нi тым, нi другiм.

- Цяпер я напраўду не ведаю, камплiмент гэта цi нешта зусiм адваротнае.

- I аднаго, i другога патроху.

- Магчыма, табе невядома, што я зрабiў для тваёй сястры?

- Ты абараняў Эдыт?

- Ага. Вакера хацеў арыштаваць яе i кожны раз заносiў яе iмя ў спiсы, а я штораз выкрэслiваў.

- Вашыя дабрадзействы, - цiха прамовiў Шрэла, - яшчэ цi не страшнейшыя за вашыя злачынствы.

- А вы яшчэ больш бязлiтасныя за самога Госпада Бога, якi даруе грахi тым, хто пакаяўся.

- Мы - гэта не Госпад Бог i не прыпiсваем сабе нi ягонай усяведнасцi, нi ягонай лiтасцiвасцi.

Нэтлiнгер адхiнуўся, страсянуўшы галавою; Шрэла выцягнуў з кiшэнi цыгарэту, засунуў яе ў рот i зноў спалохаўся, калi Нэтлiнгер нечакана пыхнуў запальнiчкай у яго пад носам; чысты, светла-блакiтны дым мала што не апалiў яму павекi. 'А твая цяперашняя ветлiвасць, - думаў ён, - горшая за тваю тагачасную няветлiвасць. Твая апантанасць засталася такою, як i была: гэтаксама як ты тады шпурляў мне мячык у твар, цяпер ты назойлiва даеш мне прыпалiць'.

- Калi я змагу знайсцi Роберта? - спытаў ён.

- Вiдаць, не раней як у панядзелак; я так i не здолеў высветлiць, куды ён з'ехаў на выхадныя; няма таксама нi яго бацькi, нi дачкi; можа, заспееш яго дома сёння ўвечары альбо заўтра а палове дзесятай у гатэлi 'Прынц Генрых'; ён ад паловы дзесятай да адзiнаццатай гуляе там у бiльярд. Спадзяюся, у турме з табой не абыходзiлiся груба?

- Hе, - адказаў Шрэла, - усё было прыстойна.

- Калi табе спатрэбяцца грошы, скажы мне. З тымi, што ў цябе ёсць, не надта разгонiшся.

- Мяркую, што да панядзелка хопiць, а пасля грошы ў мяне будуць.

Чым блiжэй яны пад'язджалi да вакзала, тым даўжэйшы i шырэйшы рабiўся ланцуг машын. Шрэла паспрабаваў быў адчынiць акно, але не разабраўся з ручкамi; Нэтлiнгер перахiлiўся цераз яго i апусцiў шыбiну.

- Баюся, - сказаў ён, - што на вулiцы паветра не лепшае ад таго, што тут, у машыне.

- Дзякуй, - сказаў Шрэла.

Ён паглядзеў на Нэтлiнгера, пералажыў цыгарэту з правай рукi ў левую.

- Слухай, - сказаў ён пасля, - той мячык, якi тады забiў Роберт... цi знайшоўся ён? Памятаеш?

- Натуральна, памятаю, - адказаў Нэтлiнгер, - я добра памятаю, бо потым столькi пра гэта гаварылася: яны так нiколi i не знайшлi мячыка; шукалi яго таго вечара аж да цемнаты, шукалi нават i назаўтра, хоць гэта была нядзеля; той мячык не даваў iм спакою; сёй-той пачаў пазней казаць, што гэта была ўсяго толькi Робертава штучка: ён, маўляў зусiм не ўдарыў па мячыку, а толькi iмiтаваў гук удару, a мячык схаваў.

- Але ж яны ўсе бачылi мячык - як ён ляцеў. Хiба не?

- Вядома, нiхто той пагалосцы не паверыў; iншыя казалi, што мячык заляцеў у двор пiваварнi i трапiў на павозку; мажлiва, ты памятаеш, што неўзабаве адтуль выехала павозка.

- Гэта было раней, задоўга перад тым, як Роберт ударыў, - сказаў Шрэла.

- Здаецца мне, што ты памыляешся...

- Hе, не, - настойваў на сваiм Шрэла, - я ж стаяў там, чакаючы, i ўважлiва глядзеў; павозка выехала, перш чым Роберт ударыў.

- Ну, хай сабе, - сказаў Нэтлiнгер, - так цi iначай, a мячыка знайсцi не змаглi. А вось i вакзал... ты i праўда не хочаш, каб я табе чым-небудзь дапамог?

- Hе, дзякуй, мне нiчога не трэба.

- Ну, хоць папалуднаваць разам... магу цябе запрасiць?

- Добра, - адказаў Шрэла, - пойдзем палуднаваць.

Шафёр, адчынiўшы, прытрымаў дзверку машыны; Шрэла вылез першы i, засунуўшы рукi ў кiшэнi, чакаў Нэтлiнгера, якi, узяўшы з сядзення сваю папку, зашпiлiў плашч i сказаў шафёру:

- Калi ласка, прыедзьце па мяне каля паловы шостай да гатэля 'Прынц Генрых'.

Шафёр прыклаў руку да шапкi, потым залез назад у машыну, сеў за руль.

Шрэлавы акуляры, адвiслыя плечы, рот з дзiўнаватай усмешкаю, бялявыя валасы - без прабору, а толькi з лёгкiм проблiскам сiвiзны, усё яшчэ зачасаныя назад; жэст рукi, якiм ён абцёр пот i схаваў насоўку ў кiшэнь, здавалася, што ён зусiм не памяняўся, толькi зрабiўся на некалькi год старэйшы.

- Навошта ты вярнуўся? - цiха спытаўся Нэтлiнгер.

Шрэла паглядзеў на яго, прыжмурваючыся - як гэта ён заўсёды рабiў, - i, закусiўшы нiжнюю губу (у правай руцэ цыгарэта, у левай - капялюш), доўга глядзеў на Нэтлiнгера i чакаў, усё яшчэ дарэмна чакаў таго, па чым сумаваў ужо больш як дваццаць гадоў, - нянавiсцi, звычайнай нянавiсцi, якой ён заўсёды прагнуў: каб можна было даць каму-небудзь па мордзе альбо кухталя пад зад i крыкнуць: 'Свiння! Паскудная свiння!' Ён заўсёды зайздросцiў людзям, здольным да гэткiх простых пачуццяў, але ён не мог зараз стукнуць у гэты круглы, са збянтэжанай усмешкаю твар, не мог даць кухталя пад гэты зад; на школьнай лесвiцы Нэтлiнгер падставiў яму падножку, i ён грымнуўся вобзем, дужка акуляраў улезла яму ў мочку вуха; па дарозе дадому яго пераймалi, зацягвалi ў пад'езды дамоў i збiвалi; бiлi пугаю з калючага дроту, Нэтлiнгер бiў яго i Роберта; вёў допыты; ён быў вiнаваты, што загiнуў Фэрдзi, але пашкадаваў Эдыт i даў уцячы Роберту.

Шрэла перавёў позiрк з Нэтлiнгера на прывакзальны пляц, дзе было надзвычай тлумна; сонечны выхадны, таксi, што чакаюць клiентаў, марожаншчыкi; гатэльныя служкi ў фiялетавых лiўрэях валачылi ўслед за гасцямi валiзы; шэры велiчны фасад Святога Севярына, гатэль 'Прынц Генрых', кавярня Кронэра; ён спалохаўся, калi Нэтлiнгер раптоўна сарваўся з месца, кiнуўся ў натоўп, махаючы рукамi i крычучы: 'Алё, фройляйн Рут!..'; праз хвiлю ён вярнуўся, пахiтваючы галавою.

- Цi бачыў ты дзяўчыну, - спытаўся ён, - тую, у зялёнай шапачцы i ружовым швэдары? Вельмi гожая, проста загледзiшся - Робертава дачка. Я так яе i не дагнаў; яна магла падказаць нам, дзе яго знайсцi. Шкада... Ты не бачыў яе?

- Hе, - цiха адказаў Шрэла, - дачка Эдыт...

- Вядома ж, - сказаў Нэтлiнгер, - твая пляменнiца. Ах, д'ябал... Ну, хадзем - з'ямо чаго-небудзь.

Ён перайшоў цераз вакзальную плошчу, перасек вулiцу; Шрэла iшоў следам за iм да гатэля 'Прынц Генрых'; служка ў фiялетавай лiўрэi адчынiў перад iмi дзверы, якiя крутанулiся, прапусцiўшы iх, i неўзабаве сталi на месца, у абабiтыя лямцам пазы.

- Столiк ля акна? - спытаў Ёхэн. - Калi ласка. Hе занадта сонечна? Значыць, на ўсходнiм баку. Гуга, прасачы, каб панам быў столiк каля акна з усходняга боку. Няма за што... ...Грошы на чай мы заўсёды бярэм ахвотна. Марка - гэта сумленная круглая манетка, а грошы 'на чай' - гэта душа прафесii; а я ўсё-ткi перамог, мой даражэнькi: ты яго так i не змог убачыць... Што Вас цiкавiць, цi пан доктар Фэмель па нядзелях таксама гуляе тут у бiльярд? Шрэла? Мiлы Божа! Тут можна нават i не заглядаць у чырвоную картку.

- Божа мой! Дазвольце старому чалавеку ў гэтую цiхую часiну сказаць колькi слоў не па службе, пане Шрэла! Я ж добра ведаў Вашага бацьку, добра, бо ён адзiн год нават працаваў у нас - гэта было ў той год, калi праводзiлася агульнанямецкае фiзкультурна-спартыўнае свята. Вы нават памятаеце? Ну, вядома; Вам было тады ўжо, мусiць, дзесяць цi адзiнаццаць; вось мая далонь, мне будзе дужа прыемна, калi Вы пацiснеце яе; божа мой, даруйце мне за гэтыя мае пачуццi, што, так бы мовiць, не ўваходзяць у мае службовыя абавязкi; я досыць стары, каб дазволiць сабе рабiць гэта; Ваш бацька быў сур'ёзны чалавек - i поўны годнасцi! Божа мой, ён не цярпеў нахабства, але з тымi, хто не быў нахабны, ён паводзiў сябе як божае ягнятка; я не адзiн раз прыгадваў сабе Вашага бацьку... даруйце, калi я развярэдзiў Вашыя старыя раны, крый божа... я зусiм забыўся; дзякуй богу, што гэтыя свiннi больш не маюць слова; але будзьце асцярожныя, пане Шрэла; раз-пораз мне здаецца, што яны ўсё-такi перамаглi. Будзьце асцярожныя. Надта не верце гэтаму мiру - i даруйце старому чалавеку за пару неслужбовых пачуццяў i заўваг. Гуга, самы лепшы столiк з усходняга боку для гэтых паноў, самы лепшы. Hе, пане Шрэла, па нядзелях пан доктар Фамель гуляць у бiльярд не прыходзiць; не, па нядзелях не прыходзiць; ён будзе рады; вы ж былi ў маладосцi сябрамi i аднадумцамi, праўда? Hе думайце, што ва ўсiх людзей кароткая памяць. Калi пан Фэмель выпадкова зазiрне сюды, я адпраўлю Вам чалавека, каб паведамiў, тэлеграму... пазваню, калi хочаце. Мы ж гатовыя зрабiць любую паслугу нашым клiентам.

Выраз Гугавага твару застаўся нязменны. Гасцей пазнаюць толькi, калi яны самi таго жадаюць; гэты во тып роў у бiльярднай зале? Захаванне тайнаў; пуга з калючага дроту? Недарэчнай фамiльярнасцi i непатрэбных высноў трэба пазбягаць; захаванне тайнаў - гэта штандар прафесii. Меню? Калi ласка, панове. Цi даспадобы шаноўным панам гэты столiк? Усходнi бок, каля

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату