яны падслепаватыя, на ўсiх мужчынах пыл, як брудна-белы попел, быццам на кулачных байцах, якiя выходзяць на сутычку не iнакш як абсыпаўшыся дробным пяском.

13. А што я магу сказаць, якiмi колерамi апiсаць маiх таварышаў у стойлах? Якiя старыя мулы, якiя разбiтыя канякi! Збiўшыся каля ясляў i ўсунуўшы туды морды, яны перажоўвалi кучы мякiны. Iхнiя ўсыпаныя болькамi шыi былi напухлыя, друзлыя ад нястрымнага кашлю ноздры расшыраныя, рэбры ад заўсёдных удараў вытыркалiся, грудзi параненыя цвёрдай альфавай лямкай, капыты расплюшчаныя ад вечнага кружэння па адной дарозе, i ўся iхняя шкура пакрыта застарэлай каростай.

Напалоханы выглядам гэтай кампанii, успомнiў я былое жыццё Луцыя i, дайшоўшы да межаў адчаю, панiк галавой i затужыў. У маiм пакутлiвым жыццi засталася адзiная ўцеха: забаўляцца з уласцiвай мне цiкаўнасцю нагляданнем за людзьмi, якiя ў маёй прысутнасцi свабодна, так, як iм падабалася, гаварылi i дзейнiчалi.

Небеспадстаўна генiяльны творца грэцкай паэзii, маючы на мэце паказаць нам мужа найвышэйшага розуму, апяяў чалавека, якi дасягнуў паўнаты мудрасцi ў вандроўках па розных краiнах i ў вывучэннi розных народаў. Я сам з вялiкай удзячнасцю прыгадваю сваё iснаванне ў аслiным выглядзе, бо пад покрывам гэтай скуры, зведаўшы зменлiвасць лёсу, я зрабiўся калi не разважлiвы, дык хоць спрактыкаваны. Вось, напрыклад, цiкавая забаўная гiсторыя, якую хачу вам расказаць.

14. У гэтага млынара, якi набыў мяне ў сваю ўласнасць, добрага i вельмi сцiплага чалавека, была жонка вельмi паганая, шмат горшая за ўсiх iншых жанчын. Яна да такой ступенi парушала закон шлюбнай вернасцi i сямейнага жыцця, што, клянуся Геркулесам, нават я ўздыхаў над лёсам майго гаспадара. Не было такой распусты, з якой не зналася б гэта плюгавая жанчына, усё паскудства сцякалася да яе, быццам у смярдзючую памыйную яму. Злая, шалёная, яна цягалася з мужчынамi, валялася п'яная, упартая, непаслухмяная, прагавiтая, у ганебным марнатраўстве шчодрая, была яна ненавiснiцай вернасцi i ворагам сцiпласцi. Грэбуючы святымi боскiмi законамi, i ганьбячы iх спраўляннем пустых i бязглуздых абрадаў нейкай iлжывай рэлiгii, i даказваючы, што ўшаноўвае адзiнага бога, ашуквала ўсiх людзей i свайго няшчаснага мужа, цэлымi днямi п'янствавала i апаганьвала блудам сваё цела.

15. Гэта шаноўная жанчына праследавала мяне з нейкай дзiўнай нянавiсцю. Яшчэ досвiткам, лежачы ў пасцелi, яна крычала, каб запрагалi ў жорны нядаўна купленага асла. Не паспее выйсцi са спальнi, як ужо крычыць, каб мяне лупцавалi чым найбольш. Калi наставаў час кармлення i ўся ўючная жывёла адпачывала, яна загадвала, каб мяне як мага даўжэй не падпускалi да ясляў. Гэтай сваёй жорсткасцю яна яшчэ больш развiла маю прыродную цiкаўнасць, накiраваўшы яе на сябе i на свой характар. Я чуў, што да яе ў спальню ходзiць адзiн малады чалавек, i мне вельмi захацелася ўбачыць яго твар, але вялiкай перашкодай таму была павязка на вачах. Каб не гэтая павязка, дык мне хапiла б хiтрасцi як-небудзь выкрыць учынкi гэтай подлай жанчыны. Кожны дзень зранку была пры ёй нейкая старая, пасрэднiца ў яе пралюбадзействах, пасыльная яе каханкаў. Спачатку яны разам паснедаюць, пасля частуюцца неразбаўленым вiном, адна адну падбухторваючы на выдумкi, як хiтра ашукаць няшчаснага мужа. I я, хоць моцна абураўся на памылку Фацiды, якая мяне замест птушкi абярнула ў асла, цешыўся ў сваiм няшчасным пераўвасабленнi тым, што дзякуючы вялiкiм вушам я добра чуў, калi гаварылi нават на значнай ад мяне адлегласцi.

16. Аднаго дня данеслiся да маiх вушэй такiя словы гэтай плюгавенькай бабкi: 'Ты сама памяркуй, гаспадынька, трапiўся табе з маёй рады сябра i гультаяваты, i палахлiвы. Варта толькi твайму абрыдламу i ненавiснаму мужыку насупiць бровы, як у таго ўжо душа ў пятках. Ён толькi трывожыць гэтым тваю любоўную прагу. Наколькi ж лепшы Фiлезiтар! Ён i малады, i прыгожы, i шчодры, i не ведае стомы. А як ён спрытна мужоў абалваньвае, скажу табе, што ўсе iхнiя меры засцярогi дарэмныя! Клянуся Геркулесам, што ён адзiн варты карыстацца прыхiльнасцю ўсiх жанчын, адзiны варты залатога вянка, хоць бы за тую незвычайную штуку, якую ён падстроiў гэтымi днямi вельмi спрытна аднаму зайздроснаму мужу. Дык вось паслухай i параўнай, цi ўсе палюбоўнiкi аднолькавыя.

17. Ты ж ведаеш, Барбара, дэкурыёна нашага горада, якога за зласлiвасць i жорсткасць народ празваў Скарпiёнам? Ён сваю вельмi прыгожую, высакародную жонку так сцеражэ, што амаль не выпускае з дому...'

Тут млынарыха перабiвае яе: 'А як жа, вельмi добра ведаю. Ты маеш на ўвазе Арэту, мы з ёй разам вучылiся ў школе!' 'Дык ты, напэўна, ведаеш i ўсю яе гiсторыю?' - кажа старая. 'Зусiм не, - адказвае, - але вельмi жадаю ведаць i прашу цябе, мацi, раскажы мне ўсё па парадку'. Нястомная пляткарка не прымусiла сябе доўга прасiць i пачынае так:

'Надарылася гэтаму Барбару выправiцца ў дарогу, i ён захацеў як найлепш ахаваць ад небяспекi цнатлiвасць сваёй жонкi. Клiча ён да сябе нявольнiка Мiрмекса, якi вызначаўся надзвычайнай вернасцю, i яму аднаму даручае нагляд за гаспадыняй, прыгразiўшы турмой, аковамi, а нават i 'ганебнай смерцю', калi якi-небудзь мужчына нават мiмаходам дакранецца да яе хоць пальцам. Загад гэты ён падмацоўвае клятвай, успамiнаючы ўсiх багоў. Пакiнуўшы напалоханага Мiрмекса за неадступнага павадыра гаспадынi, спакойна рушыць у дарогу. Неўгамонны Мiрмекс, моцна запомнiўшы настаўленнi, не дазваляў зрабiць гаспадынi нi кроку. Цi сядзе яна за прасцiну, цi зоймецца якой iншай хатняй работай, ён сядзiць пры ёй неадступна. А як ёй трэба было памыцца на ноч, толькi тады яна выходзiла з дому, а ён iдзе за ёй па пятах, быццам прылiп, трымаючыся рукой за край яе сукнi. Гэтак старанна выконваў ён даручаны яму абавязак.

18. Аднак ад палкiх вачэй Фiлезiтара не магла схавацца слынная прыгажосць гэтай жанчыны. Падбухтораны i распалены гутаркамi аб яе цнатлiвасцi i вельмi пiльным наглядзе, ён вырашыў пусцiць у ход усе сродкi, каб заваяваць гэты дом з яго непарушна строгiмi парадкамi.

Упэўнены ў нетрываласцi людской вернасцi i ведаючы, што грошы пракладваюць сабе дарогу праз усе перашкоды i што нават сталёвыя дзверы можна зламаць золатам, ён знайшоў спосаб сустрэцца з Мiрмексам сам-насам, расказаў пра сваё каханне i прасiў уважыць яго пакуты. Ён казаў, што развiтаецца з жыццём, калi не даб'ецца свайго ў сама кароткi тэрмiн. А нявольнiку няма чаго баяцца, вечарам, як сцямнее, ён падбярэцца ў дом i хутка выйдзе. Гэтыя свае ўпрошваннi ён падмацоўвае абяцаннем немалога хабару. Прасцiрае руку i паказвае новенькiя блiскучыя залатоўкi, з якiх дваццаць былi прызначаны жанчыне, а дзесяць ахвяроўвалася яму.

19. Спачатку Мiрмекс, напалоханы жудасным, нечуваным намерам, заткнуў вушы i пабег прэч. Але перад яго вачыма ўвесь час стаяў зiхатлiвы бляск золата. I нават калi быў ужо далёка i хуткiм крокам наблiжаўся да дому, у яго вачах стаяла цудоўнае ззянне манет. Багатая здабыча, якой ён у сваiх думках ужо валодаў, прывяла ягоны розум у страшэнны разлад. Думкi яго разбеглiся ў розныя бакi i разрывалi на часткi: там вернасць, тут нажыва, там пакуты, тут асалода. Урэшце золата перамагло страх смерцi. Цяга да цудоўных манет не толькi не зменшылася з часам, а нават сны былi запоўненыя згубнай прагнасцю. I хоць гаспадаровы словы пагрозы не дазвалялi яму выходзiць з дому, золата клiкала яго за дзверы. Перамогшы сваю сарамлiвасць i адкiнуўшы нерашучасць, ён знаёмiць з прапановай гаспадыню. Тая ў сваёй жаночай легкадумнасцi хутка згаджаецца прадаць цноту за ненавiсны метал. Узрадаваны Мiрмекс вырашае канчаткова загубiць сваю вернасць i марыць калi не атрымаць, то хоць дакрануцца да тых грошай, якiя ён на сваё гора ўбачыў. З радасцю паведамляе ён Фiлезiтару, што ягонымi вялiкiмi намаганнямi жаданне маладога чалавека можа быць здзейснена, i патрабуе плату неадкладна.

I вось у яго руцэ, у якой нiколi не было нават медзякоў, залатыя манеты.

20. Як зусiм сцямнела, павёў ён палымянага каханка з захутанай галавой у дом, а пасля i ў спальню гаспадынi.

I толькi пачалi яны аддаваць пашану нованароджанаму каханню, толькi раздзетыя дагала змагальнiкi распачалi сваю службу пад сцягам Венеры, як раптам, зусiм неспадзявана, выкарыстаўшы начны змрок, з'яўляецца муж. I вось ён ужо стукае, крычыць, кiдае каменне ў браму, а дзеля таго, што прамаруджванне пачынае здавацца яму падазроным, пагражае Мiрмексу жорсткай расправай. А той, смяртэльна перапалоханы, не мог нiчога iншага прыдумаць, як толькi тое, што старанна схаваў некуды ключ i цяпер упоцемку не можа знайсцi.

Тым часам Фiлезiтар, пачуўшы гоман, накiнуў паспешлiва тунiку i, забыўшыся з перапуду абуцца, босы выскачыў са спальнi. Нарэшце Мiрмекс устаўляе ключ у адтулiну, адчыняе браму i ўпускае раз'юшанага гаспадара. Той адразу кiдаецца ў спальню, а ў гэты момант Мiрмекс цiхенька выпускае Фiлезiтара. Адчуўшы сябе пасля таго, як юнак пераступiў парог, беспячнейшым, ён замкнуў дзверы i зноў лёг спаць.

21. Ледзь толькi стала свiтаць, Барбар выходзiць са свайго пакоя i бачыць пад ложкам чужыя сандалi, тыя, у якiх прыходзiў Фiлезiтар. Здагадваючыся, якiм спосабам яны тут апынулiся, ён, нiкому нiчога не кажучы, узяў гэтыя сандалi i схаваў сабе за пазуху. А сваiм нявольнiкам загадаў звязаць Мiрмекса i вывесцi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату