Клянуся Геркулесам, ён шчаслiвы i святы. Напэўна заслужыў ён такую ласку неба сваiм незаплямленым папярэднiм жыццём i верай, дык цяпер, пасля ў нейкай ступенi другога нараджэння, стане ён на шлях свяшчэннага служэння'.

Сярод такiх выкрыкаў, сярод святочных вiншаванняў i малiтваў натоўпу, рухаючыся памалу, мы наблiжаемся да марскога берага i даходзiм якраз да таго месца, дзе напярэдаднi ляжаў я, будучы аслом. Парасстаўлялi там у адпаведным парадку свяшчэнныя выявы багоў, i вярхоўны жрэц, вымаўляючы чыстымi вуснамi найсвяцейшыя малiтвы, запаленым факелам, яйкам i серкай ачышчае вышэйшым ачышчэннем умела змайстраваны i з усiх бакоў дзiўнымi малюнкамi на эгiпецкi лад страката размаляваны карабель. Гэты падарунак прыносiцца багiнi ў ахвяру. На блiскучым ветразi шчаслiвага судна былi вытканы залатыя лiтары, якiя складвалiся ў зычэнне ўдалых плаванняў. Мачтай была круглая сасна, блiскучая, з выдатным верхам, так што прыемна было глядзець. Карма была выгнутая ў форме гусiнай шыi i пакрытая лiставым золатам, ярка блiшчала, а ўвесь корпус са светлай палiраванай туi цешыў зрок. Тут увесь натоўп, як пасвечаныя, так i непасвечаныя, наперабой падносяць кашы з пахучымi травамi i iншымi рознымi падарункамi i праводзяць узлiванне на ваду малочнай полiўкi.

Нарэшце, калi ўжо карабель напоўнiўся шчодрымi прынашэннямi i пажаданнямi шчаслiвага плавання, абразаюць якарныя канаты i, аддаўшы спадарожнаму i спакойнаму ветру, пускаюць яго ў мора. А калi судна было на такой адлегласцi, што амаль хавалася ад нашых вачэй, насiльшчыкi зноў узялi прынесеныя iмi свяшчэнныя прадметы i, як раней, пышнай працэсiяй хуткiм крокам падалiся ў бок святынi.

17. Калi мы падышлi да самага храма, вялiкi жрэц, насiльшчыкi свяшчэнных выяў i тыя, што ўжо былi раней пасвечаны ў высокашаноўныя таямнiцы, увайшоўшы ў свяцiлiшча багiнi, параскладалi там у належным парадку ўсе святасцi. А тады адзiн з iх, якога ўсе называлi пiсцом, стаўшы насупраць дзвярэй, склiкаў пастафораў (так называлася гэта свяшчэнная калегiя), быццам на сход, i, падняўшыся на падвышэнне каля тых самых дзвярэй, пачаў чытаць з кнiгi напiсаныя ў ёй малiтвы.

Малiтвы гэтыя былi аб шчасцi iмператара, паважанага сената, коннiкаў i ўсяго рымскага народа, аб караблях i мараках i аб усiм, што падуладна нашай дзяржаве, i скончылася чытанне паводле грэцкага абраду грэцкiм заклiкам: 'Цяпер iдзiце дамоў, служба закончана'. У адказ пранеслiся крыкi народа, якi выказваў пажаданнi, каб гэтыя словы ўсiм прынеслi ўдачу.

З кветкамi, з галiнкамi ў руках i з вянкамi радасныя грамадзяне, пацалаваўшы ступнi сярэбранай статуi багiнi, што стаяла на ўсходках храма, разышлiся па сваiх сялiбах. А я не мог адважыцца нi на крок адысцiся ад гэтага месца i, не спускаючы вачэй з выявы багiнi, перабiраў у памяцi перажытыя мною нягоды.

18. Тым часам легкакрылая чутка не ленавалася i не давала сваiм крылам адпачынку. Зараз жа пайшлi ў мяне на радзiме чуткi пра небывалую прыхiльнасць да мяне божага промыслу i пра мой славуты лёс. Мае сябры, любiмыя рабы i ўсе мае блiзкiя родзiчы, адкiнуўшы скруху, у якую акунула iх iлжывая вестка пра маю смерць, у вялiкай радасцi спяшаюцца да мяне з рознымi падарункамi, каб зiрнуць на таго, хто вярнуўся на свет з апраметнай. У мяне ўжо не было надзеi iх убачыць, i таму я быў надзвычай рады i з прыемнасцю прымаў iхнiя шчырыя прынашэннi. Мае блiзкiя паклапацiлiся забяспечыць мяне ўсiм неабходным для бязбеднага iснавання.

19. Пагаварыўшы, як належыць, з кожным з iх i расказаўшы аб перажытых нягодах i цяперашняй радасцi, я зноў звярнуў усю сваю ўвагу на багiню. Наняўшы за агароджай памяшканне, наладжваю сабе часовае жыллё, наведваю богаслужэннi, пакуль што нiжэйшай ступенi, не расстаюся са жрацамi, стаўшы неадступным паклоннiкам вялiкага боства. Нi адна ноч, нi адзiн дзень, нi сон не мiналi ў мяне без таго, каб я не бачыў багiнi i не атрымлiваў ад яе настаўленняў. Частымi загадамi яна пераконвала мяне прыняць нарэшце пасвячэнне ў яе таямнiцы, да якiх я даўно быў прызначаны. Хоць я i гарэў жаданнем падпадпарадкавацца гэтым загадам, але мяне стрымлiваў свяшчэнны страх, бо я лiчыў надзвычай цяжкай справай безадказнае падпарадкаванне святынi, i нялёгкай задачай здавалася мне захаванне цнатлiвасцi i ўстрыманасцi. Жыццё напоўнена ўсякiмi выпадковасцямi, яно патрабуе асцярожнасцi i абачлiвасцi. Абмяркоўваючы ўсё гэта, я хоць i iмкнуўся хутчэй прыняць пасвячэнне, неяк адкладваў выкананне свайго намеру.

20. Аднойчы прыснiлася мне, што з'яўляецца да мяне вярхоўны жрэц, несучы штосьцi ў поўным аж да верху падоле. На маё пытанне, што гэта i адкуль, ён адказвае, што гэта мая доля з Фесалii, i таксама, што адтуль вярнуўся мой раб Кандзiд. Прачнуўшыся, я вельмi доўга думаў пра гэты сон, жадаючы адгадаць, што б ён мог значыць. Апроч таго, у мяне нiколi не было раба з такiм iмем. Але ў кожным разе я разлiчваў, што прысланая доля абазначае нейкi прыбытак. Занепакоены i ўсхваляваны надзеяй на нейкую ўдачу i даход, я чакаў, калi адчыняць храм. Калi рассунулiся беласнежныя заслоны, мы звярнулiся з малiтвамi да шанаванай выявы багiнi. Жрэц абышоў усе алтары, праводзячы богаслужэнне i вымаўляючы ўрачыстыя малiтвы, а ўрэшце, зачэрпнуўшы вады са святой крынiцы, выканаў вылiванне з келiха. Зрабiўшы ўсё паводле свяшчэннага абраду, набожныя служыцелi багiнi вiтаюць усход сонца i зычнымi галасамi абвяшчаюць першую гадзiну дня.

I вось у гэту самую хвiлiну з'яўляюцца, даведаўшыся аб маiх прыгодах, проста з Гiпатыi, дзе я пакiнуў iх тады, мае слугi. Яны былi там, дзе Фацiда заблытала мяне ў свае каварныя сецi, i прывялi з сабой нават майго каня, якi не раз пераходзiў з рук у рукi i ўрэшце быў знойдзены па асаблiвай адмецiне на хрыбце. Прарочаму значэнню майго сну я дзiвiўся тым больш, што апрача дакладна выкананага абяцання адносна прыбытку рабу Кандыду адпавядаў вернуты мне конь, якi быў белай масцi.

21. Пасля гэтага выпадку я яшчэ больш старанна ўзяўся за спраўлянне рэлiгiйных абрадаў, бо спадзяванне на будучыню падтрымлiвала ўва мне сягонняшняе дабрадзейства. З дня на дзень усё мацней i больш прасякала мяне жаданне прыняць пасвячэнне, i я не адставаў ад вярхоўнага жраца са сваiмi гарачымi просьбамi, каб ён нарэшце пасвяцiў мяне ў таямнiцы свяшчэннай ночы. А ён, чалавек наважны i вядомы строгiм захоўваннем рэлiгiйных законаў, сцiпла i ветлiва, як звычайна бацькi стрымлiваюць няўчасныя жаданнi сваiх дзяцей, адхiляў маю настойлiвасць, пацяшаючы i супакойваючы мяне ў маiм парыве добрымi надзеямi.

'Нават дзень, - казаў ён, - у якi можна пасвячаць таго цi iншага чалавека, паказваецца божымi знакамi, i жрэц, якому прыйдзецца выканаць абрад, выбiраецца тым самым прызначэннем, а нават неабходныя расходы на цырымонiю ўстанаўляюцца звышнiм загадам'. Дзеля гэтага ён лiчыў, што мне трэба ўзброiцца немалой цярплiвасцю, высцерагаючыся прагнасцi i фанабэрыстасцi, i старацца пазбягаць абедзвюх крайнасцяў. Калi ёсць паклiканне, дык не трэба спяшацца. I невядома, цi знойдзецца сярод жрацоў чалавек, настолькi пазбаўлены розуму, i нават больш, якi б асудзiў сам сябе на загубу, асмелiўшыся без спецыяльнага загаду багiнi выканаць такi дзёрзкi i святатацкi ўчынак i падставiў сябе смяротнай небяспецы. Вядома ж бо, што i ключы ад апраметнай i апора збаўлення ў руках у багiнi. Ды i звычай гэты ўстаноўлены да падабенства добраахвотнай смерцi i дараванага з лiтасцi збаўлення. Багiня звычайна намячае сваiх выбраннiкаў з тых, якiя, ужо закончыўшы жыццёвы шлях i стоячы на парозе апошняга дыхання, тым лепш могуць захаваць у маўчаннi вялiкую таямнiцу нябеснага вучэння. Яе воляй гэтыя, быццам другi раз народжаныя, атрымлiваюць магчымасць пачаць свой шлях да збаўлення яшчэ раз. Вось гэтак i мне трэба чакаць знаку, хоць зусiм ясна, што высокiм прысудам вялiкага боства я даўно ўжо паклiканы i прызначаны да набожнага служэння. Аднак i цяпер я павiнен ужо побач з iншымi служыцелямi храма паўстрымоўвацца ад недазволенай i нячыстай ежы, каб тым хутчэй дасягнуць да схаваных таямнiц найчысцейшай веры.

22. Так разважаў стары, i маё служэнне не парушалася ўжо нецярпеннем, але, паглыбiўшыся ў цiхi супакой i ў пахвальную маўклiвасць, стараннымi штодзённымi малiтвамi ўзносiў я сваю хвалу святынi. I не ашукала мяне збаўчая дабрата магутнай багiнi. Не мучыла яна мяне доўгай адтэрмiноўкай i аднойчы цёмнай ноччу, але зусiм не цёмнымi загадамi, ясна адкрыла мне, што настае для меня доўгачаканы дзень, калi яна здзейснiць найбольшае з маiх жаданняў. Вызначыла, колькi я павiнен даць на выкупное малебства, i аб'явiла, што для выканання абраду прызначаецца той самы Мiтра, яе вярхоўны жрэц, якога звязвае са мной нейкая роднасць свяцiлаў.

Уцешыўшыся ўсёй душой ад гэтых i падобных да iх прыемных паведамленняў вярхоўнай багiнi, пры першым свiтаннi зары, стросшы з сябе сон, адразу накiроўваюся да жрацовага жылля i, сустрэўшы старога на дарозе, вiтаю i падаюся за iм. Я ўжо збiраўся больш настойлiва, чым раней, дамагацца ад яго пасвячэння, як належнага мне, але ён сам, ледзь мяне ўбачыўшы, адазваўся: 'О мой Луцый, благаслаўлёны ты i шчаслiвы! Якой вялiкай мiласцi ўдастойвае цябе нябесная валадарнiца! Чаго ж ты цяпер стаiш без занятку? Чаго ж ты цяпер сам марудзiш? Вось настае для цябе даўно жаданы дзень, у якiм па боскiм загаду шматiмённай багiнi я сваiмi рукамi павяду цябе ў прачыстыя таямнiцы свяшчэннага служэння!'

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату