- Ро-о-мак! На цю-на! - гукнуў хлапец, а сабака пачаў стрыгчы вушамi. Гэткiм чынам адбылося хрышчэньне.

Прыйдзе Косьцiк цяперака пад самае вакно настаўнiчынай кватэры, ды ўладзiць так, каб мужа ейнага паблiзу не было. Сьвiсьне ёмка на свайго кемлiвага гадунца, ды гукне: Ро-о-мэк, офяра едэн, хоць ту! На цю-на!

Паўторыць так раз цi два. Адкуль нi вазьмiся настаўнiца, тыц! - праз вакно выгляне, а калi сьцямiць, у чым справа, то ажно ёй кроў у галаву хлыне.

- Ро-о-мэк! Ты, пся крэв, хаме едэн! - паправiць падрастаючы басяк ды аж яму на сэрцы палякчэе.

Ад таго часу для лiтоўскiх людзей, а перадусiм сабакаў, новае ўтрапеньне пачалося. Чуеш - нехта сьвi-i- iсь! Гэта Косьцiк iз Ромкам iдуць. Памаленьку, ледзь ногi валочаць, забаўляючыся, нiкуды-ж iм ня рупiць. От iдуць, абы на мейсцы не стаяць, навокал разглядаюцца. Спынiлiся ля гарбатай Захаруковай хаты, што напрыканцы вёскi ля дарогi ад балота. У Захарука вялiкi сабака ў дварэ. Косьцiк да справы падыходзiць мэтадычна, майстэрства ведаючы, сабакаў зводзiць умела. Калi ўжо добра зрэжуцца, ды да крывi кусацца пачнуць, хаваецца тады хлапец дзесь за паркан цi вугал, каб усё бачыць да на людзкiм воку не тарчэць.

Старая Захаручыха з памялом цi качаргой надвор выскоквае, лямантуе: 'А каб цябе пранцы, а каб ты занаглiўся! Вон адсюль, паршывец!' Сабакi кусаюцца, Захаручыха лае й намагаецца разбаранiць, Косьцiк нейдзе праз шчылiну пазiрае й заходзiцца з рогату. Ужо наапошку, калi вiдокам налюбуецца, вылазiць з укрыцьця й таропка падбягае, робячы выгляд, што быццам ён тут нейдзе збоку справай заняты быў, а цяпер вось бедных цюцькаў памiрыць сьпяшыцца. Ну й актор-жа! спачатку не маглi людзi здагадацца. Ды нядоўга заняло iм, пакуль Косьцiкавы хiтрыкi раскусiлi. Часамi-ж, бывала, Косьцiк такi гурт сабакаў зьвядзе, такую грызьню пачнуць, так пакусаюцца, што тыднямi раны гояць.

Спачатна на такiя Косьцiкавы авантуры праз пальцы лiтоўскiя жыхары глядзелi, ды неўзабаве спасьцераглi, што ад Косьцiка й Ромкi нiякаму сабаку нi сучцы ў вёсцы мейсца ня будзе.

- Ну i ўшыўся-ж басячуга ў сабачую скуру! Каб ты галавой налажыў! - лаялi.

Насамперш хлапца Сабакевiчам ахрысьцiлi, а пасля, як найгоршага сабаку, кiямi ад хатаў гнаць пачалi. Кляў яго Пракоп Бахмач:

- А бадай ты ногi дзе паламаў, нячысьцiк апантаны! Каб табе розум твой дарэшты высах, злыдзень паршывы! Каб цябе зiмля нi насiла, дзе ты такi выгадаваўся!

Стары Бахмач Сабакевiча раз добра-ткi зiмой прывучыў. Калi ён на Тапсiка Ромку натравiў, Пракоп яго так кiём аддубасiў, што той дзясятаму заказаў i даўжэйшы час на боль у крыжавiне й iншых мяйсцох скардзiўся. Доўга й зацята Бахмачу за гэта кулаком пагражаў, аддаць ды й надбавiць яшчэ абяцаў.

Скардзiлiся людзi старому Бураку: навошта так сына распусьцiў? Прыбяры яго да рук, а ня то мы самi прывучым!

Адказваў Паўлюк: 'Што я зь iм, басячугам, зраблю, людцы добрыя? Рабiць ня хочыць, мяне ня слухаiць, сварыцца-агрызаiцца...'

Раiлi людзi: аддай дзе за краўца цi шаўца, каб наламаўся, кавалак хлеба каб у руках меў.

Паслухаў Паўлюк людзей. Не да смаку тое Косьцiку прыйшлося, калi ў другую вёску за краўца вучыцца мусiў iсьцi. Гультаюга-абiбока быў зь яго першаклясны, але-ж iголка - то не сякера цi плуг - у руках трымаць лякчэй.

Тры цi чатыры гады кравецкаму рамёству вучыўся Сабакевiч. Павесялелi за гэны час лiтоўскiя людзi, лякчэй пачало вадзiцца сабакам, калi Ромка ў старога Бурака на прывязi скуголiў.

Аб тым, што за гэны час кравецкага шкаленьня Сабакевiч зусiм новую й пабочную навуку здабываў, нi ведаць, нi сьнiць лiтоўскiя не маглi. Заразiўся Косьцiк камунiзмам. Нарэшце, - наважыў Косьцiк, - тутака ўсе адказы былi. I на будучыню ўсё добра варажыла. Вунь зь Менску (тады ўжо на Мiнск Маскалямi перайменаванага) цэлы час гарлапанiлi, што яны аб заходня-беларускiх сялянах i рабочых турбуюцца ды ў гэнай турбацыi прост-напраст бяссоньнiцай морацца, што калi насьпее такi час, дык тут не агледзiсься, як яны гэтым бедным заходнiм Беларусам руку дапамогi пададуць. Рука тая даўно, быццам, выцягнутая чакае, адно, вiдаць, час яшчэ не насьпеў.

I пачала iнтэнсыўна й напорыста працаваць Сабакевiчава галава, тая самая, якую нядаўна яшчэ 'дурной як трэба' называлi. 'Чакайце-ж, - думаў Косьцiк, прыдзе дзень, дык усiх вас як сабак выдрасiрую'.

Найбольш Сабакевiчу ў камунiзьме ўсе гатовыя адказы да смаку прыйшлiся. Чым больш думаў аб iх трапнасьцi й правiдловасьцi, тым больш iмi захапляўся. Вазьмi хаця гэты, што ў тым 'тэрцыянале' быў: 'мы наш, мы новы мiр пастроiм, хто быў нiчэм, той станiць фсем'. - От дык хвостка. Проста цымус! - усклiкнуў Косьцiк, першы раз яго пачуўшы. Ад захапленьня чаго не прысеў. Гэта-ж трэба вунь якiя галовы, каб так выдумаць! Чалавек цi адзiн злысеў-бы й рады ня даў, а тутака так проста й ясна, як у сук уляпiў: 'хто нiчэм, той фсем'. У тым лiку, пэўна-ж, i ён, Буракоў Косьцiк, што да гэтага часу самым апошнiм шэранькiм 'нiчэм' па завугольлях лындаў, дык адразу цi не на самы шчыт узьлезе. Пры такой саладжавай думцы ажно шырэў i распрамяняўся задаволенай зьедлiвай усьмешкай таўсташчокi Косьцiкаў твар. 'От каб так было, - думаў, гэта-ж нi аднаму дзе ракi зiмуюць паказаў-бы'. Думаючы пра гэтае апошняе 'паказаў-бы', зьзялi ў Сабакевiчавых вачох больш зласьлiвыя агенчыкi, чымся тады, як свайго Ромку на чужых сабакаў нацкоўваў.

Калi-ж стравiў ужо адну такую, як яму здалося, вялiкую мудрасьць, калi пасьля гэтага наважыў шмат чаго й цiмала каму будучынi паказаць, насьпела чарга й на iншае пытаньне: 'А што-ж рабiць, каб тыя, што ёсьць нiчэм, найскарэй сталiся фсем?' Тут чырвоны агэнт, гэны самы, што Сабакевiча вучыў, напагатове з адказам: 'работаць, таварышч. Iдзею в масы, от как!' Той чырвоны нозьбiт цэлае бярэмя iншага наплёў, дый ня ўсё яно ў Косьцiкаву маланаўчоную галаву адразу памясьцiлася. Адно спанатрыў, што перш павiнен сам 'рускай грамаце' падвучыцца, каб пасьля тую 'iдэю ў масы' нясьцi й шырыць, каб якнайхутчэй 'новы мiр пастроiць i стаць фсем'.

Косьцiк так заядла за працу ўхапiўся, што 'рускую грамату', быццам той галодны заяц мёрзлую капусту, церабiў. Свае лiтоўскiя людзi нашто ўжо Косьцiкаву натуру ведалi, а цяпер, каб гэта ўбачылi, дык нiколi не далi-б веры, што гэты пiльны вучань быў той самы злодзей i злыдзень Сабакевiч, што некалi ў пачатковай школе дзiркi на каленях папрастойваў.

Калi Косьцiк пасьля навукi з рамёствам у руках у родную вёску вярнуўся, мала хто яго пазнаў. Падрос, паразумнеў, нават папрыгажэў. Ужо хто як хто, але нават тая самая пахатуха Аўдоля галавой зьдзiўлена кiвала: 'А ягодка-ж мая, а мiленькая, глянь, як зьмянiўся хлапец. Як свае навучыць нi сумелi, дык чужыя радачку далi. Як пагараваў, дык i агледзiўся, нябось. Можа й будуць з яго яшчэ людзi, ягодка ты мая любая'.

Нiхто ў Лiтоўцах аб заразьлiвай Сабакевiчавай хваробе ўявы мець ня мог, аж пакуль каля людзей не пачаў церцiся. Сяляне-ж лiтоўскiя наагул чыстыя й здаровыя былi, на сваiх трывалых устойлiвых карэньнях гадаваныя, чужымi моднымi хваробамi нiколi дагэтуль не занемагалi. Хто-ж мог тады ў чым Сабакевiча падазраваць?

Сам Косьцiк напачатку надта-ткi нясьмела й асьцярожна пачаў. Калi-ж спасьцярог, што хвароба даўжэйшы час да нiкога прышчапiцца не хацела, iзноў тыц да таго агэнта: 'так i так, маўляў. Памажы, бо нiчога нi выходзiць'. Той насамперш Косьцiку добрую языковую лупцоўку даў, а пасьля раiў: 'ты, брат, что? Беларучкай iдзею в масы думаеш? Так ня йдзёт! Ты iм, мол, проста й адкрыта, да ешчэ й лiцературу, вот как!' Пасьля такога настаўленьня ўзяўся Косьцiк iншым тэмпам, з агнём i энтузiязмам завiхацца.

Людзi лiтоўскiя цi раз раней пра камунiзм чулi, а часамi й ад перабежчыкаў (мяжа-ж не за гарамi была) 'з таго боку' весткi лавiлi. Цiкава-ж было, як там 'у самым раi' жывецца. Ды неважнецкае ўцекачы пра 'чырвоны рай' апавядалi. Значыцца, i ў гэтай галiне многiя лiтоўскiя падкаванымi былi. Жахнулiся, спасьцярогшы, што рабiў Сабакевiч. Iзноў вясковую рэакцыю на ягоную працу цi не найлепш падсумавала Аўдоля:

- А ягодка-ж мая, а мiленькая, а цi-ж нi казала я, што зь яго людзей ня будзiць? I чаго толькi гэткаму добрыя людцы дзiвяцца? Цi-ж то ня ён першым зладзюгам у вёсцы быў? Цi ня ўсiх сабак пазводзiў ды палову, як ня болi пакалечыў? Гэта-ж калi ў цюрму за бальшавiцкую работу трапiць, дык туды яму й дарога! Благое ня сеiш i нi даглiдаiш, яно само расьцець.

Калi ўжо лiтоўскiя добра ў Косьцiкавай хваробе ўверылiся, некаторыя здалёк ад яго, як ад пошасьцi, пачалi трымацца. Iншыя-ж нi так нi сяк ды ўсё-ткi-ж на бок старанiлiся, каб лоб у лоб не сутыкнуцца, але каб

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату