112

Твая спагада і замілаванне

Прыкрыюць след ганебнага кляйма.

Мне абыякавым цкаванне стане,

Пакуль са мною будзеш ты сама.

Твае пахвалы ці твае дакоры

Мне прынясуць патолю або жаль.

Ты для мяне адна ва ўсім прасторы,

Я пры табе, як закаваны ў сталь.

Я ад сябе адкінуў так далёка

Ўсё, што ліслівасць ці хлусня вядзе,

Каб іх і следу не было навокал,

Каб іх не бачыць, не пачуць нідзе.

Пануеш ты адна ў мяне на сэрцы,

Мне без цябе ўсё нежывым здаецца.

113

Пасля разлукі — зрок мой стаў у сэрцы,

А вочы быццам як чужыя мне.

І ўсё, што можа мне цяпер сустрэцца,

Мяне нераспазнаным абміне.

Нібы відушчы і сляпы нібыта,

Глядзіць на свет збянтэжаны пагляд,

Забыты кветкі, птушкі ўсе забыты,

А ува ўсім твой вобраз вінават.

Якія б дзе я рэчы ні пабачыў, -

Усё з тваёй нітуюцца красой.

Варона крача, галубок заплача,

Застогне мора — ўсюды вобраз твой!

Табою поўны, я не здольны цяміць

Таго, што звыш мая прыносіць памяць.

114

Няўжо, хвалой тваёю увянчаны,

Атруты царскай — лёстак — выпіў я?

Ці чараўніцтва талент надзвычайны

Дала на долю мне любоў мая?

Дакуль сягнуць яго праменне можа,

Стварае ён узоры пекнаты.

З істот пачварных ангелаў прыгожых

Стварыць ён можа — гэтакіх, як ты.

Праўдзіва першая прычына — лёсткі,

І розум прагна трунак гэты п'е.

А вочы келіх наліваюць порстка —

Яму да смаку і самім сабе.

Калі атрута — лёс даруе грэх ім,

Пакаштаваць — ім давялося першым.

115

Хлусіў я у сваіх ранейшых песнях,

Што нельга мне цябе любіць мацней.

Не ведаў я, што полымя прадвесні

Магло пасля гарэць яшчэ зырчэй.

Калі гляджу я на падзеі часу,

Дык бачу, што выпадкаў міліён

Разлучыць тых, хто б век не разлучаўся,

Нязломны самы выкрасліць закон.

На жаль, спалохаўшыся тых здарэнняў,

Я не сказаў тады як мае быць:

Сумненне мне не прынясе збавення,

А я люблю, як нельга больш любіць.

Любоў — дзіця. Дадаць бы варта тое:

Яна расце, як і усё жывое.

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату