- Гармонiк? Яно-ж сабе так, захапiў во, нiхай будзiць. Але-ж граць? Дзе-ж мне... Я-ж, праўду прызнацца, - i тут такую хвальшывую ўсьмешку зробiць, што, гледзячы, аж вам з нутра верне, - i граю нiякавата. Куды мне там, нiхай ужо другiя...'

Тут яго гуртам возьмуцца хвалiць-намаўляць, нарэшце вывалакуць i на покуцi пад Хрыстом, Багародзiцай i Апрасiняй Полацкай прымосьцяць. Iз маласкрываным задавальненьнем абгледзiць 'драгомiшч' свой гармонiк, пяшчотна пагладзiць яго, быццам гэта каштоўнасьць невядома якая, голасна скрыпне раз i другi, наўгад прабегшыся пальцамi па клявiшах (бачыў-жа нейдзе, што так вялiкiя майстры робяць) дый 'Блакiтны Дунай' выдушваць пачне. Ажно просiцца-енчыць гармонiк, каб збавiцца ад таго Лявонава гвалту. Iдзе мiзэрна, зь перабоямi. Адылi ня так цiкава, што ён грае, але як грае, як выцiскае з трохрадкi гукi. Гармонiк сквiрчыць, як парася, людзям ад той гры аж млосна робiцца. Ды хто-ж там пасьмее дарожнаму майстру ў вочы праўду сказаць. Скрывiць ён галаву сваю так, што даўгiя валасы аж на гармонiкавы складчыны ападаюць, то правым то левым вухам сваё пiлiканьне наслухоўвае, ды прыкiдваецца, што ён такi вялiкi майстра, якому няйнакш сам Сымон Музыка мусiў-бы пазайздросьцiць. Гэтак надзьмуваецца iндык, крыльлямi крывулi навокал самiцы па зямлi выпiсваючы, калi яму ў iндычай галаве каханьне замроiцца. Цярплiвыя лiтоўскiя людзi, асаблiва-ж маладыя, даўно да такiх Шпунтовых фартэляў звыклi. Грае вунь нешта надта-ж моднае, - думалi некаторыя, - бо аж iм прасьцяком клёку ў тым цяжка дайсьцi.

Калi-б падобраму спытаўся хто Шпунта, чаму камунiзм упадабаў, чаму Сабакевiчу прапаганду памагаў шырыць, мо й адказаць ня здоляў-бы. Было, мусiць, у характары ягоным нешта такое, што таўхала на апрычонасьць ад iншых людзей. Было гэта, пэўна-ж, ня тое, што звычайна спанукае здольных i маральна здаровых да поступу, да помачы блiжнiм у бядзе; рачэй, якраз наадварот - цi не вынiк ягонае духовае паражнечы, хворага жаданьня вылезьцi з натоўпу, павысiцца над iншымi, хоць мо тымчасам i не было гэта яшчэ цалкам усьведамленае й мэтанакiраванае ймкненьне.

Як-нi-як, Лявон лiчыў сябе наўчоным, Каб - баранi вас Бог - адважылiся вы яго недавукам назваць, пакрыўдзiўся-б да сьмерцi. Асаблiва-ж пасьля атрыманьня гэнае скупа-платнае працы 'драгомiшча' выявiлася й узбуйнела ў яго ненаеднае жаданьне некiм кiраваць, камандаваць, хаця-б дзеля таго толькi, каб пафарсiць перад дзяўчатамi, што ён вось, маўляў, ня просты мужык, а ўжо нейкi, хоць задырданы, але-ж начальнiк - значыцца, i ня кожнаму роўня.

Лявон i чырвоную прапаганду пашыраў ня так, як кажуць, з-пад сякеры, як рабiў гэта Косьцiк. Сабакевiч быў занадта парывiсты, зухаваты, без патрэбы гарачыўся, лез напралом. Шпунт быў зраўнаважаны, памяркоўны, хiтрэйшы. Ужо калi й наважыў каму падкiнуць якую пiсульку, дык рабiў гэта асьцярожна, на бакi аглядаючыся, каб за рукi ня цапнулi. Да таго часу як па масьле йшло. Мала хто Шпунта ў камунiстычных каншахтах падазраваў, хоць тое, што Косьцiку ў руку прыяў, нiкому не было таямнiцай.

Надта-ж не да смаку прыйшлося Шпунту, што малы Бахмач гэнага Янавага вечара яго ў Гараватцы бачыў. Пра Косьцiка пастух ня ведаў - Шпунт быў упэўнены. Але-ж людзi чулi пра афiшкi на Янавым фэсьце, здагадвалiся, што ў ваколiцы павiнен быць Сабакевiч, на тропе якога казённыя вiжы мiтусiлiся. Цi-ж цяжка было здагадацца, што Лявон тады ўпоцемку ў Гараватцы мог рабiць? Людзi-ж недурныя, два й два латва зкладуць.

- Каб на цябе чорт, жабянё! Якое лiха цябе iкраз у гэту пару сюды прынясло! - лаяў Лявон, вяртаючыся да Косьцiка, што сядзеў упоцемку, плячыма абапёршыся аб дрэва.

- Хто там быў? - спытаў Сабакевiч.

- Бахмачоў сапляк.

- Нядобра. Раскажа. Дадумаюцца й пра мяне.

- Ну дык i што? - разьвёў рукамi Лявон. - Хто мог угадаць, што сюды вечарам чорт яго прынясець?

- Думаiш, ён скора раструбiць?

- Чорт яго бацьку знаiць. Мусiць, трэба прыказаць, каб...

- Абаждзi... Знаiш што? Мусiць, буду зьбiрацца я ў дарогу, а ты валяй у дзярэўню ды намахай Бахмачову пальцам, каб ня пiкнуў...

- А ты-ж куды?

- Пайду, наверна, ў Павалiчы да Хвёдара. Ён мне ўгалок знайдзiць, каб дзе далей ад людзкога вока. Калi што будзiць новага, дык iзьвясьцi, - сказаў, устаючы, Косьцiк.

У гэны вечар гаварылi-ператрасалi ўсё, што адбылося ўдзень i раней яшчэ, раiлiся аб людзях, над якiмi працаваць трэба было-б, цi якiх ужо апрацоўваюць, аб плянах на блiзкую будучыню. Цяпер яшчэ крыху пастаялi, папалiлi, аганькi далонямi засланяючы, ды разыйшлiся. Лявон пад Лiтоўцы, а Сабакевiч пад суседнi бор падаўся.

VI

У Кмiтавай хаце народу было, як дзьверы зачынiць. Рыпела яна Тадэўкавай полькай-трасухай, скакала-тупала дзясяткамi ботаў i чаравiкоў, зьвiнела й рагатала, выкрыквала галасамi старых i маладых. Шырака навосьцеж расхрыстаныя былi вокны. Малыя падшыванцы, на прызбу ўзьлезжы, на падваконьнi вешалiся, галовы ў сярэдзiну торкалi, каб танцораў разгледзець. Iншыя iх за ногi цягнулi, штурхалiся, адзiн за адным iз крыкам i рогатам ганялiся. Кмiтаў панадворак дзiцячымi босымi нагамi дуднеў. Група дзетак малела, бо маткi iх дамоў заганялi. Мужчыны то ўпоцемку ў сенцах палiлi, то на лавах пад сьценамi сядзелi, ды на малечу, што занадта голасна сябе паказвала, злосна час-часам сыкалi.

Па вулiцы й панадворку там-сям парамi хадзiлi дзяцюкi зь дзеўкамi. Чуваць быў звонкi дзявочы сьмех. Цi адзiн зь дзяцюкоў - зашмат, вiдаць, з пляшкi пацягнуўшы - няроўнымi нагамi баранаваў. Падлеткi найбольш у шырокiх сенцах таўклiся, а каторыя сьмялейшыя, дык i ў хаце. Гэтак пры самай сьцяне зь левага боку за дзьвярмi, наперамешку з жанчынамi, тулiлася група падлеткаў-дзяўчатак. Стары дзяцюк Антось, што на вечарыны з барадой-дзеркачом прыходзiць панадзiў, каб каторай маладзiцы да болю твар нацерцi, якраз вунь падыйшоў да дзяўчатак i зубы пачаў замаўляць. Доўга не пастаяць iм цяпер. Зараз у рух пойдзе Антосева барада-дзяркач, вялiкi вэрхал ля парога падымецца, i дзяўчаткi, як мышы ад ката, ад Антося кiнуцца.

З правага, боку ля прыпечку й палаткаў, важна наперад свой бэбах выпяцiўшы, Кмiтава Аўдоля iз чародкай жанок расьселася. Квокча-гамонiць яна ў гэнай групе дый такую паважную позу трымае, як быццам тая каралева мiж свае дворнае сьвiты. Вочы ў гэнай чарнявай жанчыны ходзяць вельмi борзда, а язык анi ззаду не застанецца.

Неяк сварыўся раз на кабету Кмiта: 'Гэта-ж каб язык твой ды ў малатарню падпрог цi што, от-бы-ж i намалацiў. Ато, як тое трапло, напуста дый бяз толку нiякага...'

Шмат Аўдолiным вачом цяпер занятку было: трэба-ж бачыць, як хто апрануўся, павярнуўся, ступiў, хто з кiм танцаваў, каторая дзяўчына на якога дзяцюка паглядала й цэлую безьлiч iншых, здавалася зусiм някчэмных, дробязяў. Аўдолi яны першай вагi былi, так як нармальным людзям паветра цi рыбе вада. Не на тыдзень, а цi на месяц аб тым, што сяньня пабачыць, гаворкi мусiць хапiць. Няма-ж як папусьцiцца, каб, скажам, якая другая кабета больш, чым яна, прыцемiла. То-ж не ў чыёй iншай, а ў Аўдолiнай хаце йгрышча было.

Тымчасам Аўдолi дрэнна бачна было, а Антосю забаўную дзеўку трудна вышукаць, бо падвешаная высака пад самай столяй закуродымленая лямпа вялiкi пакой у паўзмроку трымала. Душачыся ад тытунёвага дыму й духменi, ледзь хлiпала-лiпела ў закуродымленым шкле лямпы пярынка маленькага полымя з пляскатага кната. Даставалася-ж беднай Кмiтавай, хоць i нестарой яшчэ, падлозе. Як каторы дзяцюк у вадным куце прытупваць пачне, дык колам раз, а мо й два абойдзе, пакуль скончыць.

Музыка Тадэўка, iз цымбалiстым Язэпавым Пецькам зь левага боку, маладой i прыгожай жонкай - з правага, граньнем тым цi не ў газарт сябе ўвёў. Трохрадка хадзiла ў руках ягоных лёкка й гладка, быццам сама арганiчнай часткай Тадэўкi была. А ён прыпяваў:

Мяне здалi запiсалi

Пад Аршаву ваiваць,

Маёй мiлцы загадалi

Самой дома гараваць.

Тадэўкава жонка Надзя дапамагала музыку:

А мiлёначак ты мой,

Я цябе любiла,

Цi ажэнiсься са мной,

Я ўсё варажыла.

Тадэўка зноў на зьмену:

Ой, мiлая, ты замець,

Ад чаго я стаў бялець.

Я ў дзярэўнi, ты ў другой

Рэдка вiдзiмся з табой.

А Надзя яшчэ адну:

За гарою сучка брэша

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату