Што б я ў памяці людской знайшоў

Не скарыстанае табе на хвалу?

Што новае сказаў бы пра любоў,

Каб і цябе найлепей праслаўляла?

Нічога, пэўна! Як у днях былых,

Калі мы толькі стрэліся з табою,

«Любі-мая» — гучыць з радкоў маіх

На новы лад малітваю старою.

Любоў адвечную і новую прытым

Не скрыўдзіць час і не закрые пылам, -

Лістом паперы стане ён рудым,

Каб запісы на ім свае рабіла.

Што нам любоў дала у першы раз,

Жыць будзе вечна, нават і без нас.

109

Ты не кажы, што сэрца ў паняверцы,

Хоць зменшыўся агонь, напэўна, ў ім.

Мая душа ў тваім бытуе сэрцы,

З ім разлучыцца — як з сабой самім.

Кахання дом! Пасля ўсіх вандраванняў

Такім, як быў, страчаюся з табой,

Каб ганьбы след пры першым жа спатканні

Адмыць сваёй гарачаю слязой.

Хоць, як усе, і я з крыві і плоці,

Але не вер ніколі тым усім,

Што мог бы я сваё сумленне зблоціць

І не вярнуцца да цябе зусім.

На свеце радасць мне адна ты, цвеце?

Што без цябе мне ў тым прасторным свеце?

110

На жаль вялікі, гэта не мана!

Блукаў я скрозь, дзе варта і не варта

І стала мне, як блазнюку, цана,

Сама любоў мне стала нібы жартам.

Папраўдзе, так: я крыва, ўперакос

Глядзеў на ўсё, што добрага бывае.

Ды лёс мяне праз хібы ўсе пранёс,

Ты зноў мне любай стала, дарагая.

Я ні грахоў, ні праўды не таю,

Няхай спакуса сэрца не трывожыць.

Сябе навек табе я аддаю,

А бог кахання хай мне дапаможа, -

Каб прытуліла да сваіх грудзей,

Каб неба стала для мяне бліжэй.

111

Я згодзен з тым, што доля мне не маці.

Яна на мне паставіла пячаць:

Прымусіла цяжкой штодзённай працай

Для існавання сродкі зарабляць.

Як фарбавальшчык сам афарбаваны,

Таксама я адзначан рамяством.

Каму пашана, а каму загана

Адным і тым жа выбіта кляймом.

Ты памажы пазбыцца мне хваробы.

Я воцат вып'ю, ўсё, што скажаш ты.

Я не адмоўлюся, абы дапамагло бы,

Ад самай найгарчэйшай гаркаты.

Мая любімая! Найлепшай рады

Я дачакаўся б ад тваёй спагады!

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату