кастаньетамi i цымбаламi я, жабрак i бадзяга, зноў рушыў у дарогу. Абхадзiўшы многа хат i двароў, закiроўваемся мы ў адно сяло, пабудаванае, як казалi старажылы, на руiнах багатага калiсьцi горада, i спынiўшыся там у гасцiнiцы, пачулi адну цiкавую любоўную гiсторыю, якая здарылася ў сям'i нейкага бедняка. Хачу вам яе расказаць.
5. Жыў адзiн рамеснiк у вялiкай беднасцi, здабываючы сабе яду марным заробкам. Была ў яго жонка, у якой таксама нiчога не было за душой, але якая славiлася сваёй распушчанасцю. Аднаго дня, як ён толькi выйшаў зранку на работу, у яго хату закраўся нахабны палюбоўнiк. I калi яны бясклопатна аддаюцца справам Венеры, нечакана вяртаецца муж, якi нiчога не ведаў пра гэтыя справы i нават не падазраваў. Застаўшы зачыненымi i замкнёнымi дзверы, ён нават пахвалiў жончыну асцярожнасць, дык стукае ў дзверы i свiшча, каб паведамiць пра сябе. Тут спрытная баба, вельмi знаходлiвая ў падобных сiтуацыях, адпусцiла палюбоўнiка са сваiх абдымкаў i непрыкметна хавае яго ў бочку, якая стаяла ў куце напалову закапаная ў зямлю, але зусiм пустая. Пасля таго яна адчыняе дзверы, але не паспеў муж пераступiць парог, як яна накiдваецца на яго з лаянкай: 'Чаго гэта ты дарма швэндаешся склаўшы рукi? Чаму ты не iдзеш, як звычайна, на работу? Пра наша жыццё не рупiшся! Пра харчы не турбуешся. А я, няшчасная, дзень i ноч гарбею над прадзiвам, каб хоць лямпа ў нашай халупе свяцiла! Не зраўняць майго жыцця з жыццём суседкi Дафны, якая, удосталь наеўшыся i дап'яна напiўшыся, мiлуецца з каханкам'.
6. А муж, збянтэжаны такой сустрэчай, адказвае: 'Што такое? Гаспадар, у якога мы працуем, заняты ў судзе i нас адпусцiў. Але пра тое, як нам сягоння паабедаць, я паклапацiўся. Бачыш гэту бочку? Яна пустуе i толькi дарма займае месца, замiнае, а карысцi з яе нiякай. Дык вось, я прадаў яе аднаму чалавеку за пяць дынараў. Ён ужо тут, зараз расплацiцца i забярэ яе сабе. Ты трохi падаткнi адзежу i памажы мне выцягнуць яе з зямлi, каб аддаць пакупнiку'.
Пачуўшы гэта, ашуканка ўцямiла хутка, як можна скарыстаць гэтыя абставiны, дык адказвае з нахабнай усмешкай:
'Вось i муж мне трапiўся, дык муж! Спрытны гандляр! Рэч, якую я, кабета, седзячы дома, прадала за сем дынарыяў, ён спусцiў за пяць!' Узрадаваны надбаўцы, муж пытаецца: 'Хто ж гэта табе столькi даў?' А яна адказвае: 'Ды ён, дурнiца ты, даўно залез у бочку, каб праверыць, цi моцная яна, цi цэлая?'
7. Палюбоўнiк не прапусцiў без увагi слоў жанчыны i, хутка высунуўшыся, кажа: 'Хочаш ты, гаспадыня, ведаць праўду? Бочка твая ўжо старая i дала шмат трэшчынаў'. А пасля, звяртаючыся да мужа i быццам яго не пазнаючы, дадае: 'Дай мне, калi ласка, хто-небудзь лямпу, каб, саскробшы бруд унутры, я мог убачыць, цi варта яна чаго, бо грошы ж у мяне не крадзеныя. Цi ж не так?'
Доўга не думаючы i нiчога не падазраючы, клапатлiвы i прыкладны муж запалiў лямпу i кажа: 'Вылазь, братка, i пастой сабе, пакуль я сам яе добра не ачышчу'. I, распрануўшыся i забраўшы з сабой свяцiльнiк, пачаў саскрэбваць шматгадовую скарынку гразi i гнiлi. А палюбоўнiк, прыгожы малойчык, нагнуў яго жонку да бочкi i, прымасцiўшыся зверху, старанна апрацоўваў. А да таго яшчэ распусная баба ўсунула галаву ў бочку i, здзекуючыся з мужа, паказвае яму пальцам, дзе скрэбцi: у тым месцы i ў гэтым месцы ды зноў у тым i яшчэ ў гэтым, так аж пакуль абедзве работы не закончылiся.
Пасля гэтага злашчасны рамеснiк, атрымаўшы свае сем дынарыяў, змушаны быў на сваёй спiне занесцi бочку таму жончынаму палюбоўнiку.
8. Сумленныя свяшчэннаслужыцелi, пабыўшы ў той мясцовасцi некалькi дзён, ад'еўшыся i за кошт шчодрай грамады туга набiўшы кашалькi за свае прароцтвы, прыдумалi новы спосаб здабываць грошы. Склаўшы адно агульнае прадказанне на ўсе жыццёвыя выпадкi, дурманiлi людзей, якiя прыходзiлi да iх на раду ў розных жыццёвых справах. А прадказанне iхняе было такое:
'Валы аруць зямлю ў запрэжцы для таго,
Каб збожжу ў будучынi вольна зелянець'.
Калi здаралася, што жанiх з нявестай прасiлi парады, дык адказ патрапляў iх жаданню: звязаныя шлюбам, выгадуюць шматлiкае патомства. Калi звяртаўся да iх чалавек, якi збiраўся купiць зямлю, дык аракул гаварыў правiльна пра валоў, пра запрэжку i пра палi з ураджайнай збажыной. Калi хто хацеў атрымаць боскае прадказанне наконт задуманага падарожжа, дык вось яму гатовая запрэжка з сама спакойных чацвераногiх, а сяўба абяцае прыбытак. Калi хто шукаў адказу, цi ўдала закончыцца чаканая бiтва або праследаванне банды разбойнiкаў, яны запэўнiвалi, што прадказанне спрыяльнае i азначае поўную перамогу, бо галовы валоў, схiленыя ў ярмо, абазначаюць, што так будуць звязаныя ворагi i будзе захоплена вялiкая i багатая здабыча.
Такiм хлуслiвым прароцтвам яны выцягнулi ад людзей нямала грошай.
9. На раду прыходзiлi многiя i часта, дык вычарпалiся iхнiя прароцтвы i яны зноў пусцiлiся ў дарогу, але ў якую! Шмат горшую за тую, па якой мы iшлi аднае ночы. Уся яна была скапаная глыбокiмi равамi, дзе залiтая стаячай вадой, а дзе слiзкая i лiпучая ад балота. Штохвiлiнна спатыкаючыся i падаючы, пакалечыў я сабе ногi i з вялiкiмi цяжкасцямi змог нарэшце выбрацца на роўную дарогу. I раптам даганяе нас атрад коннiкаў, узброеных дроцiкамi. Спынiўшы сваiх разгарачаных скакуноў, яны кiдаюцца на Фiлеба i iншых i, схапiўшы iх за горлы, пачынаюць бязлiтасна бiць, называючы iх гнюснымi святататнiкамi. Пасля ўсiх звязваюць кайданамi, няспынна лаючы i пагражаючы: 'Аддавайце лепш добраахвотна залаты келiх, якi спакусiў вас i падштурхнуў да злачынства. У час набажэнства вы яго цiхенька сцягнулi са святых падушак божай мацi i адразу, быццам можна пазбегнуць кары за такое злачынства, ледзь толькi пачало свiтаць, нiкога не папярэдзiўшы, пакiнулi горад'.
10. Знайшоўся чалавек, якi пачаў абмацваць рэчы на маёй спiне i, запусцiўшы руку пад адзенне багiнi, якую я нёс, на вачах ва ўсiх знайшоў i выняў залаты келiх. Але нават гэты доказ вiны не змог збянтэжыць цi напалохаць гэту брудную шайку. З няшчырым смехам пачалi яны прыдумваць апраўданнi: 'Што за дзiўная i непрыстойная справа! Як жа часта трапляюць пад напасць i небяспеку бязвiнныя людзi! Дзеля нейкага там кiлiшачка, якi Мацi багоў падаравала сваёй сястры Сiрыйскай багiнi, трэба ўзводзiць крымiнальнае абвiнавачанне на справядлiвых служкаў бога!'
Аднак дарма малолi яны языкамi гэту i iншую лухту, сяляне вяртаюць iх назад i, звязаных, кiдаюць у Тулiанум. А той келiх i статую багiнi, якую я вазiў, схавалi ў скарбнiцу святынi як ахвяру. А мяне вывелi на наступны дзень зноў на рынак i, выкарыстаўшы паслугi вяшчальнiка, прадалi на сем нумаў даражэй ад той цаны, якую калiсьцi даў за мяне Фiлеб. Купiў мяне нейкi млынар з суседняга мястэчка. Ён адразу нагрузiў мяне як мае быць тут жа купленым збожжам i пагнаў па цяжкай каранiстай дарозе да млына, дзе працаваў.
11. Там безупынна хадзiла па некалькiх кругах мноства ўючных жывёл, якiя сваiм ходам прыводзiлi ў рух рознага памеру жорны. Машыны круцiлiся не спыняючыся, без адпачынку, i малолi зерне на муку не толькi цэлы дзень, але i ўсю ноч. А мяне мой новы гаспадар, вiдаць, каб я з самага пачатку не напалохаўся сваёй службы, паставiў на волi, быццам знакамiтага iншаземца. Дазволiў мне першы дзень правесцi святочна i шчодра насыпаў у яслi кармоў. Аднак гэта святкаванне не працягвалася даўжэй аднаго дня. Назаўтра зранку ставяць мяне да сама вялiкiх жорнаў i гоняць з завязанымi вачамi па крывой пакручастай баразне, каб, бясконца апiсваючы той самы круг, я не збiваўся з вызначанага шляху.
Хоць, калi быў чалавекам, я не раз бачыў, як прыводзяцца ў рух такiя машыны, але пусцiўся на хiтрасць, i прыкiнуўся някемлiвым, i быццам аслупянеў, нiчога не ведаючы i не разумеючы. Я разлiчваў, што мяне прызнаюць няздатным да гэтай работы i выправяць на лягчэйшую цi наогул пакiнуць у супакоi i будуць кармiць. Ды надарма я прыдумаў такую хiтрасць. Таму што вочы ў мяне былi завязаныя, я не ведаў, што быў акружаны цэлым натоўпам работнiкаў з кiямi, якiя на дадзены знак пачалi з незвычайным крыкам дубасiць мяне з усiх бакоў.
Я так напалохаўся iхняга гiкання, што, пакiнуўшы ўсе свае задумы, налёг з усёй сiлы на лямку, сплеценую з альфы, i з усiх ног пусцiўся па крузе. Гэта раптоўная перамена ў маiх паводзiнах выклiкала ў прысутных агульны смех.
12. Калi прайшла большая частка дня i я зусiм выбiўся з сiл, мяне вызвалiлi з пастронкаў, адвязалi ад жорнаў i завялi да ясляў. Хоць я амаль валiўся ад стомы з ног i памiраў з голаду, хоць мне трэба было аднавiць сiлы, мая неадступная цiкаўнасць трывожыла мяне i не давала супакою. Не дакрануўшыся да шчодра нарыхтаванай мне ежы, я пачаў разглядаць парадкi на гэтым прадпрыемстве. Вялiкiя багi! Якое ж вартае жалю вiдовiшча мяне акружала! Ува ўсiх людзей скура была ў сiняках, падзёртыя лахманы не толькi не закрывалi, як належыць, iх спаласаваных спiнаў, а толькi кiдалi на iх цень. У некаторых кароткая апратка даходзiла толькi да пахвiны, тунiкi на кожным былi такiя, што праз лахманы вiдаць было цела, палова галавы аголена, на лобе кляймо, на нагах ланцугi, твары зямлiстыя, павекi раз'едзеныя дымам i гарачай парай. Усе