, што не ўламае салдата нiякiмi просьбамi, а яму самому пагражае яшчэ большая небяспека, бо салдат зусiм раз'юшыўся i, павярнуўшы кiй таўсцейшым канцом наперад, можа вось-вось расшчапiць галаву, ён зрабiў выгляд, што нахiляецца да яго калень, каб вымалiць сабе спагаду. I ў той жа момант хапае яго за абедзве нагi, падымае iх высока ўгору, i салдат валiцца з грукатам на зямлю. А тады мой гаспадар пачынае лупцаваць яго па твары, па руках, па баках, працуючы кулакамi, локцямi i зубамi i падхопленым з дарогi каменем.
А той, апынуўшыся на зямлi, не мог адбiвацца цi нават баранiцца, а толькi няспынна пагражаў, што як устане, дык пасячэ яго мячом на кавалкi. Агароднiк не прапусцiў пагрозы мiма вушэй, а адабраўшы i адкiнуўшы чым далей ягоны шырокi меч, зноў нападае на яго i дубасiць яшчэ мацней.
Салдат, лежачы дагары i знясiлеўшы ад пабояў, не бачыць iншага выйсця, як прыкiнуцца мёртвым. Тады агароднiк, захапiўшы з сабой меч, ускоквае на мяне i хуткiм крокам накiроўваецца проста ў горад, не заязджаючы нават у свой агарод.
Там спыняецца ў свайго сябра i расказвае яму ўсю гiсторыю. Адначасова просiць аказаць яму ў такiх жудасных умовах дапамогу - схаваць на некалькi дзён яго i асла, каб прабыць у схове, пакуль мiне небяспека судовага праследавання, якое пагражае яму пакараннем смерцю. Той не забыўся даўняга сяброўства i ахвотна згадзiўся яму памагчы. Мне падагнулi ногi i зацягнулi па драбiне на другi паверх, а сам агароднiк нанiзе ў будане запоўз у нейкi кош i схаваўся там, прыкрыўшыся зверху матай.
41. Тым часам салдат, як я пасля даведаўся, падняўся быццам з вялiкага пахмелля i, кiваючыся, пакутуючы ад мноства ран i апiраючыся на палку, накiраваўся ў горад. Саромеючыся сваёй няўдачы, ён нiкому не расказаў пра здарэнне, моўчкi праглынуў сваю крыўду, але, спаткаўшы нейкiх сваiх сяброў, паведамiў iм аб сваёй бядзе. Супольна ўрадзiлi яны, што пацярпелы будзе нейкi час хавацца ў казармах, бо апроч асабiстай абразы ён баяўся яшчэ адказнасцi за страту мяча, за абразу Генiя, якому ён складаў прысягу. А сябры, распытаўшы пра нашы прыкметы, прыклалi ўсе намаганнi, каб адшукаць нас i расплацiцца. Вядома, сярод суседзяў знайшоўся здраднiк, якi нас выдаў i паказаў, дзе мы знаходзiмся. Тады салдатавы сябры звярнулiся да ўладаў i зрабiлi iлжывую заяву, быццам яны страцiлi на дарозе вельмi дарагi сярэбраны келiх свайго начальнiка, а нейкi агароднiк яго знайшоў i не хоча аддаць, а хаваецца ён у свайго блiзкага знаёмага.
На гэтай падставе чыноўнiкi, разведаўшы ўсё пра нас, прыйшлi да варот нашага сховiшча i голасна пачалi патрабаваць ад гаспадара, каб ён нас, якiх перахоўвае ў сябе, а ў гэтым няма нiякага сумнення, выдаў, бо iнакш уся вiна абрынецца на яго ўласную галаву. А той, зусiм не спалохаўшыся i стараючыся ўратаваць таго, хто яму даверыўся, нi ў чым не прызнаецца i кажа, што ўжо некалькi дзён не бачыў таго агароднiка ў вочы. А салдаты рашуча даказвалi, кленучыся Генiем iмператара, што вiноўнiк хаваецца тут, а не ў iншым месцы. Нарэшце ўлады вырашылi зрабiць у чалавека, якi рашуча адпiраўся, вобыск. Выпраўленым з гэтай мэтай лiктарам i iншым урадоўцам было загадана абшнарыць усе куткi. А тыя пасля вобыску дакладваюць, што нi жувой душы i нiякага асла яны ў доме не знайшлi.
42. Тут разгарэлася яшчэ гарачэйшая спрэчка. Салдаты даказвалi, што мы тут, што гэта iм дакладна вядома, i клялiся iмем Цэзара, а той заклiкаў багоў у сведкi i адмаўляў.
Пачуўшы гэту спрэчку, шум i крык, я, як асёл цiкаўны, неспакойны i дакучлiвы, выцягнуўшы i схiлiўшы набок шыю, стараюся глянуць праз акенца, што значыць гэты гоман. I раптам адзiн з салдатаў кiнуў выпадкова вокам у бок майго ценю i клiча ўсiх на яго зiрнуць. Адразу ўзняўся страшны крык, i праз хвiлiну нейкiя людзi, узлезшы па драбiне, хапаюць мяне i, як палоннага, цягнуць нанiз. А тады, не марудзячы, яшчэ больш уважлiва аглядаюць кожную шчылiну, адкрываюць той кош i знаходзяць няшчаснага агароднiка. Яго выводзяць, перадаюць у рукi ўладам, а тыя вядуць у гарадскую турму, пэўне, на тое, каб у хуткiм часе пакараць смерцю.
А з майго з'яўлення ў якасцi наглядальнiка не перастаюць рагатаць i кпiць. Адтуль i пайшла пашыраная прымаўка пра позiрк i цень асла.
КНIГА ДЗЕСЯТАЯ
1. Не ведаю, што сталася з маiм гаспадаром агароднiкам, а на наступны дзень прыйшоў той самы салдат, якi моцна паплацiўся за сваё слабасiлле, забраў мяне са стойла i, не сустрэўшы нiякага пярэчання, прывёў мяне ў сваю казарму. Тут нагрузiў мяне сваiмi манаткамi, узброiўшы i прыбраўшы цалкам па-ваеннаму, пагнаў па дарозе. Нёс я на сабе блiскучы шлем i яшчэ ярчэйшы шчыт i на завяршэнне кап'ё з даўжэзным, здалёк бачным дрэўкам. Усё гэта ён вылажыў старанна, як належыць у баявым паходзе, зверху, зразумела, не столькi дзеля ваеннай доблесцi, колькi для запалохвання бедных прахожых. Дарога iшла полем, i, прайшоўшы не вельмi цяжкi шлях, мы дабралiся да нейкага гарадка i спынiлiся не ў карчме, а ў доме нейкага дэкурыёна. Салдат здаў мяне адразу нейкаму прыслужнiку, а сам паспешлiва накiраваўся да свайго начальнiка, пад камандай якога знаходзiлася тысяча жаўнераў.
2. Праз некалькi дзён у гэтай мясцовасцi здарылася жудаснае злачынства. Яно засталося ў маёй памяцi, i