Каб вечна зіхацеў твой вобраз любы!
66
Стамлёны ўсім, я лепш сустрэў бы смерць,
Чым занядбаных бачыць жабраванне,
І здзек пустапарожнасці цярпець,
І найчысцейшай праўды зневажанне,
І бачыць пыху ў залатых страях,
І цноту, згвалчаную хіжай сілай,
І для бязглуздасці пачэсны шлях,
І моц, якую немач паланіла.
І мастакоў нізкапаклонны зброд,
І недарэк мастацтвазнаўцаў з імі,
І ісціну, якой затулен рот,
І зло, што верхаводзіць над усімі.
Стамлёны ўсім, сумую па труне,
Ды як жа друг мой будзе без мяне?
67
Нашто жыве ён між такіх заган?
Каб даць ганебным справам апраўданне?
Каб прыкрываць хлуслівасцю румян
Самотную часіну адцвітання?
Нашто шукаць патрэбна пекнаце
Да руж падобнасць шляхам нейкім кружным?
Яна ніколі больш не расцвіце,
Хоць сапраўды была жывою ружай.
Навошта жыць, калі згасае плоць,
Калі прырода ў ёй збанкрутавала,
Былых багаццяў толькі рэшткі ёсць
І кроў у жылах ходзіць так памалу?
Каб дням наступным паказаць магла б,
Які яна цудоўны мела скарб.
68
Ён сам увесь — як часу адлюстровак,
Калі краса была яшчэ красой,
Не ведала ніякіх падфарбовак,
І зіхацела кветкай веснавой.
Тады яшчэ па смерці не зразалі
Ў нябожчыц косы залатыя іх,
Каб, як цяпер, спадалі пышна хвалі
Красы чужое на плячах чужых.
Краса яго ў свае страі адзета,
Няма на ёй напазычаных фарб,
З чужой вясны сабе не творыць лета
І не рабуе дзён мінулых скарб.
Нашто яго вартуе так прырода?
Красу без фальшу паказаць народу!
69
Найлепшы друг або найгоршы вораг
Дадаць не могуць, каб хацелі нат,
Хоць рыску да праслаўленага ўзору,
Што бачыць свету цэлага пагляд.
Праслаўлена твая знадворнасць звонку,
Але калі ўсё тыя ж языкі
Пра якасць сэрца распачнуць гамонку,
Тады і водгук будзе не такі.
Тваёй душой цікавячыся вельмі,
Глядзіць на справы здзейсненыя свет.
