Ва мне ты бачыш полымя згасанне

Пад прыскам юных, перабытых дзён.

І там, дзе меў нядаўна сілкаванне,

У шэры попел пераходзіць ён.

Зважай на ўсё, каб узмацніць любоў,

Пакуль апошні час твой не прыйшоў.

74

Калі абвесцяць мне прысуд такі,

Які за ўсе на свеце найцяжэйшы,

Хай будуць помнікам маім радкі

Апошняга напісанага верша.

Калі пачнеш ты іх чытаць калі,

Ў іх знойдзеш тое, што тваё па праву.

А рэшта дастанецца хай зямлі,

Бо для цябе яна і не цікава.

Табе у вершах прысвячаю я

Усё найлепшае, што мае сэрца.

А абалонка грэшная мая,

Зямля, няхай зямлі і дастанецца.

Ёй — прах і тлен, сядзіба чарвякова,

Табе — любоў майго жывога слова.

75

Ты для мяне мацунак лепшы мой,

Як дождж, што ніве смаглай дасць напіцца.

Шчаслівы я каля цябе, з табой,

Як сквапны скнара ля сваёй скарбніцы.

Яму уцеха, што багацця шмат,

Але і страх зладзейскае напасці.

А я не толькі быць з табою рад, -

Хачу, каб свет увесь глядзеў на шчасце.

Тады я задаволены зусім,

Калі са мной ты дзеліш асалоду.

Сустрэць я прагну твой пагляд сваім,

Хоць не заўсёды ён дае лагоду.

Так і вядзе няспынна час мяне:

То маю ўсё, то анічога не.

76

Чаму я не пішу на новы лад,

Не маю ў вершы модных завіхрэнняў?

Чаму мой верш ідзе за радам рад

Без хітрамудрых словаспалучэнняў?

Пішу аднолькава заўсёды я,

Ў старым адзенні ўсе мае лятункі.

У вершах словы — як пячаць мая:

Без подпісу мае пазнаюць думкі.

А ўсё таму, што я пішу ізноў,

Мая любоў, з твайго усё натхнення.

Якіх бы слоў сардэчных ні знайшоў, -

Не зменіць думкі новае адзенне.

Нам так і сонца: штодня маладое,

Хоць з прадвякоў яно адно і тое.

77

Пакажа люстра, як краса знікае,

Гадзіннік плынь імклівую хвілін.

А гэта белая старонка мае,

Як скарб, усё, што ў першым і другім.

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату