Калі ў зямлі мае сатлеюць косці,
Ніяк не згасне бляск тваіх вачэй,
Твой вобраз чараўнічай прыгажосці.
Бяссмертным зробіцца тваё імя,
Калі навекі згіну я аднойчы.
Звычайнай будзе могілка мая,
Красе тваёй — усе людскія вочы.
Твой вечны помнік — мой сардэчны верш,
Для нашых дзён, для часу, што настане,
Для тых людзей, з якімі ты жывеш,
Для тых, што прыйдуць пасля іх згасання.
Так, як дыханне з роду ў род ідзе,
Ты будзеш жыць на вуснах у людзей.
82
Не заручоны з музаю маёй,
Ты можаш быць паблажлівым для тых,
Што кожны твор табе прысвеціць свой,
Благаславення просячы для кніг.
Каб славіць розум, прыгажосць тваю,
Мой талент вельмі сціплы і малы.
А новы час, на сілу ўсю сваю,
Нясе табе багата пахвалы.
Але калі ад новых спевакоў
Пачуеш красамоўны іх тандэт,
Тады ацэніш праўду шчырых слоў,
Якія даў ад сэрца друг-паэт.
Малюнкі іх — як нежывыя ўсе,
А вобраз твой — радня самой красе.
83
Я думаў, што красе тваёй цудоўнай
Ніякіх штучных не патрэбна фарб
І што паэт наўдачу мерай роўнай
Аддасць табе пазычаны ім скарб.
Таму і размаўляў я цераз зубы,
Чакаючы, каб пекната сама,
Устаўшы, свету давяла ўсяму бы,
Што лепшай, чым твая, нідзе няма.
Але за грэх маё маўчанне ўзята.
Тым часам модныя ўсе песняры,
Намераў добрых маючы багата,
Цудоўны скарб хаваюць да пары.
Жыцця ў вачах ты маеш больш, чым гэта
Маглі бы выказаць і ўдвух паэты.
84
І хто больш красамоўны? Той, які,
Абмежаваўшыся найбольшай хвалай,
Сказаў, што ты — якраз, як сам, такі,
Бо скарбу большага на свеце не бывала.
Той бедны верш, які не дадае
Пры апісанні слова ці другога.
Затое збольшыць вартасці свае,
Хто скажа: «Ты падобны на самога!»
Калі праўдзіва апісаць, як ёсць,
Усё, што створана самой прыродай, -
Дзівіцца будзе свет на прыгажосць,
Здзіўленнем дасць паэту ўзнагароду.
Але і небяспека ёсць ва ўсім:
Каб не перахвалілі разам з тым.
