ды масклалём аддалi.

- Каго гэта вас?

- Ну каторых дамоў пусьцiлi.

- Многа было?

Дзяцюк задумаўся.

- Мусiць былi сотнi, нi лiчыў.

- Алi каторых гэта пушчалi?

- Тых, знацца, каторыя пад Расеяй цяперака. Нi пушчалi Палякаў, толька Бiларусаў i Ўкраiнцаў.

- Гэта, мусiць, цi ня тое, ягодка, што казалi бальшавiкi: немцу яго шпiёнаў аддалi, а за тое немiц нiкаторых нашых дамоў пусьцiў, - паясьнiла суседцы Аўдоля.

- А калi так многа пусьцiлi, дык нiкога з нашых нi было?

Мiхалюк з адказам не сьпяшыў. Ён уважна зiрнуў на зацiкаўленыя, нецярплiвасьцю насычаныя твары.

- Нiкагусiнькi, - сказаў коратка.

- От гэты Маршалкаў i наабяцаў. Казаў, што сам Сталiн паможыць, заключыў Уладзiмер Пятух.

33

На дзень куцьцi крыху папусьцiў мароз i дзесь пад полудзень за гарбом Гараваткi навет нясьмела вызiрнула сонца. Калi падкая да лыжнага й санкавага спорту малеча абсыпала сугор ды гулкiмi галасамi напоўнiла лiтоўскiя начоўкi, пажвавела тэмпа падрыхтоўкi да сьвята ў вясковых хатах, хлявох i гумнах. Традыцыя наказвала, што Збавiцель радзiўся ў хлеве й таму ўсей хатняй жывёле ў гэты дзень трэба было асаблiва пасобiць. Мужчыны ня скупiлiся з посьцiлкай i кормам. Жанчыны прыбiралi хаты, рыхтавалi стравы для стала куцьцi й вялiкага Дня Нараджэньня.

Калi-б лiтоўскiя 'народнай улады' паслухалi, куцьцю й Каляды давялося-б зь вялiкай нiшчэмнiцай сустракаць. 'Народная ўлада' ў асобе Сымона Пятуха й гэнага бурклiвага зьнекуль маскаля, перапiсвала- перлаiчвала ўсю вясковую маёмасьць. Гэтта-ж на хвасьце пярэпiсi прыйшоў зь сельсавету загад, што бязь ведама ўлады нiякi селянiн ня мае права браць для свайго ўжытку мяса-яйкi-сала-нарыхтоўкi. Загад той, пераказаны вуснамi старшынi камбеду кагадзе на сходзе, спачатку выклiкаў вялiкую няўцямнасьць, пасьля-ж злосьць i лаянку. Вядома-ж, людзi лiтоўскiя ня ўчора ад соскi адвыклi, таму гэтта на сходзе, цi, як яго зьверху модна называлi, - мiцiнгу, трымалiся назьдзiў асьцярожна.

- Дык калi свайго, што выгадаваў, казаў той, цяперака нi закалоць i нi зарэзаць, дык як тады быць, што есьцi? - спытаў звычайна маўклiвы Якубаў сын Васiль.

- Я-ж... гэта самае, - заiкаўся Пятух, - кажу вам тое, што мне сказалi. Ну самi разьбiрайцеся.

Старшыня камбеду зiрнуў на прысланага Саладухам з Гацяў маладжавага, гадоў пад трыццаць ураднiка Яўхiма Скаруповiча. Вясковыя ведалi яго здалёку, а тыя, каторым ўжо ўрад сельсавету наведаць собiла, казалi, што называлi яго яшчэ фiнансавым цi ўзносавым агентам, значыцца якраз тым, каму грашовыя й натуральныя падаткi сьцягваць даверылi. Дзяцюк устаў, сьмелым зрокам узяў усiх 'наўчот' ды прачысьцiў горла.

- Вы спрашываiця, таварыш, што есьлi нiльзя нi закалоць, нi зарэзаць, дык, гэта самае, як тады жыць, што есьцi. Ну а я от вапросам на вапрос атвечу: есьлi, прыблiзiцiльна, кажды з вас, ды ня толькi з вас, ну i з другiх дзярэўняў тожа будзiць распараджацца сваiм iмушчаствам так, як яму ўздумаiцца, так разрашыця спрасiць вас: як тады будзя жыць наша савецкая гасударства вапшчэ? Га? А дзiлi таво, штоб i гасударства было давольна i граждане тожа, цi як тутака ў нас кажуць, - каб воўк быў сыты й авечкi цэлыя, - так далжна быць нейкая сiсьцема? Есьлi нi панiмаiця, так я вам сiчас паясьню.

Дзяцюк затрымаўся, пiльна агледзеў 'мiцiнгоўцаў'.

- Гасударсьцьвiнная сiсьцема, - гэта закон, парадак. Усё iмушчаства й вапшчэ налiчнае бярэцца на ўчот i тады людзi, каторых паставiлi тым iмушчаствам заведаваць, сагласна ўказу правiцiльства распараджаюцца сколька з таго даць гасударству на нарыхтоўкi, а сколька гражданам для iх собсьцьвiннага ўпатрабленiя. Гэта значыць, што далжон быць i ёсьцiка такi законны распадзел вапшчэ што iдзець гасударству на налог, а што людзям на iх пiтанiе i упатрабленiя. Сiчас панiмаiця?

- Ну калi так, - адважыўся Васiль, - дык тады, мусiць, дабро прадукуюць зьнiзу, а дзеляць зьверху. Ну алi скажыце, таварыш Скаруповiч, калi хто сваю авечку зарэзаць цi от якую сьвiньню перад Калядамi закалоць захочыць, дык тады як гэта быць? Гэта-ж як вы самi пра гэну сiсьцему кажаце, дык, мусiць, трэба некага пытацца, цi сваё калоць цi рэзаць можна. Як так?

- Ну да, верна. Вапшчэ есьлi хто хочыць што са свайго iмушчаства ды на сваё ўпатрабленiя дык нужна заяўка на гэта. Панiмаiця?

- Заяўку тую каму? - спытаў доктар Зянькевiч.

- Ды каму-ж... нам, - адказаў малады ўраднiк.

- Ага, ну а як-жа... пэўне-ж вам, - буркнуў лекар.

Далей Скаруповiч паведамiў, што цяпер дзяржава бярэ 'налогi' натурай адно ў залiк, што неўзабаве зьявяцца гэтак званыя 'павесткi аб налогах' i тады ўжо кажны будзе ведаць колькi зь яго належыцца 'гасударству', а колькi на свой пажытак застанецца.

Каб свой жывот дарма ня бурчэў, ды каб i 'сiсьцему' нi ўквялiць, пасьпяшылi людзi з заявамi ў сельсавет. Ды тая 'сiсьцема' глухое вуха на сялянскiя заявы наставiла. Ураднiкi прымалi заявы, абяцаючы, што скора парупяцца пра iх. Гэнае скора расьцягнулася зь дзён на тыднi й выглядала, як нехта ў вёсцы трапна сказаў, што 'чакай, дурань, зь неба манны'.

- Маць тваю за нагу! - плюнуў доктар Зянькевiч. - Каляды йдуць, парсюка вунь выкармiў, а цяперака пытайся чорта лысага цi яго 'сiсьцема' табе сваё зьесьцi пазволiць.

Зянькевiч паклiкаў Любiнага дзевiра Мiхалюка, узяў на помач свайго Ўладзiка й на золаку ўтрох узялiся калоць добра выкармленага парсюка. Той-жа ад тушы на ногi ледзь мог падняццай гулкiм скуголеньнем разгаманiў пра свае перадсьмяротныя цярпеньнi на ўсю вёску. Дзiва няма, што калi шчацiна тучнага парсюка, добра прулажанага на доўгай плашцы ля казлоў, смылела й гарэла ў вясёлым полымi добрай кулявой саломы, прыйшлi лпюдзi даведацца, калi доктар Зянькевiч дазвол атрымаў.

- Памажы, Божа! - прывiтаўся Пракоп.

Зянькевiч зiрнуў на суседа.

- Дзякую, - адказаў.

Засунуўшы плашкi-далонi ў 'жандовыя' галiфэ, Мiхалюк прыглядаўся полымю, а Ўладзiк разьмяркоўваў пукi саломы.

- Як-жа гэта ўдалося табе? - пытаўся Пракоп.

- Ты пра што гэта? - зiрнуў на яго доктар.

- Пра заяўку. Калi пазволiлi, пытаюся.

Ужо разьвiднелася. Казлы былi прыладжаныя ў агародзе за хлевам. Дым ад саломы спорнымi клубкамi ляцеў проста ўверх, а пах сьвежага, падсмаленага сала прыемна казытаў нос.

- Нi ждаў, - коратка адказаў Зянькевiч. - Прайшло болi як дзьве нядзелi як злажыў заяўку, а яны там мiтрэнжацца бiзь нiякага адказу. От плюнуў ды, думаю, паспрабую. Пагляджу, што з гэтага будзiць.

- Гэтак яно? - зьдзiвiўся Пракоп. - Ну а я-ж думаў, думаў, ды пабаяўся.

- Знаiш што, Пракопка? Падумаўшы так цьвярозым мужыцкiм розумам дык яно выглядаiцль гэтак: ты гадаваў, кармiў, даглядаў, а нейкага там начальнiка ласкi прасi, рукi яму можа цалуй, каб пазволiў табе сваё ды ў свой рот улажыць. Я ўжо думаю сабе, што калi адразу прычэпяцца, дык унь нiхай другога забiраюць. Ну нi так?

Пакуль парсюка Зянькевiч асмалiў, прыходзiлi й iншыя за язык яго пацягнуць i ўжо сярэднiм ранкам цэлая вёска ведала пра доктараў учынак. Улада ў асобе старшынi камбеду прышкандыбала даволi пазнавата.

- Дык от, таварыш Зянькевiч, ты закалоў i абсмалiў, ну я-ж мушу ў сiльсавет аб гэтым заявiць, - тлумачыў Сымон Пятух.

- Заяўляй, - сказаў цьвёрда лекар.

- А ты думаiш нi заяўлю? От сiчас-жа йду, - пагражаў той.

- Кажу-ж табе, чалавек добры, заяўляй! Ты-ж - начальнiк!

Пятух зiрнуў на маўклiвых Мiхалюка i Ўладзiка, пачмыхаў носам, завярнуўся й пайшоў.

- Ханжа карцёжная, п'янюга! - сыкнуў гаспадар, калi Сымон ужо ня мог пачуць. - Ласун на чужое, абжорся панскiм i асаднiцкiм. Чакай, дастукаешся й ты свайго, як тых двух басякоў!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату