Але з дабра бывае нам і ліха:

Ты можаш здрадзіць. Здрада ходзіць ціха.

93

Я жыў бы так, як ашуканы муж,

Які цябе любіць не перастане.

Кахання цень здаваўся бы яму ж,

Нібыта як сапраўднае каханне.

Не бачу змен у позірку тваім,

У ім няма варожасці ніякай.

Не так, як на абліччы дзе-якім

Накрэслены усіх злачынстваў знакі.

Ты, з ласкі неба, што ад нас вышэй,

На твары маеш пекнаты зіхценне.

Што б ні было на сэрцы, а з вачэй

Заўжды свіціцца яснае праменне.

Красой ты яблык Евы нагадала б,

Каб цнота выгляду адпавядала.

94

Хто не пакрыўдзіў слабага нічым,

Не назаляў уладаю нікому,

Ўзрушаў хто іншых, сам жа разам з тым

Халодны быў, як камемень нерухомы, -

Той ад жыцця найлепшы мае дар,

Узбагаціць яго сваёй ашчадай,

Той над сабою поўны гаспадар,

Для ўсіх другіх — узор ён і парада.

Належыць лету водар летніх квет,

Хоць кветка тая пацвіце і звяне.

Калі ж загана ў ёй праложыць след,

Нат пустазелле прыямнейшым стане.

Дзядоўнік сэрцу нашаму мілей,

Чым водар цвілых і гнілых лілей.

95

Якой красой, прывабнасцю якой

Ад воч людскіх грахі твае схаваны!

Ды, як на ружы плямачкі пад тлёй,

І на табе застаўся след заганы.

Маўчаць не змусіш ты людскі язык,

Ён так змяшае праўду і няпраўду,

Што, як, здаецца б, грэх ні быў вялік,

Хвалой табе адразу загучаў бы.

Які даеш палац дзівосны ты

Для той спакуснай і распуснай змусты!

Пад засенню цудоўнай пекнаты

Становіцца прывабнаю распуста.

Ды не забудзься, што іржа, на жаль,

З людской нядбайнасці, знішчае сталь.

96

Адны — віну кладуць на маладосць.

Не хочуць бачыць той віны другія.

А ўсе твае грахі і прыгажосць

Кахаюць маладыя і старыя.

Падобна, як тандэтны самацвет

Зіхціць зырчэй на пальцы у царыцы,

За дабрадзейнасць грэх прымае свет,

На ўсё благое можа ён забыцца.

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату