быццам вось толькi прыйшоў з гладыятарскiх спаборнiцтваў. Быў i такi, што ў пурпуровай вопратцы з дыктатарскiмi адзнакамi iграў ролю дзяржаўнага дзеяча, i такi, што строiў з сябе фiлосафа ў шырокiм плашчы, у плеценых сандалях, з посахам i казлiнай бародкай. Былi тут i птушкалоў, i рыбак, абодва з трысцiнкамi, у аднаго з iх яны намазаныя клеем, у другога з кручкамi на канцах. Тут жа неслi на насiлках i свойскую мядзведзiху, быццам паважаную матрону. А малпа ў каўпаку i ў фрыгiйскай сукенцы шафранавага колеру трымала кубак, наследуючы пастуха Ганiмеда. Побач са старым дзедам iшоў асёл з прымацаванымi крыламi, нагадваючы Белерафонта з Пегасам, i абодва выклiкалi рогат.
9. У той час, як гэтыя забаўныя маскi пераходзiлi з месца на месца, забаўляючы народ, рушыла i спецыяльнае шэсце багiнi-збавiцелькi. Жанчыны, ззяючы беласнежнымi сукнямi, радуючы вочы рознакаляровымi ўборамi, упрыгожаныя вясновымi вянкамi, усыпалi дарогу кветкамi, сыплючы iх з падалоў на шлях, па якiм iшла свяшчэнная працэсiя. У iншых былi прымацаваныя за плячыма спецыяльныя люстэркi, каб багiня бачыла ўсё святочнае шэсце ззаду за ёй. Некаторыя, трымаючы ў руках грабянi са слановай косцi, рухамi рук i згiнаннем пальцаў рабiлi выгляд, быццам расчэсваюць i прыбiраюць валасы ўладарнiцы. Былi i такiя, што акраплялi вулiцу дзiўным бальзамам i iншымi пахучасцямi.
Адначасова вялiкi натоўп людзей абодвух полаў з лiхтарамi, з факеламi, са свечкамi i з рознымi нарыхтаванымi свяцiльнiкамi ў руках услаўляў крынiцу ззяння нябесных зорак. Жалейкi i флейты гучалi прыемнымi мелодыямi, а за музыкамi iшоў чароўны хор з адборных юнакоў у зiхотка-белых прыгожых вопратках. Харысты паўтаралi строфы цудоўнай песнi, створанай славутым паэтам Каменам. Гэта песня была пачаткам велiчнага гiмна з малiтвамi i ахвяраваннямi.
Iшлi таксама i трубачы, i флейцiсты - паклоннiкi вялiкага бога Сарапiса, якiя на сваiх выгнутых трубах, што ўзнiмалiся ўгору да правага вуха, выконвалi па некалькi разоў мелодыi, прынятыя ў святынi iхняга бога. А далей мiтусiлася мноства прыслужнiкаў, якiя крыкамi заклiкалi ачысцiць шлях святочнаму шэсцю.
10. Тут пасоўваецца натоўп пасвячоных у таямнiцы - мужчыны i жанчыны ўсякага стану i ўзросту, апранутыя ў блiскучыя белыя iльняныя вопраткi. У жанчын намашчаныя валасы прыкрытыя празрыстымi накiдкамi, у мужчын блiшчаць гладка выгаленыя галовы. Гэтыя зямныя светачы вялiкай рэлiгii патрасалi мядзянымi, сярэбранымi i нават залатымi бразготкамi, здабываючы з iх пранiзлiвы звон. На канцы iдуць вышэйшыя служыцелi таямнiц у белых iльняных вузкiх вопратках да самых пят, падперазаных пад грудзьмi. Яны нясуць адзнакi годнасцi служыцеляў сама магутных багоў. Першы з iх трымаў лямпу, якая гарэла яркiм святлом, але зусiм не была падобная на нашы лямпы, што звычайна гараць у нас пры вячэры. Гэта была залатая лодка з адтулiнай пасярэдзiне, праз якую выходзiў вельмi шырокi язык полымя.
Другi быў апрануты так, як i першы, але ў кожнай руцэ трымаў ён па алтару, якi называўся 'памочнiкам'. Гэта iмя даў iм хуткi на дапамогу дух вярхоўнай багiнi.
За iмi iшоў трэцi, несучы пальмавую галiну з тонка вырабленымi з золата лiстамi, а таксама кадуцэй Меркурыя. Чацвёрты выяўляў сiмвал справядлiвасцi ў выглядзе левай рукi з выцягнутай даланёй. Яна слабая ад прыроды, не надзеленая нi спрытам, нi хiтрасцю, i таму хутчэй за правую можа праяўляць справядлiвасць. Ён нёс таксама залатую судзiнку, закругленую ў выглядзе жаночага саска, з якай палiваў малаком. Пяты трымаў залатую веялку, напоўненую лаўровымi галiнкамi,а апошнi нёс амфару.
11. Неўзабаве паказалася i працэсiя багоў, якiя ласкава карысталiся для перамяшчэння чалавечымi нагамi. Вось Анубiс, якi наводзiць жах сваiм велiчным то цёмным, то залатым высока ўзнятым сабачым аблiччам. Ён пасрэднiк памiж нябесным i падземным светам. У левай яго руцэ кадуцэй, а правай ён махае зялёнай пальмавай галiнай. Следам за iм iдзе карова, стаўшы на дыбы. Гэта ўвасобленая ўрадлiвасць багiнi-ўсёнараджальнiцы. Несучы яе на плячах, адзiн са свяшчэннаслужыцеляў лёгка i прыгожа крочыў пад святой ношай. Другi нёс закрытую скрыначку, у якой знаходзiлася непарушная таямнiца вялiкага вучэння. Трэцi прыняў на сваё шчаслiвае ўлонне шанаванае адлюстраванне вярхоўнага бога. Не было яно падобнае на свойскую жывёлiну, нi на птушку, нi на дзiкага звера, нi нават на чалавека, але паводле мудрага замыслу самой сваёй незвычайнасцю павiнна было выклiкаць пашану, бо сутнасць невымоўнай веры хаваецца ў глыбокай маўклiвасцi. Зроблена яно было з ярка-блiскучага золата. Гэта была па-мастацку выгнутая урна з круглым дном, упрыгожаная звонку дзiўнымi эгiпецкiмi фiгурамi. Над яе адтулiнай узнiмалася не вельмi высокае горла з доўгiм, далёка вытырклым наском, а з другога боку была прымацавана шырокая ручка, на якой скруцiлася ў клубок гадзiна з узнятай угору раздзьмутай лускаватай шыяй, пакрытай зморшчкамi.
12. I вось настае момант выканання абяцаных мне найлiтасцiвейшай багiняй дабрадзействаў, падыходзiць жрэц, якi нясе прызначаны мне лёсам ратунак. Ён трымае ў правай руцэ, так, як мне было аб'яўлена боскiм абяцаннем, цудоўны сiстр для багiнi i вянок для мяне, клянуся Геркулесам, вянок заслужаны. Выцерпеўшы столькi пакут, перажыўшы гэтулькi пагроз, цяпер з дазволу вялiкай багiнi я ў барацьбе з бязлiтасным лёсам выходзiў пераможцам. Аднак, нягледзячы на радасць, якая апанавала мяне, я не кiдаюся з усiх ног, асцерагаючыся, каб раптоўнае з'яўленне чатырохногай жывёлiны не парушыла ўзнёсласцi свяшчэннадзейства, а цiха, памалу, пераймаючы чалавечы крок, бокам праз натоўп, якi не без божай ласкi расступаўся, без паспешлiвасцi прабiраюся наперад.
А жрэц, як я мог на справе пераканацца, папярэджаны начной з'явай i здзiўлены, што ўсё дакладна супадае з даручэннем, якое ён атрымаў, тут жа спынiўся i, прасцёршы правую руку, паднёс вянок да самага майго рота. Тут я, хвалюючыся, з моцным бiццём сэрца, хцiва хапаю зубамi вянок i з'ядаю, стараючыся атрымаць абяцанае. Боскае прадказанне не ашукала! Умомант спадае з мяне пачварная маска жывёлiны. Найперш знiкае брудная зваляная поўсць, тоўстая скура становiцца далiкатнейшай, велiзарны жывот меншае, на нагах капыты раздзяляюцца на асобныя пальцы, рукi перастаюць быць нагамi i падымаюцца для выканання сваiх высокiх абавязкаў, доўгая шыя карацее, ляпа i галава круглеюць, вялiкiя вушы прымаюць нармальныя памеры, зубы, падобныя да камянёў, зноў становяцца невялiкiмi, як у людзей, i хвост, якi больш за ўсё мяне мучыў, знiкае!
Народ дзiвiцца, набожныя людзi пры такiм вiдавочным доказе магутнасцi вярхоўнай багiнi, падобным на сон, гучна i аднадушна, узняўшы рукi ў неба, славяць магутнасць мiласэрнай багiнi.
14. А я, аслупянеўшы ад здзiўлення, стаяў нерухомы i моўчкi, не ведаючы ад вялiкай радасцi, з чаго пачаць, як падступiцца да гукаў, што сталi мне нязвычнымi, як найбольш удала выкарыстаць вернуты мне дар мовы, якiмi словамi i выразамi дзякаваць багiнi за яе дабрадзейства.
Але жрэц, вiдавочна папярэджаны з вышынi пра ўсе мае няшчасцi з самага пачатку, хоць i сам быў усхваляваны вялiкiм цудам, дае знак, каб перш за ўсё далi мне iльняную вопратку прыкрыцца, бо, як зляцела з мяне злавесная аслiная абалонка, так я i стаяў, цесна сцiснуўшы ногi, засланяючы, наколькi было магчыма, сплеценымi рукамi, гэтай натуральнай завесай, сваю галiзну. Адзiн з верных паклоннiкаў багiнi ўмомант зняў з сябе верхнюю тунiку i чым хутчэй накiнуў на мяне. Тады жрэц, прыветлiва гледзячы на мяне i, клянуся Геркулесам, прасякнуты боскiм здзiўленнем, пачынае казаць:
15. 'Вось, Луцый, пасля столькiх усякiх пакут, пасля вялiкiх навальнiц, узнятых Лёсам, перажыўшы велiчэзныя буры, дабраўся ты нарэшце да спакойнай прыстанi Адпачынку, да алтароў мiласэрнасцi. Не пайшлi табе на карысць нi тваё паходжанне, нi становiшча, нi нават адукацыя, якая цябе вылучае сярод iншых, таму што, стаўшы ад пачуццёвасцi свайго маладога веку рабом сладастраснасцi, ты атрымаў знiшчальную адплату за сваю цiкаўнасць. I ўсё ж сляпы Лёс, злосна катуючы цябе, сам пра тое не ведаючы, прывёў цябе да сягонняшняга шчасця. Няхай жа iдзе ён i пыхкае лютай злосцю, яму давядзецца шукаць для сваёй бязлiтаснасцi iншую ахвяру. Над тымi, каго велiчнасць нашай багiнi заклiкала прысвяцiць жыццё ёй, не мае ўлады згубная выпадковасць. Разбойнiкi, дзiкiя звяры, няволя, цяжкiя шляхi i бясконцыя вандраваннi, штодзённае чаканне смерцi - што дасягнуў гэтым азвярэлы Лёс? Вось цябе прыняў пад апеку другi Лёс, але ўжо вiдушчы, святло ззяння якога азарае нават iншых багоў. Дык няхай адаб'ецца на тваiм твары радасць, адпаведная тваёй святочнай вопратцы. Радуючыся, далучы свой крок да шэсця багiнi-выратавальнiцы. Няхай бачаць бязбожнiкi, няхай бачаць i ўсведамляюць сваю памылку. Вось пазбаўлены даўнейшых нягод Луцый цешыцца апекай вялiкай Iзiды i святкуе перамогу над сваiм лёсам! Аднак, каб забяспечыцца яшчэ мацней i больш надзейна, запiшыся ў гэту святую армiю (загад прыняць такую прысягу нядаўна для цябе прагучаў), прысвяцi сябе ўжо ад сягонняшняга дня нашаму служэнню i ўскладзi на сябе ярмо добраахвотнага падпарадкавання. Пачаўшы служыць багiнi, ты будзеш поўнай мерай цешыцца вялiкiм вынiкам свабоды'.
16. Сказаўшы гэта, шаноўны жрэц, з цяжкасцю пераводзячы дыханне, замоўк. А я, далучыўшыся да працэсii, падаўся следам за святыняй.
Я стаў вядомы ўсiм грамадзянам, зрабiўся прадметам агульнай увагi, на мяне паказвалi пальцамi, кiвалi галовамi i ўвесь народ гаварыў: 'Вось той, якога воля ўсемагутнай багiнi вярнула да людскога выгляду!