i вiду аб тым, што ўхiляюцца ад яго, Косьцiку ня даць. Хто-ж яго ведае, што заўтра будзе. Адзiн Шпунтоў Лявон i Макатунiшчына Параска Косьцiкаву немач перанялi, ды тым часам людзi таго не спасьцераглi.
Сам-жа Сабакевiч проста збаранеў быў i ня мог угадаць, чаму людзi, здаецца-ж i недурныя, а такой вялiкай i сьветлай, як сонца, праўды бачыць ня могуць: тут-жа й аб 'новым мiры', i аб 'зямлi для фсех', i аб 'раўнаправii' было; адным словам, што табе толькi ў галаву набегла, каб жыцьцё паправiць, дык яно там рыхтык i ёсьць. Чаму-ж тады такой вялiкай мудрасьцi ня бачылi й напярэймы камунiзму не сьпяшалiся?
Тут Косьцiк Сабакевiч - нашто ўжо тупiца быў - свой собскi 'клясавы' адказ знайшоў ды ўсiх людзей у Лiтоўцах прыблiзна так на гэныя бальшавiцкiя клясы падзялiў:
Першая група: багатыя. Сюды належалi лекар Зянкевiч, 'амэрыканец' Сявенька й iншыя, што яўнымi ворагамi ягоных iдэяў былi.
Другая група: сераднякi, якiх у Лiтоўцах некалькi было. Усе яны прыдуркi, бо ня хочуць разумець, што камунiзм iм лепшую долю нясе.
Трэцяя група: бедныя, якiх была ў вёсцы бальшыня, або тыя, што разумеюць яго й памагаюць - значыцца, найперш Шпунтоў Лявон i Параска Макатунiшка.
Сябе-ж, вядома, Сабакевiч лiчыў найразумнейшым у вёсцы.
Гэтак падзялiўшы людзей i запрогшы на помач тых, што да ягонай iдэi хiнулiся й памагалi, узяўся цяпер Сабакевiч мэтадам 'проста й адкрыта iдзею в масы', дакладна гэтак, як i раiў той агэнт. Так заўзята пхаў Косьцiк гэную 'iдзею в масы', што не спасьцярог, як 'жондова владза' ягоны троп абнюхала ды й на хвост наступiла. Тут Косьцiк быў, i тут раптам яго не стала: глядзiш, i ўжо 'да козы' ўпяклi. Калi-ж год у той 'козе' адсядзеў, iзноў на сьвет вольны пусьцiлi.
Аддыхнуў Сабакевiч чыстым сьвежым лiтоўскiм паветрам, носам на бакi пачмыхаў, перадумаў iзноў, як i што, ды й давай за ранейшае, хоць куды ўжо асьцярожней. Ды як не высцерагаўся, ледзь не на дыбачках 'iдзею в масы' валочачы, усяроўна каму да таго справа была, дык падпiльнавалi, ды й не агледзеўся Косьцiк, як iзноў забрыталi й 'до пакi' пацягнулi. Гэтым разам наважылi, мусiць, што трэба Сабакевiчу памагчы з галавы дурноту выпатрашыць. Калi ўжо чаго лепшага зь яго ня будзе, дык, можа, хоць парабок якi панскi. Вось чаму спачатку 'двадзесьця пеньць' уляпiлi, а пасьля аж на два гады ў той 'пацы' замкнулi.
Пасьля зьняволеньня Сабакевiч на волю ў Лiтоўцы не вярнуўся. Яго тут як абскубанага, усе ягоныя хады й выхады ведалi, на бок ад яго старанiлiся. Паехаў Косьцiк па людзях шыць ды пашываць. Шыў-бы можа сабе на карысьць i людзям на пацеху, калi-б рукi пры сабе трымаў. Дык-жа не. Iзноў ранейшае пачаў. А пiльнае вока ўлады ня спала, за Косьцiкам сачыла. Ужо палiцыя на тропе была, ды Косьцiк гэтым разам, як старая выпрабаваная лiса, пранюхаў ды выперадзiў, наважыўшы скрывацца. Пошукi даволi забаўнымi зрабiлiся, але шпiкi промаху далi. Калi ў дзень Яна ў Гацях нехта чырвоныя афiшкi параскiдаў, адразу спанатрылi, што Косьцiкавых рук гэта работа.
V
Лявон Шпунт быў Сабакевiчавым аднагодкам. Разам зь iм пачатковую школу наведваў, разам садовiну латашылi, гароднiну палолi-падлiчалi, адно разам настаўнiчынага гадзiньнiка ня сьцiбнулi. Раней за Косьцiка скончыў Шпунт пачатковую школу й, пакуль той вылез iзь першай, гэты ўжо ў гацкай сямiгодцы дзьве клясы надрабiў. Бацька наадрэз адмовiўся Лявона ў гiмназiю паслаць. Зямлi меў уволю, дык навошта сына вучыць? Трымаўся яшчэ дзедаўскiх гэтак званых мудрасьцяў, што ў школе адно на панкоў-дармаедаў вучаць. Манiўся Лявона да плуга наламаць, адылi той наконт гэтага зусiм iнакш думаў: яго й блiзка на вяроўцы да плуга не зацягнеш.
Ня толькi здальнейшым, але скрытнейшым i памяркоўнейшым быў Шпунт за Сабакевiча: нiчога не рабiў на хапу-лапу, а стараўся з развагай. Нейкi час ля дому бiбiкi зьбiваў. Прыгожа абшалёваная й дагледжаная хата ды гасадарскiя будынкi Шпунтовага бацькi стаялi на вялiкiм хутары на схiле ля Гараваткi. Адгэтуль уся вёска, быццам на далонi, вiдаць была. Сядзiць, бывала, Лявон дома, бяз працы ацялюгваецца, лiсу ў клетцы кормiць, на гармонiку на ганку пiлiкае, цi iншай нябылiцай час марна травiць. Што бацька нi загадае аднекваецца. Клянi ты яго цi не, хоць асiнавы кол яму на галаве чашы, нiчога не памагае.
- Сышоў-бы ты з маiх вачэй, гультая кусок! Дзе ты такi зломак на маю галаву ўзяўся! - бурчыць стары Шпунт, бачачы сына за бязьдзелiцай. Адно Шпунцiха сяк-так сынавы iнтарэсы талеравала. У яе-ж ён - адзiная пацеха.
I сам Лявон надумаўся з вачэй сыйсьцi бацьку, калi не назаўсёды, дык хоць часамi. Меў ён добры новы ровар. У гэны час ровары ў 'панстве' польскiм надта-ж дарагiя былi. Як-нi-як, з-за межаў часткi прывозiлi, а ўдома складалi. I вось паехаў аднойчы Шпунт на тым ровары ў воласьць, каб працу напытаць.
Першы раз не пашэньцiла, дый столькi тэй бяды. Яму-ж не сьпяшалася. Усё абнюхваў распытваўся, думаў. Аднойчы неяк мяйсцовы солтыс 'дзiравы шляхцюк' Паўлоўскi нехаця нацякнуў, што 'драгомiшча' да направы валасных дарогаў трэба было-б. Солтыс, вядома, ня выдумаў гэта, а ледзь ня з самага верха чуў. Лявон аберуч за такую нагоду ўхапiўся. Навошта ўжо тады была ягоная шасьцiклясная асьвета, каб, прыкладна, якой канавы ля дарогi адмерыць ня здоляў, цi 'шарварку' дагледзець, каб выкапалi, ня мог? Адбылася такая транзакцыя мiж 'панам солтысам' i Шпунтам: Лявон задубiў шляхцюку пляшку 'чыстай звыклай', зь якой тут-жа й пацягнулi за посьпехi будучага 'драгомiшча', а солтыс пагаварыў iз валаснымi дарожнымi ўладамi, i ў вёсцы Лiтоўцы новы 'ужэнднiк' пан Лявон Шпунт нарадзiўся.
Прайшоў месяц i гляньце, людцы мае: 'драгомiшч' Шпунт так руку на новай працы набiў, што здавалася 'драгомiшчаўскiя' мудрагельствы ён яшчэ з матчынай калысцы iз соскай усвойтваў. Асаблiва-ж выгляд: выглянцаваныя iз кароткiмi хромавымi халяўкамi боцiкi, за халявiнай мерка, зялёныя галiфэ порткi, чорны або шэры пiнжак, расхрыстаная ў палоскi кашуля ('драгомiшч' у гальштуку не выглядаў-бы падзелавому), кепка-шапка набакiр. Бальшыня такiх, як Шпунт, начальнiкаў гiмназiскiя шапкi з абгрызенымi цэшкамi насiла. Лявон-жа й блiзка гiмназii ня быў, дык вось i мусiў у шэрай кепцы начальнiчаць.
А прыгледзелiся-б вы як Лявон на працы паводзiцца - пацеха цэлая. Iдзе з такой важнецкай мiнай, дубчыкам хвоскiм па халявiне для фасону сьцёбае, працу разьмяркоўвае. Здаецца, што палкi й брыгады войска да бою ставiць. I голас Лявонаў, як трэба дзе падагнаць было, надта-ж стымулюючым быў. Добра папацелi людзi пад Шпунтовым наглядам, што й гаварыць.
Спачатку аднавяскоўцы, даведаўшыся, што Лявон такiм важным начальнiкам стаўся, надвое варажылi: а мо й лепш, што свой, мо й пасобiць калi, лiшняга адработку прыпiсаўшы. Бывала цi адзiн селянiн, гэтага новасьпечанага начальнiка сустрэўшы, шапку зьняць i дабрыдзень сказаць памкнуўся. Усё да часу. Шпунт хутка сябе добрым панскiм служакам выявiў. Людзi абмiнаць яго на дарозе пачалi.
- Нi па бацьку ён пайшоў, - казалi лiтоўскiя. - Мусiць, не на той капыл роблены. Удаўся во хлыст апантаны, людцаў бедных ганяiць.
Меў Лявон i якасьцi, зусiм у Сабакевiча непрысутныя: адфраньцiцца ды на людзкое вока паказацца любiў. Дяўчатаў-жа любiў амаль усiх без разбору, толькi адных больш а другiх менш. З гэтай прычыны даўно прылiплi да яго дзьве мянушкi: франт i бабнiк, а пасьля ўжо й хлыст. Апошняя замацавалася ў пазьнейшы час.
Адно схiлiцца на захад сонца, глядзiш - Шпунт-Хлыст, адчыканiўшыся, у вёску дарожкай на ровары з бацькавага хутара прэ, ажно пыл ззаду курыць; блёнд-чупрына, набок зачэсаная, зь ветрам забаўляецца. Калi мiнае хату або дзе дзяўчыну ўгледзiць, да якой яму цяпер ня рупiць, наўмысьля прыкiдваецца, быццам ня бачыць яе, яшчэ больш на роварныя ступнi нацiсьне: гляньце, не да вас мне цяпер. Справы ў мяне вунь якой важнасьцi й размаху. Чалавек я наагул, казаў той, бывалы, не абы каму роўня ды й вунь якiмi вялiкiмi справамi варочаю.
Зiрнуць вясковыя жанкi, як Шпунтоў даўгi цень па вулiцы й сьценах гаспадарскiх будынкаў выкрыўляецца, дый кажуць: 'Глянь, во як папёр падла! Цi не абнюхаў ужо што ў другiм месьце...'
А Шпунту-Хлысту якая да таго справа, што вясковыя жанкi языкамi меляць? На тое-ж даў iм Бог языкi даўжынi адпаведнай. У яго свае, аднаму яму толькi шпунтоўскiя справы вядомыя. Цяпун кабетам на языкi! Лявон - чалавек хаджалы, абабiты, дый кругом, казаў той, удалы; ён - зусiм непаседлiвая птушка, iнтарэсаў у яго безьлiч. Iнтарэсы гэныя яго кожны вечар у людзi гоняць, ажно бедны ровар ад уцехi з таго гону пiшчыць.
Меў адну слабасьць Лявон. Каторы ўжо год на трохрадцы пiлiкаў, граць вучыўся ды як сьлед налажыцца ня мог. Усе ведалi, што не музыка, а партач зь яго. Але Лявон думаў накш. Глядзiш, бывала, на вечарыну сваю новую, дарагую трохрадку прывалачэ, дзесь збоку воддаль ад музыкi прымосьцiцца. Калi-ж Тадэўка ад сваiх трасухаў зьняможыцца, перадыхнуць захоча, падойдзе хто з маладых - скажа Шпунту: 'Заграў-бы ты, Лявон, што небудзь, танцаваць-жа рупiць.'
Любасьць пагледзець, зь якiм майстэрствам Шпунт адмаўляцца пачне.