ўжо апошнi слуп на iпадроме дня абагнула, калi ў вечаровай цiшынi ахапiў мяне дабратворны сон.

КНIГА АДЗIНАЦЦАТАЯ

1. Каля першай начной варты, раптам у сполаху прачнуўшыся, бачу незвычайна блiскучы поўны дыск месяца, што якраз падымаўся з марскiх хваль. Неспадзявана стаўшы сведкам начной таямнiцы, ведаючы, што валадарства вярхоўнай багiнi прасцiраецца асаблiва далёка i яе воля кiруе ўсiм нашым светам, што цудоўныя загады гэтага боскага свяцiла прыводзяць у рух не толькi свойскую жывёлу i дзiкiх звяроў, а нават i неадушаўлёныя прадметы, што ўсе рэчы на зямлi, на небе i на моры згодна з яго ўзрастаннем павялiчваюцца, а з убываннем змяншаюцца, палiчыўшы, што лёс ужо здаволiўся маiмi такiмi шматлiкiмi i цяжкiмi бедамi i дае мне надзею на выратаванне, хоць i спозненае, я надумаўся звярнуцца з малiтвай да царскага аблiчча свяшчэннай багiнi, якое стаяла перада мной.

Без прамаруджвання, скiнуўшы з сябе лянiвую млявасць, я бадзёра ўскокваю i з жаданнем тут жа падпасцi пад ачышчэнне сем разоў апускаю сваю галаву ў марскую тонь дзеля таго, што гэты лiк быў яшчэ боскiм Пiфагорам прызнаны за найбольш адпаведны для рэлiгiйных абрадаў. Пасля таго, звярнуўшы да магутнай багiнi свой зрошаны слязамi твар, так гавару:

2. 'Уладарыца нябёсаў, цi ты, Цэрэра, святая мацi раслiн, якая, нарадзiўшы зноў дачку, з радасцi лiквiдавала жалуды, дзiкiя вясковыя харчы, паказаўшы людзям далiкатную прыемную ежу, i жывеш ты ў Элеўсiнскай зямлi; цi ты, нябесная Венера, якая, нарадзiўшы ў пачатку вякоў Амура, злучыла два розныя полы i, памнажаючы вечнай плоднасцю людскi род, цяпер на святым Пафасе, што абмываецца морам, атрымоўваеш пашану; цi ты, сястра Феба, што з лiтасцiвай дапамогай прыходзiш у час родаў i, вырасцiўшы столькi народаў, праслаўляешся цяпер у вядомай Эфескай святынi; цi ты, Празерпiна, якая начнымi завываннямi наводзiш жах, што трайным сваiм выглядам утаймоўваеш нацiск злых духаў, над падземнымi цямнiцамi валадарыш, па розных гаях блукаеш, розныя пакаленнi прымаючы. О Празерпiна, якая сваiм жаночым ззяннем кожны дом асвятляеш, вогкiмi праменямi пасевы ўскормлiваеш, а як сонца хаваецца, нявернае святло сваё нам пралiваеш! Як бы ты нi звалася, якiмi абрадамi i ў якiм выглядзе нi належыць цябе ўшаноўваць, прыйдзi на дапамогу ў бясконцых маiх няўдачах, прышлi мне супакой i адпачынак, падтрымай мой хiсткi лёс, спынi бязлiтасныя беды! Здымi з мяне вобраз дзiкай чацвераногай жывёлiны, вярнi мяне вачам маiх блiзкiх, вярнi мяне майму Луцыю! А калi мяне праследуе з няўмольнай лютасцю якi-небудзь абражаны мною бог, дык хай будзе дадзена мне смерць, калi не дадзена жыць'.

3. Вылiўшы такiм спосабам сваю душу ў малiтве, з жаласлiвым галашэннем зноў апускаюся на сваё месца, i маю стомленую душу ахоплiвае сон. Але не паспеў я стулiць павек, як раптам з сярэдзiны мора памалу ўзнiмаецца боскае аблiчча, якое сваiм выглядам выклiкае пашану. А пасля, выходзячы памалу з марской тонi, з'явiлася перада мной i ўся прамянiстая постаць. Пастараюся перадаць i вам гэту дзiўную з'яву, калi не стане мне на перашкодзе беднасць людскiх слоў цi калi само боства сашле мне багаты i шчодры дар магутнага красамоўства.

Перш за ўсё густыя доўгiя валасы, непрыкметна разабраныя на пасмы, свабодна i мякка рассыпалiся па цудоўнай шыi. Самы верх галавы акружаў вянок з усякiх стракатых кветак, а пасярэдзiне над лобам круглая пласцiнка выпраменьвала яснае святло, быццам люстэрка цi мо верная адзнака багiнi Луны. Злева i справа завяршалi круг звiвiстыя змеi, што цягнулiся ўгору, а таксама каласы збожжа, якiя ўзнiмалiся над усiм. Яе рознакаляровая сукня з тонкага шоўку то ззяла беллю, то станавiлася залацiста-жоўтай, як шафран, то палымнела чырванню ружы. Але найбольш уразiў мяне яе чорны плашч, якi адлiваў цёмным бляскам. Абвiўшыся навакол цела i пераходзячы на спiне з правага клуба на левае плячо, як рымскiя тогi, ён павiсаў тугiмi складкамi, а краi яго былi абшыты махрамi.

4. Уздоўж аблямоўкi i па ўсёй паверхнi плашча то тут, то там былi вышыты мiгатлiвыя зоркi, памiж якiмi месяц выпраменьваў сваё палымянае ззянне. А там, дзе ападала хвалямi гэта дзiўнае покрыва, з усiх бакоў была вышыта суцэльная гiрлянда з усiх, якiя iснуюць, кветак i пладоў. У руках у яе былi зусiм не падобныя адзiн на адзiн падметы. У правай трымала мядзяную бразготку, вузкая аснова якой, выгнутая ў колца, перасякалася трыма маленькiмi пруточкамi, i ўсе разам яны пры патрасаннi выдавалi пранiзлiвы звон. А на левай руцэ вiсела чара ў выглядзе лодачкi, на ручцы якой з правага боку высока падымаў галаву аспiд з непамерна раздзьмутай шыяй. Духмяныя ступнi былi абутыя ў сандалi, зробленыя з пераможных пальмавых лiстоў. Вось у гэтакiм выглядзе, у такiм уборы, дыхаючы водарам Шчаслiвай Арабii, удастоiла яна мяне сваiм боскiм прадраканнем:

5. 'Вось перад табою, Луцый, узрушаная тваiмi ўмольваннямi, я, мацi прыроды, панi ўсiх стыхiяў, першапачатковае нараджэнне часу, найвышэйшая памiж бостваў, валадарнiца душ памерлых, першая сярод нябесных жыхароў, адзiнае адлюстраванне ўсiх багоў i багiняў, знаку якой падуладныя нябёс блакiтнае скляпенне, гаючыя подыхi мора, плакучая бязмоўнасць апраметнай. Мяне, адзiную ўладарнiцу, ушаноўвае пад шматлiкiмi вобразамi рознымi абрадамi, пад рознымi iмёнамi ўвесь свет. Фрыгiйцы, першынцы чалавецтва, называюць мяне Песiнуцкай мацi багоў, спрадвечныя жыхары Атыкi - Мiнервай Кекранiцкай, кiпрыёты, абмываныя морам, - Пафiйскай Венерай, крыцкiя стральцы - Дыянай Дыктынскай, трохмоўныя сiцыльцы - Стыгiйскай Празерпiнай, элеўсiнцы - Цэрэрай, старадаўняй багiняй, адны - Юнонай, iншыя - Белонай, тыя - Гекатай, гэтыя - Рамнузiяй, а эфiопы, якiх асвятляюць першыя промнi сонца на ўсходзе, арыi i багатыя старажытнай вучонасцю эгiпцяне ўшаноўваюць мяне так, як i трэба, называючы мяне маiм сапраўдным iмем - царскай Iзiдай.

Вось я перад табой, спачуваючы тваiм бедам, вось я, добразычлiвая i мiласэрная. Пакiнь плач i скаргi, ганi прэч скруху, ужо па маiм жаданнi займаецца для цябе дзень збаўлення. Дык слухай уважлiва ўсе мае наказы. Дзень, якi народзiцца з гэтай ночы, здаўна прысвячаецца мне. Зiмнiя непагоды супакойваюцца, бурныя хвалi зацiхаюць, мора робiцца даступным для плавання, i мае жрацы, спускаючы судна на ваду, прысвячаюць яго мне ў якасцi першынца мараходства. Чакай гэтага абраду спакойна i набожна.

6. Ведай, што паводле майго навучання, якраз у час працэсii ў жраца ў правай руцэ будзе вянок з руж. Дык не марудзь нi хвiлiны, а, рассунуўшы натоўп, бадзёра далучайся да працэсii, кiруючыся маiмi дазволамi, i, падышоўшы зусiм блiзка, асцярожна, быццам ты хочаш пацалаваць жрацову руку, сарвi ружы i скiнь з сябе ў той жа момант гэту мярзотную i ўжо даўно мне ненавiсную звярыную шкуру. Нiчога не бойся, бо выпаўнiць мае настаўленнi цяжка не будзе. У гэту ж самую хвiлiну, калi я з'яўлюся табе, я знаходжуся i ў iншым месцы, каля майго жраца, i папярэджваю яго ў сне аб тым, што здарыцца, i навучаю, як трэба дзейнiчаць. Па маiм загаду густы натоўп расступiцца i дасць табе дарогу, твая пачварная знешнасць нiкога не збянтэжыць у час вясёлага шэсця i святочных вiдовiшчаў, а тваё нечаканае ператварэнне не выклiча нiякага падазрэння i варожасцi. Але запомнi чым наймацней i назаўсёды захавай у сваiм сэрцы, што рэшту свайго жыцця аж да апошняга ўздыху ты прысвяцiш мне. Справядлiвасць вымагае, каб той, чыё дабрадзейства верне цябе да людзей, належала ўсё тваё жыццё. Ты будзеш жыць шчаслiва, ты будзеш жыць пад маёй апекай i калi, закончыўшы свой жыццёвы шлях, сыдзеш у краiну мёртвых, ды, як бачыш мяне сягоння тут, так i там, у тым падземным паўкрузе знойдзеш мяне, якая прасвятляе змрок Ахеронта, уладарнiцай Стыгiйскiх тайнiкоў i сам, знаходзячыся на Элiзейскiх палях, будзеш мне, мiласэрнай да цябе, старанна пакланяцца. Калi ж прыкладнай паслухмянасцю, выкананнем абрадаў, непахiснай цнатлiвасцю ты дагодзiш нашай боскай волi, дык ведай, што толькi я маю ўладу прадоўжыць тваё жыццё звыш вызначанага тэрмiну'.

7. Давёўшы да канца сваё поўнае зычлiвасцi прадказанне, непераможная багiня знiкла. Разам са сном пакiдае мяне страх, я ўскокваю з такой радасцю, што аж выступiў на мне пот. Моцна ўсхваляваны такой выразнай прысутнасцю багiнi, я зноў апускаюся ў марскую ваду i, каб не забыць яе вялiкiх наказаў, абнаўляю ў памяцi па парадку ўсё, пра што яна мне гаварыла.

Неўзабаве знiк туман цёмнай ночы, усходзiць залатое сонца, i вось ужо ўсе вулiцы запаўняюць набожныя натоўпы, радуючыся, як i ў час трыумфальнага шэсця. Не гаворачы пра ўздым майго настрою, мне здавалася, што i ўсё невокал незвычайна вясёлае. Усякая жывёлiна, кожны дом i сам ясны дзень выдаюць мне напоўненымi радасцю. Пасля ўчарашняга холаду настала спакойная сонечная пагода, загулi прыгожыя хоры разбуджаных веснавым цяплом птушак, якiя далiкатнымi трэлямi ўслаўлялi мацi зор i пораў года, валадарнiцу ўсяго свету. Нават дрэвы, i пладаносныя, якiя прыносяць багаты ўраджай, i бясплодныя, якiя абмяжоўваюцца толькi тым, што даюць цень, пад подыхам паўднёвага ветру паблiскваюць свежымi лiсточкамi, цiха калышуць галiнкамi i выдаюць мяккi шэлест. Зацiх шум навальнiц, уляглiся раз'юшаныя хвалi, мора спакойна набягае на бераг, разышлiся цёмныя хмары i ззяе блакiтам чыстае i яснае неба.

8. Вось з'яўляюцца першыя ўдзельнiкi велiчнай працэсii, кожны апрануты па-святочнаму на свой густ i выбар. Той з ваенным поясам выяўляў салдата, гэтага падкасаны плашч, сандалi i рагацiна ператварылi ў паляўнiчага, iншы ў пазалочаных камашах, у шаўковым убраннi, каштоўных упрыгожваннях, з заплеценымi ў косы валасамi плаўнай паходкай наследаваў жанчыну. Далей нехта выступае ў шлеме са шчытом i мячом,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату