супроцьстаяньнi красамоўству й слованаварачэньню Эзэкiеля Пэрэйры, хiба што толькi застаюцца рuncta i argumenta, якiя ўжо выкарыстоўвалiся сьвятымi айцамi царквы ў зацiнках з жыдамi й якiя ён старанна й руплiва вывучыў.

Тым часам (было так) пачынаюць ўжо патроху зьбiрацца гер-геры з Гаторпскага двара й гер-геры з сэната, i ўсе яны вытанчана ўбраныя i iхнiя брычкi багата ўпрыгожаныя гербамi й абiўкаю, i ўсё гэта тлумiцца, цiсьнецца ў вузкiх брудных вулiчках, так што можна падумаць, быццам тут нешта большае, чым князеў дзень, калi герцагi й курфюрсты зьбiраюцца параiцца наконт розных боскiх спраў, чым проста дыспут зь цьвердалобымi жыдамi, i ягоныя гамбургскiя confratres, пастары зь Вестфалii Фрызiус i Бёткер, якiя падпiсалi цудоўны лiст на Вiтэнбэргскi факультэт, таксама ўжо прыбылi й горача чакаюць дзейства; гэта ня iхняя рыба тое, што тут смажыцца, i ня iхняя слава, якая пастаўлена на карту, а рэпутацыя iх новага калегi гера superintendent, на чыiм троне кожны зь iх трохi ўжо бачыў сябе, пакуль нечакана для начальства не рашылася ўсё iнакш. А вось ужо надыходзiць i жыдоўскае людзтва, цёмны натоўп, вострыя капелюшы на галовах, цесныя засаленыя лапсердакi на целе, зьбiраюцца, цiхенька памiж сабою перашэптваюцца, гяргечуць нешта пасвойму, як гэта калiсьцi рабiлi iх прабацькi каля брамы ў Ерусалiме, калi наш Збаўца ўязджаў у горад на сваiм асьляняцi. Мне, думае Айцэн, гэтыя ня будуць сьпяваць hosannah, але ня ўчыняць i crucifige; гэта можа прыйсьцi з зусiм iншага боку, ад зайздросьнiкаў i тых, хто хацеў бы зьняславiць i перакруцiць сiлу слова багашчаснага доктара Лютэра й ператварыць хрысьцiянскую школу ў латарэйны дом, дзе можна чворыць i круцелiць, як каму прыпадзе й заўгодзiцца.

I вось цяпер ён бачыць, што ўсе спаквалютку займаюць месцы, жыды й хрысьцiяне, i чуе, як жыдоўскi старэйшына пачынае гаварыць, стоячы на alemar, драўлянай катэдры пасярэдзiне залы, i гаворыць даволi далiкатна й з паклонамi вiтае гасьцей з Гаторпа й з Гамбурга, а таксама мудраца з далёкай Партугалii, iхняга паважанага настаўнiка й майстра дона Эзэхiеля Пэрэйру, але асаблiва гера супэрiнтэндэнта вялiкага суседняга горада Гамбурга, гера доктара Паўлюса фон Айцэна, па чыёй прапанове й прадуманым клопаце яны сёньня тут, жыды Альтоны й вернападданыя слугi Яго мосьцi Адольфуса, герцага Шлезьвiга й Гаторпа, атрымалi магчымасьць прысутнiчаць на вучоным дыспуце пра тое, цi прыбiты да крыжа Iсус Хрыстос быў адзiным i сапраўдным сынам Бога, хай сьвяцiцца iмя яго, i meschiach i цi, усьвядомiўшы гэты факт, жыды не зрабiлi б лепей, калi б навярнулiся ў хрысьцiянскую веру, прынялi таiнства хрышчэньня i тым самым палепшылi б сваё жалю вартае iснаваньне й нават у вялiкiм i багатым горадзе Гамбургу маглi б прыняць грамадзянства. Але, дадаў ён, нiхто ня будзе прымушаны да хрышчэньня, калi ў гэтым disputatio пераможа дастойны гер доктар фон Айцэн.

Жыды, заўважае Айцэн, паварочваюць галовы адзiн да аднаго й зноў перашэптваюцца; але адзiн, з доўгiм вострым носам i дзiкай сiвай барадой, падымае руку й пытаецца, ужо цi не павiнны яны на прыклад goyim, жэрцi ад цела пакаранага сьмерцю i пiць ад яго крывi ў кiрсе, калi ў Пiсаньнi ясна сказана, што пракляты той, хто павешаны на дрэве?

Тут сэрца доктара Паўлюса перапаўняецца сьвяшчэнным гневам, i ўсё яго ваганьне й прыкiдкi а цi ня правiльней было б цяпер i цi не своечасовей давесьцi да добрага канца ўсё, што ён прадпрыняў, разьвеяны й разьмецены ўшчэнт, i ён падымаецца й зычна ўзьвяшчае, што тут нам дадзена зразумець, якiх жудасных памераў набыла зацятасьць жыдоў; а Хрыстос жа ў сваёй вялiкай дабрынi памёр i за грахi жыдоў, калi толькi яны гэта прызнаюць, i таму кожны хрысьцiянiн павiнен малiцца й за выратаваньне iх праклятых душ, каб, калi прыйдзе час Страшнага суду, маглi быць сабраныя Хрыстом i яны.

- Але чаму, - прамаўляе ён з высока паднятай галавой, як прарок, - жыды ня хочуць паверыць, што iх мэсiя прыйшоў у асобе Iсуса Хрыста, калi ж яны бачаць i на сваёй скуры адчуваюць, што iхнi храм разбураны й яны расьсеяны па ўсiх краiнах, каб жыць у галечы й нэндзы сярод чужых i быць бiтымi сваiмi ворагамi? Таму Бог карае зацятых i асьлеплых жыдоў з поўным правам нават i сёньняшнiм часам, таму што яны не хацелi прыняць свайго Збаўцу, а па патрабаваньнi Пiлата, згадзiлiся, каб яго прыбiлi да крыжа, i паколькi Пiлат умыў рукi й сказаў, невiнаваты я ў крывi праведнiка гэтага, тады, адказваючы яму, жыды сказалi, Мацьвей 27: 'Кроў ягоная на нас i на дзецях нашых'.

Айцэн заўважае, як ён захапiўся i што насуперак усiм сваiм планам i намерам ужо ўцягнуўся ў disputatio i моцна ў iм заграз; але нават i вучоны Эзэхiель Пэрэйра прызнаў гэта i ўжо пагладжвае хвалiстую бараду й пытаецца, зьвяртаючыся да ганаровых i iншых высокiх гасьцей, цi не дазволiлi б яму гер доктар i дастойныя геры задаць адно прамежкавае пытаньне, а менавiта, спасылаючыся на якiя аўтарытэты й на якi Запавет, Стары цi Новы цi на абодва адразу, ягоны апанэнт хацеў бы тут дыспутаваць? Бо калi ўжо зайшлося пра наварот жыдоў i нi пра што iншае, дык нельга ад iх патрабаваць проста за так, каб яны a priori прызнавалi эвангельлi альбо пiсьмы апосталаў; такога можна было б патрабаваць толькi пасьля перагавораў; а да таго мы мусiм прапанаваць апанэнтам тэксты зь пяцiкнiжжа Майсея i словы сваiх уласных прарокаў, а таксама са сьвятых псальмаў i выслоўяў, i з гэтага павiнна высьветлiцца, у чым жа й праз што жыды аж так моцна саграшылi.

Пры такога роду прамовах Айцэну робiцца пуста ў страўнiку, пот выступае на губах, тым болей, што ён яшчэ й павiнен глядзець, як некаторыя з начальстваў разважлiва кiваюць галавою, быццам ухваляючы тое, што сказаў Пэрэйра; даюцца на ўнушэньне, дурныя, што жыд можа ведаць толькi сваё ўласнае вучэньне, а й не падазраюць, як мала яны падыгрываюць свайму супэрiнтэндэнту, рабуючы ў яго палавiну яго арсэналу.

I тут Пэрэйра зь яшчэ большым нацiскам патрабуе ўсьвядомiць, бо гэта запiсана ў Майсея i ў прарокаў, што выратаваньне й збавеньне народу Iзраiля i паўторнае здабыцьцё божай ласкi палягаюць на веры ў мэсiю, якi ўжо явiўся? У Пiсаньнi патрабуецца вера толькi ў Аднаго, менавiта ў Бога, хай сьвяцiцца iмя яго, як зыходзiлi з гэтага слова Шмах Iзроэл, Аданай Элохэну, Аданай Эход, слухай, Iзраiль, Гасподзь Бог наш, Гасподзь адзiны, i тое, што ён, Бог, славалюбны Бог, чаму Iзраiль ня можа мець iншых багоў побач зь iм, ня кажучы ўжо пра нейкiх яшчэ сыноў Божых.

Айцэну робiцца не па сабе, калi ён бачыць, як Пэрэйра пытаньне пра пакараньне Iзраiля, якое ўсiм вiдавочнае, хiтра заблытвае й спрабуе завесьцi спрэчку ў нейкую нябесную арыфметыку, зь якою зямная i асаблiва iхняя арыфметыка, так цяжка стасуюцца. Але, каб выбiць у апанэнта аргумэнт, трэба адразу даць контрдовад, i ён кажа, што Сын Божы, наш Збаўца, на якога так зьедлiва намякаў вучоны дон Пэрэйра, нiякi ня Бог каля Бога, а яны Бог Бацька, Бог Сын i Logos, Сьвяты Дух, ад пачатку былi адзiнствам, так што тут in puncto ўшанаваньня адзiнага Бога ня можа ўзьнiкнуць абсалютна нiякай супярэчлiвасьцi з Божай запаведзьдзю; гэта асьвятляе таксама i ў iмя Божае на габрэйскай мове, Elihim, якое ёсьць pluralis, множны лiк, i пацьвярджаецца словам Божым у Майсея 1: 26 - Створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага - што, калi займеньнiк тут, бадай, i ня можа датычыцца анёлаў з Божага атачэньня, дык ён абавязкова павiнен азначаць, што Бог браўся за працу ў сваiм трыадзiнстве i ўсе мы такiм чынам ёсьць творы й Сына й таму абавязаны верыць гэтаксама i ў яго, як i ў Бацьку. Майсей 1:26, думае Айцэн, ня iдзе далей гiсторыi стварэньня: тут ён пабiвае Пэрэйру яго ж уласнай зброяй; прыбывае, бач, сюды з Партугалii, адкуль кароль турнуў яго разам з усiмi астатнiмi знакамiтымi жыдамi, i будзе яшчэ вучыць нас слову Божаму й другi раз высьмейваць i нiкчэмнiць нашага Госпада Iсуса. Але Пэрэйра лёгенька ўсьмiхаецца, кланяецца тым з начальстваў i пытаецца, цi не маглi б хто з гераў сэнатараў альбо з высокай герцагскай рады папрасiць у яго вучонага апанэнта працытаваць наступны верш зь Першай кнiгi Майсея, а менавiта 1:27 i паколькi ашаломлены Айцэн маўчыць, той працягвае далей, а далей iдзе наступнае: I стварыў Бог (адзiночны лiк) чалавека паводле вобразу Свайго (адзiночны лiк), паводле вобразу Божага (адзiночны лiк) стварыў яго; мужчыну i жанчыну стварыў iх - з чаго вiдаць, што pluralis у вершы 26 ёсьць так званы рluralis majestatis, так, як Iх герцагская мосьць Гаторпскi i iншыя княскiя геры кажуць 'Мы', гаворачы пра свае ўзвышаныя асобы, ня будучы складзенымi з трох розных асобаў. Але ж i дзёрзкi жыд, якi вунь жа й раней спытаўся пра цела ўкрыжаванага, зноў падымае свой голас i хоча даведацца ад гера superintendent, цi ня быў пры стварэньнi Сын гультаём i цi не дапусьцiўся да таго, што Бацька працаваў адзiн; на што ўсё астатняе жыдоўства пачынае рагатаць, ляпае сябе па сьцёгнах i крычаць о-ё-ёй, а гарадзкi палiцыянт, якi трымае пост каля ўваходу ў сынагогу, ня прыходзiць у рух, не зграбае ганебнае рыла й ня экспэдыруе вон за дзьверы.

Тут Айцэну робiцца ясна, што было б лепей, каб ён прыцягнуў сьвятых прарокаў, замест таго каб спрачацца пра множны й адзiночны лiкi, бо кожны арыфметычны прыклад можна паставiць пад пытаньне, а вось мудрае выслоўе заўсёды да рэчы й месца. I ён заяўляе, што ў многiх кнiгах прарокаў наш Гасподзь Iсус быў дакладна прадказаны як чаканы мэсiя, нават у тым, што датычыцца яго народзiнаў i паходжаньня з дома Давiдавага як i яго жыцьця i дзейнасьцi й сьмерцi. Так, калi б толькi было мудрае прадказаньне, якое

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату