спатканнi; гэта быў высокi мужчына, не занадта модна, але салiдна апрануты; калi ён наблiжаўся да Нэтлiнгера i Шрэлы, яго рухi былi падкрэслена цывiльнымi.
- Спадзяюся, - сказаў ён Нэтлiнгеру, - што ўсё было даведзена да ладу так, што ты застаўся задаволены - хутка i як мае быць.
- Дзякуй, - адказаў Нэтлiнгер, - усё сапраўды было зроблена хутка.
- Гэта добра, - сказаў начальнiк турмы i звярнуўся да Шрэлы. - Прашу мне прабачыць за тое, што я Вам на развiтанне скажу колькi слоў, хоць Вы ўсяго адзiн дзень былi ў мяне пад... - ён засмяяўся, - ...апекаю i памылкова трапiлi не ў следчую турму, а ў карную. Бачыце, - сказаў ён i паказаў рукою на ўнутраную браму турмы, - за вунь тою брамаю Вас чакае другая брама, а за ёю Вас чакае штосьцi грандыёзнае, тое, што мы лiчым за сваё найвышэйшае дабро, - воля. Справядлiвым цi несправядлiвым было падазрэнне, але Вы спазналi... - ён засмяяўся яшчэ раз, -...вы спазналi сярод маiх гасцiнных муроў супрацьлегласць вольнасцi. Карыстайцеся Вашай вольнасцю. Мы ўсе - адно што вязнi, вязнi нашага цела, аж да хвiлi, калi душа вызвалiцца ад путаў i ўзнясецца да свайго стваральнiка; але быць вязнем сярод маiх гасцiнных муроў - гэта не проста сiмвал. Я выпускаю вас на волю, пане Шрэла...
Шрэла збянтэжана працягнуў руку, але тут жа рвануў яе назад, да сябе, бо па начальнiкавым твары ён заўважыў: поцiск яго далонi не належыць да прынятых тут фармальнасцей; Шрэла збянтэжана маўчаў, пераклаў цыгарэцiну з правай рукi ў левую i крадком зiрнуў на Нэтлiнгера.
Муры вакол гэтага двара, неба па-над iмi былi апошнiмi рэчамi на гэтай зямлi, якiя давялося бачыць Фэрдзi; магчыма, голас начальнiка быў апошнiм чалавечым голасам, якi ён пачуў на гэтым дзядзiнцы - досыць вузкiм, каб дым з Нэтлiнгеравай цыгары мог запоўнiць яго ўвесь; прынюхваючыся, начальнiк падумаў: 'Божа мой, ты заўсёды добра разбiраўся ў цыгарах: тут табе трэба аддаць належнае'.
Нэтлiнгер не выцягваў цыгары з рота.
- Ты мог абысцiся гэтым разам без развiтальнае прамовы. Значыць, дзякуй i - да пабачэння.
Ён схапiў Шрэлу за плечы i падпiхнуў яго ў напрамку да ўнутранай брамы, якая перад iмi адчынiлася; Нэтлiнгер павольна павёў Шрэлу да знешняй брамы; Шрэла спынiўся, аддаў вартаўнiку свае паперы; той уважлiва паглядзеў на iх, кiўнуў i адчынiў браму.
- Ну, вось яна тут, воля, - сказаў Нэтлiнгер, смеючыся, - на тым баку вулiцы стаiць мая машына; скажы, куды цябе адвезцi.
Шрэла перайшоў з iм цераз вулiцу i завагаўся, калi шафёр адчынiў яму дзверцы.
- Ну, - сказаў Нэтлiнгер, - сядай.
Шрэла зняў свой капялюш, залез у машыну; сеўшы, адкiнуўся на спiнку сядзення i паглядзеў на Нэтлiнгера, якi таксама залез у кабiну i падсунуўся блiжэй да яго.
- Куды ты хочаш ехаць?
- На вакзал, - адказаў Шрэла.
- У цябе там рэчы?
- Hе.
- Дык што, ты ўжо зноў хочаш пакiнуць наш гасцiнны горад? - спытаў Нэтлiнгер. Нахiлiўшыся да шафёра, ён сказаў яму: - На галоўны вакзал.
- Hе, - сказаў Шрэла, - я не хачу пакiдаць гэтага гасцiннага горада. Ты не знайшоў Роберта?
- Hе, - адказаў Нэтлiнгер, - ён рэдка паказваецца на людзях. Цэлы дзень я спрабаваў убачыцца з iм, ды ён усё выслiзваў неяк; а калi я ўжо амаль накрыў яго ў гатэлi 'Прынц Генрых', ён здолеў уцячы праз бакавыя дзверы. Праз яго мне давялося мець вялiкую прыкрасць.
- I раней таксама ты яго не сустракаў?
- Hе, - адказаў Нэтлiнгер, - нiводнага разу; ён жыве зусiм адасоблена.
Машына спынiлася перад святлафорам. Шрэла зняў акуляры, выцер iх насоўкаю i падсунуўся блiжэй да акна.
- Вiдаць, - сказаў Нэтлiнгер, - у цябе дзiўнаватае адчуванне: па гэткiм доўгiм часе i пры такiх акалiчнасцях зноў апынуцца ў Германii; ты яе ўжо не пазнаеш.
- Ды не, пазнаю ўжо, - адказаў Шрэла, - накшталт таго, як звычайна пазнаеш жанчыну, якую зусiм малады кахаў, а цяпер праз дваццаць гадоў напаткаў: яна зрабiлася тоўстая; затлусценне залозаў; вiдавочна, што яна выйшла за чалавека не толькi багатага, але i працавiтага; вiла за горадам, машына, пярсцёнкi на кожным пальцы; пры гэткiх акалiчнасцях з даўняе любовi застаецца адно што строiць кепiкi.
- Натуральна, гэткiя абразкi ўсё-такi досыць скажоныя, - сказаў Нэтлiнгер.
- Гэта напраўду абразкi, - сказаў Шрэла, - i калi б iх было ў цябе тры тысячы, ты б, мажлiва, спазнаў крыху праўды.
- Сумняваюся таксама наконт верагоднасцi тваiх меркаванняў пра нашу краiну: ты прабыў толькi дваццаць чатыры гадзiны ў краiне, у тым лiку дваццаць тры - у турме.
- Табе цяжка ўявiць, як шмат можна даведацца пра краiну, седзячы ў турме; у вашых астрогах найбольш сядзяць за ашуканства; на жаль, самаашуканства не разглядаюць тут як крымiнальнае злачынства; магчыма, ты не ведаеш, што я з апошнiх дваццацi двух год чатыры правёў у турме?
Машына павольна ехала ў вялiкiм патоку, якi ўтварыўся перад святлафорам на скрыжаваннi.
- Hе, - сказаў Нэтлiнгер, - я гэтага не ведаў. Дзе ты сядзеў, у Галандыi?
- У Галандыi, - адказаў Шрэла, - i ў Англii таксама.
- За што гэта?
- За дзеяннi ў стане афекту, у вынiку любоўнай тугi, але не з iдэалiстычных памкненняў, а праз тое, што я змагаўся супраць цалкам рэальных з'яў.
- Цi нельга растлумачыць гэта больш падрабязна?
- Hе, - адказаў Шрэла, - ты б усё адно нiчога не зразумеў i ўспрыняў бы гэта як камплiмент. Я пагражаў аднаму галандскаму палiтыку, якi абвясцiў, што трэба павынiшчыць усiх немцаў; гэта быў дужа папулярны палiтык; потым, калi немцы акупавалi Галандыю, яны вызвалiлi мяне, мяркуючы, што я нейкiм чынам пакутаваў за нямецкую справу; але пасля яны знайшлi маё iмя ў спiсе шуканых асоб, i мне давялося ўцякаць ад iх любовi ў Англiю; там я пагражаў пэўнаму ангельскаму палiтыку, якi сказаў, што трэба павынiшчыць ўсiх немцаў, уратаваўшы адно створаныя iмi шэдэўры мастацтва; гэта быў надта папулярны палiтык; але неўзабаве я атрымаў ад iх амнiстыю, бо яны меркавалi, што трэба шанаваць мае пачуццi - пачуццi, якiх у мяне зусiм не было, калi я пагражаў гэтаму палiтыку; гэтак вось людзей спачатку памылкова кiдаюць у астрог, а пасля гэтаксама памылкова адпускаюць на волю.
Нэтлiнгер засмяяўся:
- Калi ты ўжо збiраеш карцiны, я магу дазволiць дадаць да тваёй калекцыi яшчэ адну. Як табе, напрыклад, падабаецца гэткая карцiна: непрымiральная палiтычная варожасць памiж двума школьнымi таварышамi; праследаваннi, допыты, уцёкi, смяртэльная нянавiсць - але праз дваццаць два гады той самы праследавальнiк, гэты жахлiвы тып, вызваляе з турмы ўцекача, якi акурат вяртаецца дадому? Цi гэта не карцiна, вартая таго, каб папоўнiць тваю калекцыю?
- Гэта не карцiна, - адказаў Шрэла, - а толькi гiсторыя, у якой ёсць адна хiба: яна, апроч усяго, яшчэ i праўдзiвая; але калi я перакладу гэтую гiсторыю на вобразна-абстрактную мову i адпаведна яе табе растлумачу - дык яна не будзе надта пахвальнаю для цябе.
- Гэта напраўду дзiўна, - сказаў няголасна Нэтлiнгер i выцягнуў цыгару з рота, - калi я тут прашу зразумець мяне; але павер мне, калi я ўбачыў тваё прозвiшча ў спiсе шуканых асоб, прачытаў рапарт i даведаўся, што яны сапраўды затрымалi цябе на мяжы, - я без усялякiх ваганняў пачаў рабiць усе захады, каб цябе вызвалiць.
- Мне было б вельмi шкада, - сказаў Шрэла, - калi б ты падумаў, што я сумняваюся ў шчырасцi тваiх матываў i пачуццяў. Нават тваё раскаянне не будзiць ува мне сумненняў, але ў кожнай карцiне - а ты ж прасiў мяне ўзяць тую гiсторыю як карцiну ў маю калекцыю, - у кожнай карцiне ёсць пэўная абстракцыя, а менавiта - роля, якую ты выконваў тады i надалей выконваеш сёння; ролi, даруй мне, усё тыя ж самыя; бо тады, каб абясшкодзiць мяне, трэба было пасадзiць мяне за краты, а сёння, каб зрабiць мяне бясшкодным, трэба выпусцiць мяне з турмы; баюся, што Роберту, якi мае куды болей абстрактнае мысленне, чым я, якраз з тае прычыны не карцiць сустракацца з табою. Я спадзяюся, ты мяне разумееш: i тады таксама я анi не сумняваўся ў шчырасцi тваiх матываў i пачуццяў, ты мяне не можаш зразумець i нават не спрабуй рабiць гэтага, бо ты выконваў свае ролi несвядома, - iначай ты быў бы цынiк альбо злачынец; але ж ты не зрабiўся