Чорная, кудлатая,

Мяне хлопчыкi ня любяць,

Бо я нiбагатая.

Надзя была ня меншай весялухай, чымся сам Тадэўка. Некалi гармонiк гэтую пару на жыцьцёвым шляху злучыў. А моладзь круцiлася ў вiхры полькi, быццам ад спраўнасьцi й вытрываласьцi ў скоках залежала слава цэлай вёскi. Было цiмала з суседнiх вёскаў, дык мо каторыя лiтоўскiя не хацелi перад iмi падгадзiць. А Тадэўка - спацелы, iз раськiнутымi на бок даўгiмi валосамi - быццам заўзяўся, каб з ног звалiць самых найтрывальшых танцораў. Побач заўзята памагаў яму цымбалiсты Пецька. Кiйкi ягоныя, як апантаныя чэрцiкi, скокалi, перабiраючы па струнах.

Янук, прабегшыся па панадворку, перакiнуўся колькiмi словамi iз сваймi цёзкамi й сябрамi, пераступiў высокi парог сенцаў i ўжо ў хату ўвайсьцi мецiў, як нейчая рука, быццам клешчамi, сьцiснула правае плячо. Над самым Януковым вухам загудзеў бас:

- Ты казаў каму, што мяне ў Гараватцы вiдзiў?

Гэта быў пан 'драгомiшч'. Ад яго тхнула смуродам манаполькi.

- Ну кажы, кажы! - спанукаў ён, адцягнуўшы Янука ў цёмны кут, каб нiхто ня бачыў, ды балюча цiснуў правую руку.

- Пусьцi!

- Кажы!

- Не, нi казаў нiк...

- Ну глядзi-ж, бо як скажаш i я дазнаюся, дык дзiсятаму закажаш!

У Лявонавым голасе гучала сур'ёзная пагроза, што нагнала хлопцу страху. Вызвалiўшы руку, ён вомiг адскочыў ад Лявона й убег у хату.

У паўцемры намагаўся разгледзецца, дзе што робiцца. Пацiснуў у качарэжнiк, каб нiкому не замiнаць пад нагамi дый найбольш бачыць. Перш за ўсё ўтаропiўся ў вабразы на покуцi. Здалося яму, што ад накуранага дыму й пылу аж насупiлiся брывы нейкага сiвабародага сьвятога й ледзь ня млела, трымаючы Богуша Лазара Крыж, Прадславiна рука.

Неўзабаве спынiўся гармонiк, i дзеўкi ды дзяцюкi цiснулiся пад дзьверы, каб выйсьцi на двор прахаладацца, калi зь сенцаў пачуўся голасны загад папольску:

- Стой! Нiхто ня выходзiць!

Янук пабачыў у сянёх два электрычныя лiхтарыкi. Адзiн запынiўся пры знадворным парозе, другi асьвяцiў сенцы. Янук кiнуў вокам у той кут, дзе нядаўна затрымаў яго Лявон. Там нiкога не было.

Адзiн палiцыянт застаўся ля знадворных дзьвярэй, а другi ўвайшоў у хату. Гэтага малажавага, што ўвайшоў, Янук ведаў з Гацяў: зваўся Вадзiмскi. На плячох меў стрэльбу. У хаце, як быццам на каманду, ўсё прыцiхла. Людзi пастаранiлiся, i Вадзiмскi стануў пасярод вялiкага пакою, левай рукой пагладзiў кароткiя чарнявыя вусiкi й голасна сказаў:

- Сяньня ў Гацях на фэсьце былi раскiданыя бальшавiцкiя афiшкi. Вы, пэўна, ведаеце, чыiх рук гэта работа.

Тут Вадзiмскi цi не наўмысьля затрымаўся, прыглядаўся моладзi й старэйшым, што сядзелi на лавах, або падпiралi сьцены ля парогу цi ля вялiкай печы. У гэтым часе, асьмелiўшыся, мусiць, цiшынёй навокал, вылез спад лавы вялiкi шэры Кмiтаў кот i наўскасяк праз пакой, ля палiцыянтавых, чыста выглянцаваных, але ўжо запыленых ботаў пабег да парогу. Наконт такога катовага падарожжа цi адны пачалi гадаць: як яно гэта варожыць, добра цi дрэнна? Некаторыя захiхiкалi. Малеча яшчэ больш заўзята чаплялася знадворку на падваконьнi, сунула ў хату галовы, каб пачуць i пабачыць, што робiцца.

- Я хачу, каб хто ведае, дзе ёсьць Косьцiк Бурак, сказалi мне! - загадна прамовiў Вадзiмскi.

Сьмешным нават выглядаў такi зварот. Цi-ж гэты панок думаў, што калi-б людзi й ведалi пра Сабакевiча, дык яму публiчна сказалi-б? I тады Янук блiзу на самым покуце пабачыў Шпунтовага Лявона. Прысуседзiўся ён да Хвядосавай Манькi, дзяўчыны прыгожай i кемлiвай, ды ўжо нешта шаптаў ёй на вуха, быццам тая палiцыянтава гаворка не яго датычылася. 'Добры зь яго чмут' - прабегла ў пастуховай галаве. Лявон, быццам выклiканы, зiрнуў на Янука.

- Я маю час, - спакойна сказаў Вадзiмскi. - Пачакаю. Можа, хто з вас i прыпомнiць.

Некаторыя пачалi мiжсобку шышыкаць, i бачна было, што такое захаваньне прадстаўнiка ўлады дражнiла шмат каго. У левым куце ад дзьвярэй, дзе стаяла надта-ж войстрая на язык Пiлiпава Аксеня, чуваць была паўгалосная спрэчка.

- А от i скажу, - гаварыла Аксеня суседцы Вульляне. - Як яму ня сорам!

Палiцыянт выняў з кiшэнi срэбную папяросьнiцу, выцягнуў адтуль адну 'Аванты', паволi прыпалiў кругленькай пазалочанай, наводля знараду, запальнiчкай, зацягнуўся духмяным дымам i паглядаў навокал.

- Ну дык што? Нiхто ня ведае?

- Паночак, я ведаю, - пiснула Пiлiпава Аксеня.

Усе разявiлi ад зьдзiўленьня раты й так прыцiхлi, што, здавалася, можна было пачуць гудзеньне пралятаючага камара.

- Гавары, старая! - сказаў з усьмешкай задавальненьня Вадзiмскi.

- Ён у мяне, паночак, пад спаднiцай схаваўся. Калi хочаш, дык зараз пакажу!

Аксенiн тон быў сур'ёзны й задзiрысты. Палiцыянт зьбялеў, а публiка ўся стрымала дых. Трывала так сэкундаў пяць, ня болей. Пасьля нехта грымнуў залiвiстым рогатам, а за iм усе гуртам. Зарагаталi так, што, здавалася, Кмiтава хата ад сiлы сьмеху развалiцца. А ў гэным рогаце ледзь чуваць быў палiцыянтаў крык:

- Ты, стара псякрэў! Мiльчэць, хамы! Вы фшысцы комунiсьцi, вас як псуў постшэляць, кацапы!

Палiцыянт Вадзiмскi, як варам аблiты, выбег на двор i там iз сваiм таварышам далi волю языком у лаянцы, найбольш зьдзекваючыся зь лiтары 'р'. Не марудзячы, селi на ровары ды, праводжаныя ля вясковых двароў сабачым брэхам i басаногiмi дзецьмi, якiх цiкавiлi зiхатлiвыя гузiкi, 'ажэлкi' й вялiкiя лiхтарыкi на грудзёх, пакiнулi Лiтоўцы.

Пiлiпаву Аксеню нахвалiць удосталь не маглi. Не за тое, што, быццам, яна за Косьцiка заступiлася, ледзь ня гераiняй стала. Мала хто Косьцiку й ягонай пазавугольнай працы прыяў. Задаволеныя лiтоўскiя сяляне былi тым, што, калi няма Сабакевiча, дык хоць сабакi мелi супакой. Аксеню ледзь на руках не падкiнулi за ейныя хлёскiя, салёныя, у час сказаныя словы, якiмi так зручна й умела за адным махам палiцыянтаву наiўнасьць i дурноту ўсiм як на далонi паказала.

Пасьля даўгаватага й вясёлага перапынку яшчэ ямчэй кiнулася ў скокi моладзь. Прыйшла ў чатыры пары 'Лявонiха', i тут паказалi сваё ўмельства найбольш спрактыкаваныя.

Шмат чаго бачыў за гэны дзень Янук. Паўсталi пытаньнi, якiх сам ня мог здужаць-абмяркаваць. Чуў раней, што за Сабакевiчавым Косьцiкам ганялася палiцыя, што быў дзесь у вязьнiцы (мусiць яна страшная й там моцна мучаюць людзей), ведаў, што не любiлi яго лiтоўскiя, што кляў бацька. Шмат ужо наслухаўся Янук. Косьцiка памятаў слаба, бо гэны ладную жменю гадоў паза вёскаю бадзяўся. Цяпер-жа Янук на свае вочы бачыў, як палiцыя шнырыла, шукаючы гэтага 'камунiсты'. Калi сама палiцыя за iм ганялася (а чамусьцi ён думаў, што палiцыя вечна занятая й на гэткае часу ня мае), значыцца, Косьцiк мусiў быць важным чалавекам. А чаму-ж ён такi? Што гэта 'камунiсты'? Чаму Шпунтоў Лявон насядаў на яго, каб нiкому анi-гу- гу аб тым, што бачыў яго ў Гараватцы? Што там былi за афiшкi на фэсьце? Чаму гаварылi аб iх зь нейкiм нясмакам, быццам гэта было нешта гаркое, паводля зерня перцу, што якнайбаржджэй стараесься з роту выплюнуць?

Не забаўляўся Янук доўга на йгрышчы. Пасьля ад'езду палiцыi, паслухаўшы, што людзi гавораць, пабег хутка дамоў, каб распавесьцi бацьком. Ягоны кульгавы брат Мiкола, дзесь чарку гарэлкi зь некiм кульнуўшы, пабуянiць за дзесяць чарак хацеў. Януковага спануканьня, каб iшоў дамоў, як-бы й ня чуў.

Бацькi клалiся спаць, але Янукова апавяданьне аб тым, што сталася на йгрышчы, выслухалi зь цiкавасьцяй. Калi-ж Янук прабаваў ад бацькi даведацца пра Косьцiка й камунiзм, той збываў яго абы чым, мала зразумелым. Пра камунiзм адно сказаў, што ёсьць такi нейдзе ў Расеi, а якi ён - добры цi што, - хто яго ведае. Адны хваляць, другiя ганяць, усяк языкамi трэпяць. Па бацькавым няўмелым тлумачэньнi Янук тропу не дайшоў, адно спанатрыў, што гэны нейкi 'камунiзм' усе зьвязваюць iз Сабакевiчам, зь 'цюрмамi' й iншымi малавядомымi Януку рэчамi. Адылi адно цiкавае даведаўся Янук, а гэта тое, што 'па радзiву' ў доктара мужчыны слухаюць Менск, i што там 'многа аб тым камунiзьме брэшуць'.

Пастанавiў хлапец пры нагодзе паслухаць 'радзiва'. Хiба ўдасца ажно ўвосень, як удома будзе. Iз гэткiмi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату