Хоць тры зімы зрывалі з дрэў убранні,
Якія ім прыносіла вясна,
Хоць тры вясны змяніліся на леты,
За летам восень жоўтая ішла,
Быў тройчы красавік вясной сагрэты, -
А ты — ўсё, як і ў першы дзень, была.
На жаль, краса знікае пакрыёма,
Як нікне цень ад сонечных гадзін.
Прывабнасць, што здаецца нерухомай,
Нябачны вокам мае рух адзін.
Пакуль яшчэ ты не была на свеце,
Быў росквіт і заход у кожным леце.
105
Любоў мая не ідалапаклонства,
А мой каханы ідалам не ёсць,
Хоць пра яго, яму пяю бясконца,
Ягоную ўслаўляю прыгажосць.
Сягоння, заўтра, ён усё прыгожы,
Ён будзе вечна ў харастве такім.
Таму і верш мой без яго не можа,
Пяе пра аднаго, жыве адным.
Краса, Прыязнасць, Цнота мне так любы,
Красу, Прыязнасць, Цноту слаўлю я.
Яны — як кола, у якім я ўсюды
І у якім уся любоў мая.
Красу, Прыязнасць, Цноту — ўсе тры сілы
Жыццё шчасліва ў ім адным злучыла.
106
Калі у хроніках старых часоў
Чытаю я пра рыцараў і лэдзі,
Якія зналі хараство, любоў,
Жылі, змагаліся, ўміралі недзе, -
Тады здаецца, што у спробах тых
Сказаць пра рукі, ўсмешкі вуснаў, вочы
Найлепшы кожны з песняроў старых
Намаляваць твой дзіўны вобраз хоча.
Ты — надзвычайны хараства узор.
У творах іх — твой цень адлюстраваны:
Цябе не бачыўшы, хто даў бы ў твор
Твой чараўнічы вобраз незраўнаны?
А мы, сучаснікі, хоць бачыць можам,
Сказаць не можам добра аб прыгожым.
107
Ні прадчуванні, ні прарочы дух,
Што адкрывае дзень наступны свету,
Не ведаюць, не скажуць, ці дайду
З табой, любоў, да вызначанай мэты.
Як месяц пройдзе праз зацьменні ўсе,
З сваіх прароцтваў Аўгур сам смяецца.
Наступны дзень зямлі ўсёй мір нясе
Пад засенню алівавага вецця.
Так і любоў мая: ў вянку надзей
У вечнасць пройдзе цераз верш сардэчны.
Смерць страшнай можа быць для тых людзей,
Якія з цемры не выходзяць вечна.
Мой горды, непакорны, шчыры верш, -
Ты дэспатаў усіх перажывеш!
108
