неўзабаве ён вярнуўся назад у родны горад; першае дзiця, дзяўчынка на iмя Маргарэтэ ў калысцы. Гэтае дзiця, нягледзячы на гарбок i кульгавую ножку, было любiмцам мацi i павiнна было пазней стацца сумнай славутасцю: Маргарэтэ Айцэн разам са сваiм мужам, герцагскiм пiсарам Вольфгангам Калундам забiла бургамiстра Апэнрадэ Эсмарха, iхняга зяця, i была ў 1610 годзе пакараная смерцю. Але гэты невялiчкi крымiнальны раман можа цiкавiць нас толькi збольшага; важней тое, што Айцэн праз аб'яднаны ўплыў сваёй сям'i i ўплыў сваёй жонкi здабыў нарэшце духоўнае месца лектара сэкундарыўса пры саборы, г.зн. памочнiка прапаведнiка; неўзабаве аднак дзякуючы сваёй хрысцiянскай руплiвасцi i сваёй абсалютнай вернасцi лiтары Лютэра ён здабыў такую славу ў Гамбургу, што пасля смерцi Эпiнуса быў абраны тадыташнiм схiльным да тэалагiчных эксперыментаў сенатам у наступнiкi першага ў якасцi галоўнга прапаведнiка i суперiнтэндэнты. Праўда, на жаль, акадэмiчнай легiтымацыi, якую Айцэн прывёз з Вiтэнбэрга, было недастаткова; ён вымушаны быў туды вярнуцца, каб здабыць сабе доктарскi капялюш, як што ён быў абсалютна ўпэўнены, што вытрымае любы экзамен, яго выправiлi з паперай Тэалагiчнаму факультэту ў Вiтэнбэргу, у якой выбiтныя i знакамiтыя гамбургскiя пастары 'хадайнiчаюць стацца паслужнымi свайму калегу i суперiнтэндэнту ў набыццi доктарскай годнасцi' i ў якой мiж iншага гаворыцца, што факультэт праз наданне такой годнасцi не толькi 'privatim M.Paulum, sed etiam totam nostram Ecclesiam & civitatem', г.зн. не толькi магiстра Паўлюса 'ўшаноўваюць за вялiкую рупнасць, але i забавязваюць усю гамбургскую эклезiю i грамадства да глыбокай удзячнасцi'. Такой моцнай прэсii, падмацаванай старымi сувязямi Айцэна з Мэланхтонам, вiтэнбэргскi факультэт не маг супроцьстаяць, i ў вынiку вучоныя мужы, нягледзячы на яўныя плыткасцi i таўталогii ў 58 пунктах Айцэнавай вуснай дысертацыi, сталiся 'паслужнымi' ў справе набыцця доктарскага тытула i тым самым умажлiвiлi яму яго наступны крок.

Цяпер у сувязi з гэтым наступным крокам, 'дыспутацыяй з яўрэямi', стаiць пiсьмо Агасфера да яго ад 14 кастрычнiка 1556 года, ксеракопiю якога я прыкладаю. Паколькi Айцэн атрымаў доктарства толькi ў траўнi гаданага года, ён мусiў спешна адразу пасля свайго вяртання ў Гамбург брацца за планаванне i падрыхтоўку сваёй акцыi. Рукапiс Айцэна нялёгка расшыфроўваецца, але я мяркую, Вы ўжо здолееце ўчытацца. Я хацеў бы толькi звярнуць Вашу ўвагу на некаторыя мясцiны, якiя мне здаюцца асаблiва значнымi, скажам, адразу прыгожы пачатак:

'Дастойны доктар, добры гер суперiнтэндэнт,

я бедны жыдок, якi вандраваў гэтыя шмат гадоў з аднаго месца ў другое i многа ўсялякага, часцей дрэннага, панагледзеўся, павiнен па Вашай Годнасцi прапанове ў вялiкiм публiчным disputatio скласцi сведчанне de passione Christi, якi пракляў мяне i асудзiў in eternitatem, i павiнен сказаць абшчыне яўрэяў у Альтоне ex ore testis i пацвердзiць, што рабi быў сапраўдным сынам Бога Jahwe, хай свяцiцца iмя яго, а таксама Meschiach, якога чакаў народ Iзраiля, i павiнен я гэта зрабiць дзеля пабожнага каяння, якое я ў сабе выявiў, i ad majorem Dei gloriam'.

Альбо яго пазнейшае пытанне:

'I што было б, калi б я адмовiўся? Цi не пераследаваўся б я Вамi i вышэйшым начальствам, цi не быў бы схоплены i разадраны, як авечка ваўкамi? Ad majorem Dei gloriam, кажаце Вы, але гэта хутчэй ad majorem gloriam дастойнага д-ра фон Айцэна, чым Бога, i за гэта павiнен я, бедны жыдок, апынуцца ў situationes, якiя для мяне нявыгадныя, iнакш гэта каштавала б мне галавы'.

I далей унiзе:

'Але я хачу зрабiць гэта дзеля рабi, бо хто ж, як не я, зразумеў яго напраўду?'

Пасля чаго ён дапiсвае:

'Павiтайце Barbaram conjugem, я хачу здабыць для яе шэсць локцяў карычневага палатна, а таксама падвескi з Турцыi, а для маленькай Маргарэтэ чэпчык.

Вашай дастойнасцi слуга i вандроўны Жыд Агасфер'.

Вось гэта, дарагi гер прафесар Байфус, што да тэзаў гера Ёгансэна i сапраўдных падзей падчас гамбургскага перыяду Агасфера.

З чым, па-сяброўску вiтаючы Вас, застаюся

Ваш

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hеbrew University

Jerusalem

РАЗЬДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

У якiм дыспутуецца, цi сапраўды прыбiты да крыжа рэбэ Ёшуа быў мэсiя, а вучоны доктар фон Айцэн праз таксама вучонага жыда з Партугалii ўблытваецца ў нябесную арыфметыку, а Агасфэр абвяшчае, што кожны, хто створаны паводле вобразу Бога, мае ў сабе сiлу i ўладу быць збаўцам

У сьвеце ёсьць рознага роду галасы, кажа апостал Павел, галасы ўнутры чалавека й з-за-па-за яго, i нiхто ня ведае, чые яны, анёльскiя цi дябальскiя, i сьвежавыструганы Doctor theologiae, вось вам, едзе па зялёных лугах у Альтону, трэсены-ператрэсены выбоiстай дарогай, а таксама ня ведае, цi голас, якi яго папярэджвае, што справа можа абярнуцца вой як крыва й коса, адкуль ён iдзе, згары цi зь нiжнiх сфэраў; усё ўжо так далёка зайшло, так разбуяла-закрасавала, каб ужо нешта мяняць альбо наогул вярнуць назад, госьцi запрошаны, сярод iх асобы з Гаторпскага двара, а зь iмi й герцагавыя вушы, i пасланцы сэната горада Гамбурга, i пастары адусюль, i вучоны жыд Эзэхiель Пэрэйра з Партугалii, зь якiм адбудзецца дыспут у сiнагозе; не, няма нiякага сумненьня, ён як рымскi палкаводзец Цэзар, думае ён, тут ягоны Рубiкон, тут ён павiнен яго перайсьцi, i нават калi толькi паўтузiна жыдоў афiцыйна пяройдуць у адзiнашчасьцедайную веру, гэта ўжо будзе вой якая перамога, i такiм сonvertiten, як ён абвясьцiў па ўсёй абшчыне, ён бы дазволiў сялiцца ў Гамбургу; апрача таго меўся яшчэ адзiн прыхаваны козыр, якi крые ўсё чыста.

Пры гэтым, нягледзячы на ягоныя захады з гэтымi жыдамi, былi й пэўныя боязкi што да iх, i ня толькi праз Агасфэра, на што ён, пасьля ўсяго, што там у iх было памiж сабою, меў грунтоўныя падставы; гэта таму, думае ён, што яны дапусьцiлi, каб нашага Госпада Iсуса прыбiлi да крыжа, i за iхнюю варожасьць; яны ўсюды ўсiм чужыя i ўсiх раздражняюць, i ўжо адно тое добра й пахвальна, што высакамудры сэнат забараняе iм гнездавацца ў Гамбургу й круцiць свае шахермахерскiя гешэфты; датчане вунь - яны зусiм iншыя, яны, з Гаторпскiм герцагам на чале, як мурашкi, дояць сваю жыдоўскую тлю.

Чужыя, варожыя, думае ён, расьсеяныя па розных краiнах сьвету, госьцi за чужым сталом, няпрошаныя i нялюбыя. Зь Яго герцагскай мосьцi ласкавага дазволу ён шмат разоў бываў у Альтоне i iнспэктаваў сынагогу - сапраўдная збойнiцкая малiна, сьцены да чорнага пракапцелыя сажай ад сьвечак, якiя гараць пастаянна, скляпеньнi затканыя павуцiньнем, якое яны нiколi не зьмятаюць, бо, кажуць, Schem jiborach, безназоўны, дабраславёны ў ёй якраз i прабывае. Пабываў ён i на тым, што яны называюць набажэнствам, службай Богу, што можна толькi з прыкрасьцю назваць Богам, думае ён, бо яны ходзяць у свае хэдэры, калi каму хочацца й падабаецца, адзiн раней, другi пазьней, адзiн надзявае tallis, мантыю для малiтвы, другi тым часам зь сябе здымае й выходзiць, а большасьцю малiтваў запраўляе сhasen, запявала, якi на жаль i сьпяваць як сьлед ня ўмее, а толькi стаiць перад аron hakkodesh, сьвятой шафай, у якой ляжаць пэргамантныя скруткi законаў, i задраўшы галаву, заткнуўшы пальцамi вушы, надсаджваецца ў крыку, што ледзь горла вытрымлiвае, на габрэйскай мове, часам так хутка, што нiхто за iм не пасьпявае, часам рвана й расьцягнута, пры чым часам сам плача альбо рагоча, карацей, размахвае рукамi, як дурны вар'ят, як апантаны, пакуль нячысты дух не захапляе ў сябе астатнiх жыдоў, i яны не пачынаюць лямантаваць i яглiць у адзiн голас з сhasen, бляюць i мармычуць, кланяюцца на ўсе чатыры бакi сьвету альбо сморкаюцца й плююцца, альбо, торгаючыся ўсiм целам, бы ў лiхаманцы, падскокваюць, аж нармальнаму чалавеку здаецца, што ўсе яны тут казлы. I з гэтага народу, думае ён, павiнен быў выйсьцi наш Гасподзь Iсус?

Калi неяк аднаго разу раней (вось як яно было!), прыбыўшы да сынагогi ў Альтоне, ён ўехаў у вузенькую вулiчку, дзе ягоны кучар ледзьве мог працiснуцца, а колы па самыя восi ўгразалi ў балоце, i калi зайшоў усярэдзiну, дык з палёгкай канстатаваў, што, прынамсi, хоць падлога была падмецена; а пакропленьнi рознымi пахошчамi надавалi кiсламу смуроду, што там звычайна стаiць, такi нейкi саладжавы прысмак; i яшчэ расстаўлены драўляныя ўслоны для паноў honoratiores; старэйшыны абшчыны й вучоны Эзэхiель Пэрэйра сустракаюць яго зь вялiкай пачцiвасьцю, нiбыта ён быў ня толькi супэрiнтэндэнт Гамбурга, а пасланец Бога, i запэўнiваюць яго, што ўсе жыды Альтоны, прынамсi, мужчынскага роду й да таго ж здольныя - iх папрасiлi застацца - да дыспутаваньня, усе тут i зь вялiкай увагай гатовыя слухаць. Але Айцэн раптам ня чуе iхнiх слоў; ягоныя вочы нечагась шукаюць у цёмных закутках будынка, куды ўжо ня можа пранiкнуць сьвятло сьвечак, ценю таго, хто яму цяпер быў бы вельмi патрэбен, так як гэта было на магiстарскiм экзамене ў Вiтэнбэргу, калi яго распытвалi пра анёлаў, i каго ён ня бачыў з таго самага дня ў доме сэра Агасфэра, калi была зачатая маленькая Маргарэта зь яе горбiкам i кульгавай ножкай; але таго тут анi сьледу, нi позiрку, нi пошапту, i Айцэн, зусiм упалы сэрцам, думае, што нiяк ён тут ня выблытаецца без дапамогi прыяцеля i што яму, пакуль ён ня зможа выклiкаць у сьведкi Агасфэра, нiчога ня сьвецiць у

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату