зарослы кустамi. Жыццё яго ў страшнай небяспецы, па яго стогнах i па тым, як ён штохвiлiны клiча дзядулю на дапамогу, чую, што ён яшчэ жывы, аднак дзеля сваёй слабасцi памагчы яму не магу. А вы, маладыя i дужыя, лёгка можаце аказаць падтрымку няшчаснаму старому i вярнуць мне жывым i здаровым майго наймалодшага з нашчадкаў i адзiнага парастка'.
21. Ад таго, як ён прасiў, iрвучы свае сiвыя валасы, усiх ахапiў жаль. I адзiн з пастухоў, адважнейшы, маладзейшы i мацнейшы целам, прытым адзiны, хто выйшаў непакалечаны з апошняй сутычкi, хутка падымаецца i, запытаўшы, дзе звалiўся хлопчык, без хiстання iдзе за старым да густых кустоў, куды той паказаў яму пальцам.
Тым часам усе адпачылi, залячылi раны, накармiлi нас i, сабраўшы рэчы, пачалi рыхтавацца ў дарогу. Спачатку доўга клiкалi па iмю таго юнака, нарэшце, занепакоiўшыся яго доўгай адсутнасцю, выправiлi чалавека шукаць таварыша, напомнiць яму, што пара ў дарогу, i прывесцi з сабой.
Праз нейкi час вяртаецца пасланы, смяртэльна бледны, увесь дрыжыць i расказвае дзiўныя справы пра свайго сябра, быццам ён ляжыць дагары амаль увесь з'едзены, над iм сядзiць велiчэзны дракон i абгрызае яго цела, а таго старога i след прапаў. Пачуўшы гэта i параўнаўшы расказ пасланага з тым, што казаў пастух, нашы важакi зразумелi, што дракон i з'яўляецца тым лютым жыхаром гэтай мясцовасцi. Дык, пакiнуўшы небяспечную ваколiцу, шпарка пускаюцца наўцёкi, падганяючы нас частымi ўдарамi кiёў.
22. Паспешлiва прайшоўшы даволi значную адлегласць, спынiлiся мы ў нейкай вёсцы, дзе i адпачывалi ўсю ноч. Там адбылося вартае ўспамiну здарэнне, пра якое я хачу расказаць.
Нейкi нявольнiк, якi з даручэння гаспадара кiраваў усёй яго гаспадаркай i, апроч таго, загадваў вялiкiм маёнткам, тым самым, дзе мы спынiлiся, жыў тут i быў жанаты з нявольнiцай з таго самага дому, але меў гарачую схiльнасць да нейкай вольнай жанчыны ў суседстве. Яго жонка, пакрыўджаная здрадай, спалiла ўсе яго рахунковыя кнiгi i ўсё, што захоўвалася ў свiрне. Аднак, не адчуваючы сябе яшчэ цалкам задаволенай i палiчыўшы, што такая страта з'яўляецца недастатковай помстай за апаганенне яе шлюбнай пасцелi, звярнула гнеў супраць самой сябе. Усунуўшы галаву ў пятлю i прывязаўшы да сябе народжанае ад таго ж мужа дзiця, яна разам з iм кiнулася ў глыбокую студню.
Гаспадар, даведаўшыся пра гэту смерць, вельмi разгневаўся на свайго нявольнiка, якi давёў жонку да такога ўчынку, загадаў схапiць яго, распрануць, вымазаць усяго мёдам i моцна прывязаць да фiгавага дрэва. А ў дупле гэтага дрэва быў мурашнiк, i мурашкi там, снуючы туды i сюды, аж кiшэлi. Як толькi дайшоў да iх салодкi мядовы водар ад цела прывязанага чалавека, яны пачалi глыбока ўпiвацца ў яго хоць дробнымi, але незлiчонымi i няспыннымi ўкусамi. Доўга рвалi яны яго i, з'еўшы мяса i ўсе вантробы, начыста абгрызлi ўсяго. I застаўся прывязаны да дрэва толькi сляпучай белiзны шкiлет.
23. Пакiнуўшы гэту агiдную мясцовасць, дзе засталiся засумаваныя людзi, мы падалiся далей i, вандруючы цэлы дзень па раўнiннай дарозе, вельмi стомленыя, дайшлi да нейкага шматлюднага славутага горада. Тут тыя пастухi, спакушаныя чуткамi аб багаццi прадуктаў i спадзеючыся знайсцi бяспечнае сховiшча ад магчымых праследаванняў, вырашылi асталявацца назаўсёды. Далi сваёй уючнай жывёле тры днi адпачынку, каб мы аднавiлi сiлы, набылi лепшы выгляд i каб лягчэй было нас прадаць, а пасля вывелi на рынак. Калi вяшчальнiк гучным голасам назваў цану кожнага з нас, конi i аслы былi раскуплены багатымi грамадзянамi, а каля мяне, якi застаўся ў адзiноце, праходзiлi з пагардай. Мне надакучыла абмацванне пакупнiкамi, якiя па зубах хацелi пазнаць мой узрост, дык калi адзiн з iх пачаў ужо каторы раз пароцца смярдзючымi рукамi ў маiх дзяснах, я схапiў зубамi яго брудную смуродную руку i моцна скалечыў. Гэта здарэнне адштурхнула ад куплi людзей, якiя мяне акружалi, бо яны палiчылi мяне дзiкай жывёлiнай.
Тады вяшчальнiк, надрываючы горла да хрыпаты, пачаў жартаўлiвымi прымаўкамi ўслаўляць мае якасцi: 'Цi доўга яшчэ давядзецца нам выводзiць на продаж гэтага каня, старога, слабога, з разбiтымi нагамi, пачварнага ад хвароб i ўсё ж, нягледзячы на яго тупасць i гультайства, наравiстага, прыдатнага хiба што на рэшата для жвiру? Калi б яго каму-небудзь аддаць задарма, дык шкада на яго кармоў!'
24. Такiм лямантам выклiкаў вяшчальнiк у прысутных рогат. Аднак мой бязлiтасны лёс, ад якога я не мог уцячы, куды б нi кiдаўся, гневу якога не мог аслабiць раней перанесенымi пакутамi, зноў скiраваў на мяне свае сляпыя вочы i цудоўным спосабам прыслаў сама адпаведнага для маiх жорсткiх выпрабаванняў пакупнiка. Толькi паслухайце: распуснiка, старога лысага распуснiка, упрыгожанага вiсячымi кудзеркамi, аднаго з тых адкiдаў натоўпу, якiя, пастукваючы ў кастаньеты i сiстры, жабруюць па гарадах i вёсках, возячы з сабой выяву Сiрыйскай багiнi. Загарэўшыся жаданнем мяне купiць, ён пытаецца, адкуль я родам. Той адказвае, што я з Кападакii i даволi мацнаваты. Пакупнiк далей цiкавiцца маiм узростам, а ацэншчык адказвае жартам: 'Нейкi астролаг, складваючы ягоны гараскоп, лiчыў яго пяцiгадовым, зрэшты, аб гэтым найлепш ведае ён сам па запiсах, зробленых яго бацькамi ў спiсе грамадзян. Хоць я рызыкую саграшыць супраць Карнелiевага закону, калi замест нявольнiка прадам табе рымскага грамадзянiна, але ты купiш вернага слугу, якi i ў дарозе i дома можа табе спатрэбiцца'.
Але тут ненавiсны пакупнiк пачаў задаваць пытанне за пытаннем i нарэшце з трывогай пацiкавiўся, цi спакойны я.
25. А вястун адказвае: 'Авечка перад табой, а не асёл, усякую працу выконвае спакойна, не кусаецца, не брыкаецца, можна сказаць, проста сцiплы чалавек у аслiнай шкуры. Гэта i праверыць не цяжка. Усунь твар памiж яго кумпякоў i ўбачыш, якую пакажа ён рахманасць'.
Гэтак кпiў вяшчальнiк з распуснiка, а той, зразумеўшы, што з яго насмiхаюцца, абурыўся i выкрыкнуў:
'А цябе, падлу, няхай зробiць усемагутная ўсёнараджальнiца Сiрыйская багiня, святы Сабадзi, Белона, iдэйская мацi i валадарка Венера са сваiм Адонiсам сляпым, глухiм i дурнаватым крыкуном за тое, што столькi часу ты дурыш мне галаву сваiмi бязглуздымi жартамi! Што ты думаеш, дурань, што я магу даверыць багiню непакорлiвай уючнай жывёлiне, каб яна раптоўным штуршком скiнула боскае адлюстраванне, а я, няшчасны, буду змушаны бегаць з раскудлачанымi валасамi i шукаць лекара маёй знявечанай багiнi?'
Пачуўшы гэта, я раптам уздумаў падскочыць па-вар'яцку, каб мяне палiчылi непакорлiвым i дзiкiм i каб торг не адбыўся. Аднак маю задуму папярэдзiў неспакойны пакупнiк, якi паспешлiва заплацiў за мяне семнаццаць дынараў, а гаспадар рад быў ад мяне пазбавiцца i з прыемнасцю забраў грошы. Ён узяў мяне за вуздэчку, сплеценую з альфы, i перадаў повад Фiлебу - так зваўся мой новы ўладальнiк.
26. А той, атрымаўшы новага слугу, павёў мяне да свайго жылля i, ледзь ступiўшы на парог, закрычаў: 'Дзяўчаткi, вось я вам з рынку нявольнiка прывёў!' А дзяўчаты тыя аказалiся гуртам распуснiкаў, якiя ўмомант загаманiлi нястройным хорам ламаных, хрыплых i пiсклiвых галасоў, думаючы, што з'явiўся для iхнiх паслуг сапраўдны нейкi раб. Убачыўшы, што не дзева падменена ланню, а мужчына аслом, яны наморшчылi насы i пачалi ўсяк кпiць са свайго настаўнiка, кажучы, што ён купiў не раба, а сабе мужа.
'Глядзi толькi, - казалi, - не зжары адзiн такога дзiвоснага кураняцi, дай i нам, сваiм галубкам, часам iм пакарыстацца'.
Гэтак пустасловячы мiж сабой, яны прывязалi мяне на дварэ да ясляў. Быў сярод iх нейкi юнак дзябёлага целаскладу, умелец iгры на флейце, куплены iмi на рынку за ахвяраваннi, якiя яны збiралi. Калi яны насiлi па ваколiцах статую багiнi, ён хадзiў разам з iмi, iграў на трубе, а дома служыў усiм без разбору прадметам заспакаення ненармальнага юру.
Як толькi ён мяне ўбачыў, ахвотна i шчодра насыпаў мне корму i весела загаварыў: 'Нарэшце ўсё ж з'явiўся намеснiк у няшчаснай маёй працы! Жывi толькi чым найдаўжэй i дагадзi гаспадарам, каб адпачылi мае стомленыя бакi'.
Пачуўшы гэта, я задумаўся аб тых, што чакалi мяне, пакутах.
27. На другi дзень, прыбраныя ў рознакаляровыя пярэстыя вопраткi, бязглузда размаляваўшы твары фарбай брудна-бурага колеру i па-майстэрску падвёўшы вочы, выступiлi яны, прыхарашыўшыся жаночымi намiткамi i шафранавымi сукенкамi з палатна i шоўку. На некаторых з iх былi белыя тунiкi, падперазаныя паясамi, размаляваныя ў вузкiя пурпурныя палоскi на падабенства маленькiх коп'яў у палёце, на нагах былi жоўтыя туфлi.
Фiгуру багiнi, захутаную ў шаўковае пакрывала, яны ўзлажылi на мяне, а самi, агалiўшы рукi да плячэй, неслi вялiкiя мячы i сякеры i, узбуджаныя гукам флейты, з падскокамi выконвалi свой шалёны святы танец. Мiнуўшы шмат хацiн, яны спынiлiся каля дома багатага гаспадара, i ў той жа момант паветра напоўнiлася непрыстойным лямантам, а яны пачалi насiцца, апусцiўшы галовы, хуткiмi рухамi паварочваючы шыi, так што звiслыя валасы развявалiся, утвараючы кола. Некаторыя на бягу кусалi свае плечы i нарэшце двухсечнымi нажамi, якiя мелi пры сабе, пачалi паласаваць свае рукi. Асаблiва стараўся адзiн: з глыбiнi яго грудзей вырывалася парывiстае дыханне, i ён выяўляў дзiкую непрытомнасць, быццам на яго сышоў святы дух,