85
Прыціхлі з музаю мы, як нямыя,
Тым часам плойма модных песняроў,
Пабраўшы ў рукі пёры залатыя,
Да кучаравых прылягла радкоў.
Пакуль яны грымзоляць спрытна словы,
Я думы думаю свае адзін
І, як дзячок да псалмаў адмысловых,
Да гладкапісаў дадаю: «Амін!»
Пачуўшы хвалу, пасылаю кожнай:
«Але!», «Папраўдзе, так!», «Во гэта — верш!»
Хоць так пачуцці выказаць няможна,
Любоў к табе я выкажу найлепш!
Цані за пуставейнасць спевакоў,
Мяне — за думкі ціхія, без слоў.
86
Цікава б знаць, паэзіяй сваёй,
Што на ўсіх ветразях нясе імкненні,
Спыніў ён лёт фантазіі маёй
І пахаваў у месцы нараджэння?
Ці самы ён, каго якісьці дух
Вучыў ствараць пачварныя стварэнні.
Ці, аб'яднаныя, яны удвух
Мае пазабівалі летуценні?
О, не! Ні ён, ні ўсе дарадцы з ім
Маёй паэзіі забіць не могуць!
Ён, са сваім дарадчыкам начным,
Мяне жудой сваёй не перамогуць!
Але, як ты яго ўзнёс да нябёс,
Я страціў тое: што у сэрцы нёс.
87
Бывай! Цябе ніяк я не стрымаю,
Занадта ты, любоў, любіма мной.
Цябе з сваёй вязніцы вызваляю,
Сам развітаўшыся з тваёй турмой.
Як я ўладаў дарункамі тваімі
І дзе заслугі для такіх дароў?
Калі любоў назад усё адніме,
Якое б права, каб не даць, знайшоў?
Дарыла ты мне безрахубна скарбы,
За што — не ўцямлю да сяе пары.
Вялікі грэх я на душу узяў бы,
Каб не вярнуў табе твае дары.
Я над табой нібыта ў сне ўладарыў.
Калі прачнуўся — знік і след ад мараў.
88
Калі мяне знялюбіш ты зусім,
На ўсё маё нядобрым вокам глянеш,
Я пагаджуся з выракам тваім,
Сам на сябе я выйду на змаганне.
Свае пахібы ведаючы ўсе,
Супроць сябе магу сказаць такое,
Што мне бяды багата прынясе,
Яшчэ вастрэй тваю наточыць зброю.
І, зрэшты, буду ў выйгранцы і я:
Хоць у змаганні пацярплю я страту,
Памогшы перамозе, удвая
За ўсе выдаткі атрымаю плату.
Я так люблю цябе, што без дакора
Гатоў прыняць якое згодна гора.
