89
Скажы, што ты знайшла ў мяне загану,
Прыйсці з якой і здрадзе балазе,
Скажы: кульгавы я. Адразу стану
Кульгаць сумысна на адной назе.
Не знойдзеш слоў ты, каб мяне пакрыўдзіць,
Такіх, як сам я на сябе знайду.
Як ты жадала, перамена прыйдзе
Табе на радасць, на маю бяду.
А знаючы, табе што даспадобы,
Парэжу дружбы нашай ніці ўсе.
І што калі між намі ні было бы,
Няхай няпамяць пылам разнясе.
Супроць сябе я на змаганне стану:
Мне вораг той, табе хто не жаданы.
90
Калі знялюбіш — знелюбі хутчэй,
Пакуль мне свет рыхтуе ўкрыжаванне.
Ліеш мне горыч — налівай паўней.
Страшней за ўсё чаканне пакарання.
Цяжкое гора пасылае лёс, -
Не трэба і табе з сваім пазніцца.
Навошта б золак мне імжу прынёс,
Калі ўсю ноч грымела навальніца?
Пакінь мяне, ды не ў апошні час,
Калі ушчэнт закатуюць нягоды.
Раптоўна кінь, каб праглынуў я ўраз
Свой горкі жаль ад найвялікшай шкоды.
І што нягоды дробныя тады,
Калі цябе губляю наўсягды?
91
Той ганарыцца талентам, багаццем,
Паходжаннем, той знатным сваяком,
Той модна скроеным, дзівосным плаццем,
Той сокалам, стаеннікам ці псом.
І кожны так: шукаючы, знаходзіць
Усё, што радасць для яго нясе.
Маё ўсё шчасце ў гэткай асалодзе,
Ў якой сабраны іншыя усе.
Твая любоў мне даражэй багацця
І гонару вяльможнага мілей.
З ёй не зраўняцца самай пышнай шаце,
Яна за слодыч нават прыямней.
Ты, адабраўшы гэты скарб знянацку,
Мяне заручыш з доляю жабрацкай.
92
Ніяк не здзейсняцца твае жаданні:
Маёй ты будзеш да апошніх дзён.
Жыццё маё залежыць ад кахання:
Канец кахання дасць мне вечны сон.
Чаго баяцца горшае напасці,
Калі найменшая прыводзіць смерць?
Маё няшчасце — можа, ў ім і шчасце —
Твайго гумору змены ўсе цярпець.
Калі жыццё залежнае такое,
Чаго ж мне добрага чакаць ад здрад?
З каханнем я і з вечным супакоем
Цяпер аднолькава спаткацца рад.
