116

Не будзем шкодзіць злуцы сэрцаў двух;

Любоў любоўю звацца не павінна,

Калі яна мяняецца ад скрух

Або ў якую чорную гадзіну.

Любоў — маяк у часе навальніц,

Яна, як зорка, з цёмнай хмары гляне

І караблю з грымот і бліскавіц

Пакажа шлях надзейны ў акіяне.

Любоў не мерыцца на тыдні, дні,

Яна бясконца, як жыццё на свеце,

Хоць можа час ружовыя агні

Згасіць на ёй, як на ружовым цвеце.

Як хто б няпраўду слоў маіх давёў,

Дык не існуе, значыцца, й любоў.

117

Абвінаваць мяне ва ўсіх грахах,

Калі такое маеш ты жаданне, -

Што станавіўся на ганебны шлях,

Не праслаўляў я нашага кахання;

Што далучаўся да такіх сяброў,

Якія з добрым словам незнаёмы,

І што па волі чатырох вятроў

На ветразях усіх ішоў ад дому.

Каб грэх мой цяжкі стаў яшчэ цяжэй,

Маю сваволю кінь на тыя шалі.

Глянь строгім поглядам тваіх вачэй,

Абы на смерць мяне не пакаралі.

Пераканацца толькі меў на мэце,

Якую моц каханне мае ў свеце.

118

Мы ужываем вострыя прысмакі,

Каб апетыт узняўся да яды.

Мы зелле п'ём ад ліхаты ўсялякай,

Каб асяродак чыстым быў заўжды.

Вось так і я, з твайго замілавання

На сэрцы меў лагоду і спакой.

Калі хварэў, дык праз сваё жаданне

Змагацца з выдуманай ліхатой.

І захварэў урэшце не на жарты,

Лякарствы горкія адважна п'ю.

А што было ва мне пашаны варта,

Пакіне з лекамі душу маю.

Уцяміў я: атрутай стануць лекі,

Калі любоў пакіне чалавека.

119

Пітвом з сірэніных пякельных слёз

Я упіваўся, мабыць, неаднойчы.

На страты мне журбу прыносіў лёс,

Над выйгрышам з арбіты лезлі вочы.

Якіх памылак не было ў той час,

Калі я чуў сябе ў вяршыні шчасця:

То, як у трасцы, жар апошні гас,

То зноў палаў агнём шалёнай страсці.

Дабра ў благім тады я не знайшоў:

Нядоля робіць добрае найлепшым.

Калі з разлукі вернецца любоў,

Яна намнога стане трывалейшай.

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату