І тут, бывае, водар пустазелля
Зглушае водар самых лепшых квет.
А ліху гэтаму адна прычына,
Што кветнік твой бадай для ўсіх адчынен.
70
Не ў тым загана, што цябе хто ганіць:
Краса спрадвеку мэта для хлусні.
Брыда ніяк да неба не прыстане,
Хоць лётае варона ў вышыні.
Калі ты цнотай будзеш, як заўсёды,
Дык ганьба вартасці падкрэсліць лепш.
Смаўжы шукаюць чысціню і слодыч,
Таму і да цябе паўзуць найперш.
Свайго юнацтва ты мінула змусты
Або ў змаганні іх перамагла.
Не знойдзеш хусты на чужыя вусты,
Хлусню не знішчыць праўды пахвала.
Калі б табе і з хмаркай не сустрэцца,
Адна б ва ўсіх ты панавала сэрцах.
71
Не плач па мне ты больш хвіліны той,
Калі абвесціць сумны звон званоў,
Што я злучаюся навек з зямлёй
І ў свет ніжэйшы да чарвей пайшоў.
Не ўспамінай, чытаючы мой верш,
Руку, напісаны ён быў якой.
Любоў мая! Забытым быць мне лепш,
Чым згадкай твой нарушыць супакой.
Не хочу я, каб водгулле радкоў,
Калі з зямлёй знітуецца зямля,
Мяне нагадвала. Твая любоў
Няхай памрэ, калі пагасну я.
Не хочу я, каб да самотных слёз
Людскі прысуд і горкі здзек прынёс.
72
Каб свет цябе не прымушаў сказаць,
За што мяне любіла так сардэчна,
Няхай твая не заблішчыць сляза,
Калі знайду я адпачынак вечны.
Не шмат чаго для памяці людской
Магла б знайсці ў мяне пры ўсім жаданні,
І мімаволі дапаўняць маной
Табе прыйшлося бы апавяданне.
Любоў тваю каб не запляміць той
Няпраўдай самых шчырых успамінаў,
Імя маё няхай памрэ са мной,
Няхай са мною ляжа ў дамавіну.
Каб не ўпікнуў ніхто цябе затым,
Што з памаўзой кахалася такім.
73
Мяне раўняць ты можаш да часіны,
Калі пажоўклы ліст адзін за 'дным
З галля таго, дзе хор звінеў птушыны,
Нясе свой жаль над полем нежывым.
Падобны я таксама да змяркання,
Калі шарэе ў захадзе заход,
Калі, як вобраз смерці, ноч устане,
А з ёю змрочных сценяў карагод.
