З гэтымi славамi лекар узяўся абскрабаць нагар на парсюковай скуры. Наступнымi днямi пачалi на золаку ўспыхваць агнi за iншымi вясковымi хлявамi ў агародах. Iншыя авечак рэзалi. 'Нарыхтоўка' мяса перанеслася i ў iншыя вёскi. Зянькевiча неўзабаве выклiкалi ў сельсавет, набарабанiлi пра адпаведныя строгiя мры кары, якой нiяк ня мiнуць яму ў блiзкай будучынi. Сельсавецкiя ўраднiкi рукамi сваiх 'дзiпутатаў' пашырылi новы, яшчэ больш строгi загад, у якiм гаварылася, што без дазволу дзяржавы нельга было для свайго ўжытку забiваць нiякага 'пагалоўся'. Неўзабаве зьявiўся наказ пра неадкладную пастаўку мяса дзяржаве i ў лiк таго мяса трапiў другi доктараў парсюк. Як там мела быць далей, хто там ведаў. Цяпер-жа, галоўна дзякуючы доктаравай iнiцыятыве, на калядных сталах была забясьпечана скаромiна.

Паволi i ўрачыста месьцiўся ў далiне калядны вечар. Перад зьмярканьнем суняўся на Гараватцы дзiцячы гоман, лагодна млела на захадзе чырвонае зарава й пажвавела празрыстым блескам буйная Мiлавiца. Маестатычна-цiха драмаў пад расьцьвiўшымi тысячамi зорак нябесным купалам гiгант Архiп. Сьцiхла гамонка ля гумнаў i гасподаў.

У Бахмачовай хаце на зэдлiку напокуцi пад абразамi разьмясьцiлася малая ялiнка. Яшчэ перад полуднем прынёс яе, хлесткую й сьвежа-пахучую прыгажуню з Гаравацкай пушчы Янук. Прыладзiў на крыжы- падстаўцы, адсунуў з кута стол, паставiў на зэдлiку й аздобiў тымi папяровымi, у бальшынi самаробнымi анёлкамi й ланцугамi, дзедам Марозам ды зоркамi, што захавалiся ў скрынi на гарышчы зь леташнiх Каляд. Ня было сёлета анi матар'ялу, анi часу майстраваць новыя аздобы. Ялiнка адтаяла й ажыла прыемна казычачым нос пахам. Пад вечар пах гэты дапоўнiўся араматам сьвежага балотнага сена, якiм заслалi стол ды розных страваў, што запрашальна-прывабна разьмясьцiлiся на абшырным абрусе, некалi дбайна вытканым i прыгожымi ўзорамi вышытымi рукамi нябожчыцы Алены.

Пасярод на самым пачэсным месцы, у невялiкай глiнянай мiсцы, згатаваная зь ячных крупаў, прыпраўленая тоўчаным макам i мёдам, стаяла куцьця. На талерцы, абложаная роўненькiмi скрылькамi цыбулi, залiтая семенным алеем ляжалi парэзаныя два селядцы, каторыя нейкiм дзiвам удалося Пракопу праз заднiя дзьверы выгандляваць у гацкага крамнiка. У iншых мiсках i на талерках - марынаваныя грыбы, журавiнны кiсель, вiнiгрэт, гуркi, халодная вараная бульба, хлеб, а ў гладышы - жытнi квас. Навет i посуд - талеркi, вiдэльцы й сталовыя нажы, - трымалi недзе ў скрынi i ўжывалi адно на вялiкiя сьвяты. Сьвяточны стол выглядаў-бы куды больш сьцiплым, калi-б не парады й помач Алесявых Надзi й Кацярыны. Нi сам Пракоп, нi Мiкола надта не ладзiлi з тонкасьцямi харчовага рыхтаваньня.

- Тата, а як са сьвятлом будзiць? - пытаўся бацьку Янук.

Пракоп апранаўся ў сьвяточнае. Ён падумаў.

- Зьбегай, сынок, у сьвiран i там з куфра дастань сьвечку, знаiш з тых, што са свайго воску рабiлi.

Янук скрыпнуў дзьвярмi. Неўзабаве ў медзяным падсьвечнiку, побач куцьцi вясёлым полымем згарэлася высокая, таўставатая сьвечка.

- Запалi таксам на покуцi лямпадку, - загадаў бацька.

Скончыўшы падрыхтовы, урачыста й паволi, як i належыцца ў сьвяты вечар, селi за стол Бахмачы. Пракоп зiрнуў на месца, дзе ранейшымi гадамi сядзела ягоная жыцьцёвая спадарожнiца.

- Перш памолiмся, - сказаў бацька.

Усе ўсталi, тварамi да абразоў, перахрысьцiлiся.

- Госпадзi, Божа наш, адзiн Уладар, што на небе й на зямлi, - пачаў роўным i пакорлiвым голасам бацька, - вялiкi ёсьць дзень прыходу да нас Сына Твайго Мiлага, Адзiнароднага, каторага зь вялiкай ласкi Тваей i мiласьцi да нас паслаў Ты, каб Ён навучаў нас, цярпеў за нас, паказаў нам дарогу як збавiцца грахоў. Увасобiўся Твой улюблёны Сын у цела чалавечае, нарадзiўшыся ад Дзевы Марыi ў гэту ноч у Вiфлiеме... I вялiкая Твая ласка й любоў да нас, Госпадзi Божа, калi Ты, сатварыўшы нас на вобраз свой, выправiў Сына свайго Iсуса на зямлю, катораму даручыў паказаць нам Твае законы, каб мы, малыя й грэшныя з дарогi ня зьбiлiся. I Сын Твой, Божа наш, нi прыйшоў да нас у багацьцi вялiкiм, а як бедны сярод найбяднейшых.

- Дзiва нiма, Ацец Нябесны, што калi людзi пазналi Вiфлiемскае Дзiцятка, што гэта той, пра каторага ад пачатку гаварылi прарокi, на зямлi вялiкая радасьць настала. Яшчо Ты, Госпадзi, паслаў зорку Вiфлiемскую, каб паказала дарогу тым, што народжанаму Сыну Твайму хацелi пакланiцца, а анёлам загадаў песьнямi прыход Бога на зямлю славiць. Мы, вялiкiя грэшнiкi, што можа нiдастойныя вялiкай ласкi Тваей. У гэты вечар пакланяемся Табе ў васобе Сына Твайго нованароджанага, будзем славiць Яго разам з анёламi Тваiмi й прасiць у Цябе, Божа наш, памiлаваць нас грэшных, памагчы нам у цяжкiм жыцьцi кажны дзень... Памiлуй нас, Госпадзi, Божа наш, памiлуй, Хрыстос нарадзiўся, славiм Яго, - хрысьцiлiся Бахмачы.

Анi Янук, анi Мiкола ня чулi раней, каб бацька малiўся так проста й шчыра, сваймi словамi. Такой малiтвы ня чулi з вуснаў нiякiх сьвятароў у нiякiх мясцовых сьвятынях. Гэта стоячы, злажыўшы рукi, сыны пытальна перазiрнулiся. Нешта новае варушыла iх сэрцы. Бацькаў твар, зьвернуты да абразоў напокуцi, ажыў нейкай няведамай сiлай, што перахапiла яго празрыста-пакорны зрок. Пасьля, шмат пазьней, ужо зусiм у iншых абставiнах паўстане ў Януковым уяўленьнi велiчнай явай гэта бацькава постаць i гадаць будзе гаротны Бахмач пра сэнс многа чаго вiдавочнага, а мо больш яшчэ адно спанатронага, падсьведама тады адчутага.

А бацька прадаўжаў:

- Вялiкi, дужы й справядлiвы Хрыстос наш, каторага нарадзiны сягоньня сьвяткуем. Радуемся прыходу Твайму. Будзь добры выслухаць гэту простую, можа няўмелую, алi шчырую малiтву нашу. Нi гавару да цябе моднымi чужымi словамi, бо ня помню ўсiх тых малiтваў, каторыя ў цэрквах вучаць. Гавару, Госпадзi мой так, як умею й прашу мяне выслухаць.

Пракопаў голас дрыжэў. Здавалася, што вось-вось абарвецца, засядзе дзесьцi ў сухiм горле.

- Спачатку, Госпадзi, прашу даць вечны спакой i прыхiнуць у ласцы Тваей нябожчыцу нашу, гаротнiцу Алену. Калi памiнаю яе тутака за гэтым сталом, дзе толька можа трэба Твайму прыходу радавацца, дык гэта таму, што яшчо нi загаiлiся й надта баляць раны з таго лета. Паспагадай нам, Госпадзi, памiлуй яе, нашу дарагую й добрую, каторую чужы гвалтаўнiк на той сьвет паслаў...

- Яшчо, Госпадзi, сягоньнiка народжаны Iсус Хрыстос, прашу даць здароўя сямейцы маей, каторая гэттака ля стала. Даруй нам грахi нашы, зрабi нас дужымi, дай нам руку Тваю, паддзержы нас, слабых, каторым так лёгка з дарогi зьбiцца можа найболi цяперака, як прыйшлi да нас тыя, што ганяць Цябе, навуку Тваю топчуць, абразы Твае б'юць, дамы малiтвы паскудзяць i зачыняюць. Прашу Цябе, Госпадзi Божа наш, выслухай гэтую прастую малiтву нашу, нi пакiдай, а паддзержы ўсю сямейку нашу...

- Сьвятая Прадслава, Апрасiньня Полацкая, Нябесная Заступнiца наша, прашу Цябе, малiся за нас, крыўджаных i панiжаных, прасi ў Госпада Айца Нябеснага ласкаў i помачы для нас,. Як Ты некалi на зямлi памагала нам i заступалася за нас, так цяпер i на небе нi забывайся аб нас у малiтвах сваiх.

- Яшчо, Госпадзi Божа, прашу паслаць сакавiты ўраджай на нiвы нашы, каб гумны поўныя дабра былi каб у хлявох прыплод вёўся i ў вагародах ды садох каб добра й спорна расло. Нiякая травiна на полi, нi рыба ў рэчцы, анi яблык на дрэве нi расьцець бяз волi Тваей, Госпадзi. Дык прашу Цябе, даруй нам грахi нашы, прыспор нам дабра ды дзяржы нас у ласцы й апецы сваей, Госпадзi. Божа няш, памiлуй нас, грэшных. Iсус Хрыстос, памiлуй нас. Нiхай сьвятло навукi Тваей вечна жывець мiж нас, каб жылi й працавалi мы так, як Ты нам загадаў. Благаславi, Госпадзi, гэту яду, што на стале. Слава Айцу й Сыну й Сьвятому Духу, амiнь.

Перахрысьцiўшыся, Бахмачы селi. Колькi часiн маўчаў Пракоп, пасьля зiрнуў на сыноў i стравы на стале. Крыху пачало хлiпаць, а пасьля параўнела жоўтае полымя сьвечкi.

Узялiся за куцьцю. Елi маўклiва. Пасьля куцьцi прыйшла чарга на селядцы, вiнiгрэт i iншае. Ужо недзе па чацьвертай страве загаварыў Янук:

- Гэткага, прызнацца, тата, я яшчо нiколi ня чуў.

- Чаго?

- Такiх малiтваў.

Накладаючы вiнiгрэт, бацька зiрнуў на сына.

- Я кажу, тата, што нiколi ня чуў, каб хто так проста, як ты, малiўся. Ну знаiш... моляцца з кнiжак пацаркоўнаму, алi-ж нi от так проста панашаму, што толька свая галава выдумаiць. Нi праўда, Мiкола?

- Я таксама нiколi такога ня чуў, - згадзiўся брат.

Бацька спакойна перажваў- i глынуў ежу ў роце, выпiў квас i абцёр вусы, уважна зiрнуў на сыноў.

- Знаеце што? Я нiколi, мусiць, нi расказваў вам гэтага... Як я некалi ў тым Пiтраградзе жыў, дык пазнаў аднаго чалавека нашага. Такi от сабе просты вясковы дзяцюк быў, там з-пад Полацку недзiка. От, значыцца, працаваў ён там на хвабрыцы, чытаць i пiсаць кумекаў трошка, алi ўжо ў тых яцях i iжыцах нi разьбiраўся саўсiм... Гэта, знаiця, пры цары такiя дзьве сьмешныя буквы былi, каторыя трэба было доўга вучыцца, каб

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату