Хто ведае, цi не прабавалi калi людзi з Гараваткi ўжыткоўную зямлю зрабiць. Мо сьлядамi гэных спробаў былi крушнi каменьняў, што й цяпер мейсцамi на сугры ляжэлi. А мо камянiстасьць Гараваткi была прычынай, што сквапныя на зямлю пачынальнiкi, апусьцiўшы рукi, разьвiтацца мусiлi з добрымi намерамi.

Кажуць, што некалi з Гараваткi, як з тэй перадойкi ўзiмку, была людзям нейкая малая карысьць: гэта як чыгунку будавалi побач, адсюль каменьне, жвiр i пясок цягалi, каб выраўнаць западзiны цiмала якiх мяйсьцiнаў на чыгуначным шляху. Апавядальнiкi аб страхалецьцях настойвалi, што якраз гэным часам, заглыбака сугор рыючы, чарцей ды iншую нечысьць у Гараватцы зачапiлi, дык ад таго часу зданi й iншае лiха пачатак бярэ.

Ведама, што на працягу стагодзьдзяў Гараватка дала прытулак цiмала якiм напасьнiкам на нашую бацькаўшчыну; казалi, што ляжалi тут косткi Швэдаў i Французаў, Палякаў ды Маскалёў, Немцаў ды iншых. Некаторыя цьвердзiлi, што якраз таму такiм буйным i ўстойлiвым рос Архiп, бо попеламi чужнiкоў жывiўся. Што-ж да чарцей, то, калi й былi яны, дык ладна патрывожылi iх Першай Сьветавай Вайною.

Кацiлася гэная вайна, кацiлася, дый у ваколiцы Лiтоўцаў прыкацiлася. Грымела дзесь воддаль дый да Гараваткi дагрымелася.

Прыйшлi зноў чужнiкi ды аблюбавалi Гараватку цi не за тое, што над ваколiцай панавала. Як краты, пачалi рыць-тачыць грудзi ейныя, пасьля-ж у гэныя вытачаныя норы й канавы зашывацца. Пачало вухкаць з Гараваткi па ўзьлесьсi й гасьцiнцы, што ля лесу бег, а гэныя другiя зь лесу, каб у даўгу не застацца, ды гэтым гаравацкiм у вадказ. I пражылiся, курылiся, смылелi агнём, травiлiся лiтоўскiя гаспадаркi, бацькаўшчыны i дзедаўшчыны працавiтых i нiчым тут не вiнаватых лiтоўскiх сялянаў. Лiтоўскiя-ж мужчыны й жанкi, па сваiх меншых норах хаваючыся, на тое вуханьне ў вадказ: мала тут свае было нечысьцi, дык яшчэ другiх iншых рагатых з-за паўсьвету папрыганяла.

Адзiн Архiп, як i раней, горда й непарушна стаяў на горбе i як-бы ўсёй тэй галасьлiвай вакольнай мiтусьнi абыякава сваiм старэчым чубам прыглядаўся. Што яму! Адзiн цi другi кавалак зялеза-асколка, або якая куля ў камель пападзе, кару адшчэпiць. Пападалi-ж i раней. Адно каб пачаў лiчыць, колькi гэта на працягу свайго даўгога веку ранаў перанесьцi давялося. Гэта-ж не навiна. Перажыў тых, сплывуць i гэтыя. Яны, бы той вецер, што аб ягоную карону й магутны камель разьбiваюцца: павухкаюць, за чубы патузаюцца дый пойдуць. Ён-жа быў, ёсьць i будзе: устойлiвы, трывалкi й непарушны.

Цягнулася гэная перапалка доўга й не давала жыць людзям лiтоўскiм. Калi-ж нарэшце адгрымела i адвухкала, калi адплыла чужая хваля, павылазiлi лiтоўскiя з нораў сваiх, ды пайшлi мужчыны на Гараватку парадак рабiць. Трэба-ж было тым, што за 'гаймат' дужалiся й тым, што 'за веру, цара i ацечаства' ходалiся, у Гараватчыных грудзёх прытулак даць. I апошняе слова зноў было за лiтоўскiмi: 'Лезьце, - казалi яны, - у вадну яму! Мы вас от цяпер памiрым. Гэта-ж нявiдана-няслыхана, пазганяў вас сюды чорт на галовы нашы з-за паўсьвету!'

На парытых-паточаных, ваенным хламам засьмечаных грудзёх Гараваткi, вырас падоўжны, быццам той сьцiртаваты капец бульбы, сьвежы курган. Побач ранейшых прыблудаў, што тут вечны супачын сабе знайшлi, трухлець ляглi косьцi новых ахвяраў, што не за свае звадкi Бог ведае адкуль ходацца сюды прыйшлi. Швэды цi Французы, Маскалi, Немцы цi Палякi - усiм роўны прытулак дала беларуская зямля.

Лiтоўскiя-ж людзi ў бальшынi богабоязныя, пабожныя былi. Мала калi было, каб каторы йдучы цi едучы, пры дарозе каплiцу цi крыж вялiкi драўляны зь фiгурай Збавiцеля або й безь яе сустрэўшы, крыж на сваiм перадзе не зрабiў i 'мiца i сына' не сказаў. Вось чаму цяпер ля гэтага сьвежага кургана вырас вялiзны, з тоўстай роўнай бярозы змайстраваны крыж, а на iм самародкам-мастаком выструганая фiгура Збаўцы. Цяперака цi адзiн шашаль ужо крыж той патачыў, дый сам ён пад цяжарам аднаго цi двох дзясяткаў гадоў спаважнеў i на бок пахiлiўся. Iншымi мейсцамi на сугры ў западзiнах вырасьлi сосны й хвоi, а ў нiжэйшых мяйсцох, дзе на глiне трымалася вада, нават i кустаўё.

Бадай цi ня ў кожнай вёсцы беларускай была аблюбаваная мясьцiна, што на языкох апавядальнiкаў аб розных жахах i злыбядзе пакутавала. Такой мясьцiнай, што па сваёй маляўнiчасьцi не паддалася-б многiм iншым, Бог ведае як даўно была Гараватка. Дзеткi лiтоўскiя, што толкам бабчыны цi матчыны апавяданьнi цямiць маглi, пабажылiся-б, пэўна, што ў Гараватцы водзяцца чэрцi, паказваюцца зданi, што бадай калi каму й у пекла трапiць давядзецца, дык дарога туды будзе цi не праз Гараватку весьцi. Калi, бывае, усходзiцца ў вёсцы з плачам каторае малое, так i пачуеш з матчыных вуснаў: маўчы, а то чорт гаравацкi пачуе! Мала таго: калi хто з суседнiх каторага лiтоўскага, завёўшы звадку, за жывое стараўся скубануць, дык чортам гаравацкiм называў. Дзеяла, як на быка чырвоны рызман.

Папраўдзе кажучы, каб усяму веры даць, дык, мусiць, у Гараватцы ад чарцей, чарцянят i iншай нечысьцi аж кiшэла. Узiмку пад Пiлiпаўку вадзiлi тут свае карагоды ваўчыцы, страхотным выцьцём ваколiцу поўнячы. Гараватка была маляўнiчая й таямнiчая, страшная й прынадная. Дзiва няма, што малеча нагой ступiць у Гараватцы пабойвалася, а старэйшыя ўпоцемку ад яе старанiлiся.

Хцiвыя да выдумкаў апавядальнiкi заўсёды непрыкметна на баку пакiдалi адно не апошняй важнасьцi: калi й як гэтая цiкавая мясьцiна дастала хрышчэньне. Адныя парознаму тлумачылi, iншыя згадкамi таямнiцу гэтую раскрыць намагалiся. Калi-б хто й хацеў аб тым назове з усiх бакоў памяркаваць, дык цi не дайшоў-бы ў сваёй галаве, што Гараватка нейкiм чынам параднiлася з 'горам', 'гараваць' i iншымi з гэтага выводнымi абазначэньнямi. А калi так, то цi трэба яшчэ гаварыць, аб чыiм горы была мова...

III

Тыднi тры ня быў удома Янук. Карцiла яму бегчы. Пакуль да бацькi забяжыцца, словам-другiм iз старымi перакiнецца, пакуль на вечарыну зайдзе, дык вунь як позна будзе. А ноч-жа цяпер кароткая, яе не надточыш. Босыя Януковы ногi, што за дзень за каровамi набегалiся, вунь якiмi нецярплiвымi цяпер сталi i ўжо якнайхутчэй манiлiся з асаднiкавага двара пад бацькаў дом панесьцi. Адылi перш вырашыць трэба было пытаньне: куды йсьцi? Цi гасьцiнцам, ды зрабiць лiшнi кусок дарогi, цi кроiць нацянькi праз Гараватку? Калi-б асьмелiўся нацянькi, можа было-б скарацiць цi не ўтрая дарогу. I трэба-ж было, каб гэтая Гараватка, як на злосьць Януку, упоперак дарогi да бацькоў лягла. Калi-б гэта быў дзень, дык нiякае загваздкi: смаргануў-бы нацянькi й квiта. Цяперака-ж пакуль перабяжыш поле Лазоўскага, там праз мокрадзь ля канавы перабярэсься, зарасьнiкi мiнеш, што з гэным вялiкiм борам лучылiся, ды на Гараватку ўзьлезеш, дык глядзi колькi часу мiне.

Янук кiнуў вокам на захад. Сонца закулiлася ўжо за зубата-кашлатую карону бору, зьнiзу ярка пазалочваючы пер'е рэдзенька расьцярушаных па небе хмарынак. Ужо шарэла. Марудзiць няма калi. Потная левая рука сьцiскала тры малыя манэты ў кiшэнi даматканых зрэбных портак. Тапсiк, зьеўшы страву й вылiзаўшы старанна чарапок, аблiзваўся й пазiраў на хлопца, трымаючыся напагатове, каб спадарожнiчаць. Пастух зiрнуў на сабаку й наважыўся. 'Маючы такога добрага таварыша, - думаў ён, - дык хто там будзе чарцей баяцца, калi яны й ёсьцека'.

Калi Янук, выбегшы за вароты двору, рушыў у кiрунку Гараваткi, Тапсiк, як ёмкi мяч, кульнуў раптоўна наперад, апiсаў навокал хлопца вялiкае кола ды, радасна брэшучы, скочыў яму на грудзi, намагаючыся лiзнуць у твар. Сабака, вiдаць, здагадаўся, куды сьпяшаўся ягоны гаспадар. Яму таксама карцiла зьбегаць у родную вёску, старыя куты абшнарыць, iз знаёмымi й даўно нябачанымi сябрамi пацяўкаць цi панюхацца.

Любiў Янук свайго Тапсiка. Шчанюком узяў яго ад маткi, што надта заядлая й крутая была. Тапсiку цяпер пад тры гады было. Разумны й паслужлiвы ўдаўся мала дзе такога знойдзеш. Хлопчык муштраваў яго, часу не шкадаваў, уцеха з таго вялiкая была. Цяперака за тое меў добрага памочнiка вартаваць статак. Зiмою сабака паквапiўся нават зь Януком у школу пайсьцi. Калi аднойчы надакучыў у школе вартаўнiку, а раз падчас заняткаў асьмелiўся нават клясныя дзьверы лапамi скрэбсьцi, каб да свайго гаспадара дабрацца, давялося пакiдаць ягу ўдома.

Крокаў цi не на дзесяць шырокая канава была напалову напоўненая вадой. Янук знайшоў тое мейсца, дзе з аднаго боку на другi перакiнутыя былi дзьве жардзiны, ды асьцярожна, растапырыўшы рукi, каб атрымаць раўнавагу, пераходзiў на другi бок. Тапсiк скочыў праз ваду, i, калi Янук ступiў на бераг, сабака абтрасаўся ўжо й ветлiва вiляў хвастом.

Сьцежка вяла праз густы зарасьнiк. Калi Янук упёрся ў Гараватку, ужо цямнела й на небе паказалiся першыя зоркi. Ведаў хлапец Гараватку як сваю пяцярню. Цi раз iзь сябрамi лазiў тут па старых акопах, заглядаў у часткова засыпаныя ўжо блiндажы, цешыўся, калi знаходзiў пайржавелую амунiцыю, зь якой любiў забаўляцца на пасьце ля вогнiшча. Вандроўкi тыя адбывалiся ўдзень, калi Гараватка не была небясьпечная й зусiм iнакш выглядала, чымся цяпер. У цемры яна камплетна зьмянялася, набiрала нейкай страхотнай таямнiчасьцi. Здавалася, што сваёй шырокай каронай падпiраў Архiп усеяны залатымi зоркамi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату