- 'Суд прызнае арыштаваных вiнаватымi, - прачытаў палкоўнiк Хартэп. Арыштаваны Ёзеф Грунлiх прыгаворваецца да аднаго месяца зняволення, пасля чаго будзе высланы на радзiму. Арыштаваная Корал Маскер прыгаворваецца да турэмнага зняволення на дваццаць чатыры гадзiны, пасля чаго будзе выслана на радзiму. Арыштаваны...'

Доктар Цынер перабiў яго:

- Магу я звярнуцца да суду, перш чым будзе абвешчаны прысуд?

Палкоўнiк Хартэп кiнуў погляд у акно - яно было зачынена, зiрнуў на вартаўнiкоў - iх бясстрасныя, абыякавыя твары выказвалi неразуменне i адчужанасць.

- Можаце, - дазволiў ён.

Твар маёра Петкавiча пабарвавеў.

- Немагчыма, - сказаў ён, - абсалютна немагчыма. Загад 27а. Арыштаванаму трэба гаварыць да перапынку.

Начальнiк палiцыi паглядзеў мiма вострага профiлю маёра, туды, дзе на крэсле, сагнуўшыся, склаўшы рукi ў шэрых баваўняных пальчатках, сядзеў доктар Цынер. Звонку прагудзеў паравоз, якi павольна рухаўся па чыгуначным пуцi. За акном шамацеў снег. Ён глянуў на доўгi шэраг ордэнскiх калодак на сваiм шынялi i на дзiрку ў пальчатцы доктара Цынера.

- Гэта будзе поўнае парушэнне правiлаў, - прабурчаў маёр Петкавiч, адной рукой ён намацаў пад сталом свайго сабаку i пачаў тузаць, кудлацiць яго за вушамi.

- Прымаю да ведама ваш пратэст, - сказаў палкоўнiк Хартэп i потым звярнуўся да доктара Цынера: - Вы ведаеце гэтаксама добра, як i я, - зычлiва пачаў ён, - што б вы нi гаварылi, гэта ўжо не зменiць прысуду. Але калi вам так хочацца нешта сказаць, калi гэта прынясе вам задавальненне, можаце гаварыць.

Доктар Цынер чакаў пярэчанняў цi зневажальных рэплiк i ў сваiм апошнiм слове меўся даць iм рашучы адпор. Аднак ласкавасць, ветлiвасць палкоўнiка на iмгненне пазбавiлi яго дару слова. Ён iзноў пазайздросцiў тым вартасцям, якiмi валодаюць толькi людзi моцныя, упэўненыя ў сабе. Зычлiвасць палкоўнiка, якi моўчкi глядзеў на яго, скавала яму язык. Капiтан Алексiч расплюшчыў вочы i зноў заплюшчыў iх. Доктар пачаў павольна гаварыць:

- Гэтыя ўзнагароды вы атрымалi за заслугi перад радзiмай пад час вайны. У мяне няма ўзнагарод, таму што я вельмi моцна люблю сваю радзiму. Я не хачу забiваць людзей толькi за тое, што яны гэтаксама любяць сваю радзiму. Я змагаюся не за новыя тэрыторыi, а за новы свет.

Яго прамова перарвалася: тут не было публiкi, якая магла б падбадзёрыць яго, i ён усведамляў, наколькi напышлiвыя яго словы: яны не маглi служыць доказам вялiкай любовi i вялiкай нянавiсцi, якiя заўсёды кiравалi iм у яго жыццi. У яго мазгу прамiльгнулi журботныя i цудоўныя твары людзей, змарнелыя ад голаду, заўчасна састарэлыя, поўныя адчаю. Ён ведаў гэтых людзей, дапамагаў iм, але не здатны быў iх выратаваць. Свет ператварыўся ў хаос, таму што такая плойма высакародных людзей - беспрацоўныя, у той час як буйныя фiнансiсты i вайскоўцы квiтнеюць.

- Вас нанялi, каб падтрымлiваць нiкчэмны i агiдны стары свет, поўны несправядлiвасцi i неразбярыхi, - казаў ён, - бо такiя людзi, як Вускавiч, крадуць працоўныя жабрацкiя грашы ў беднякоў, дзесяць гадоў спяшаюцца жыць раскошным, сытым, бязглуздым жыццём, а потым пускаюць сабе кулю ў лоб. I вам плацяць за тое, каб вы абаранялi вось такую сiстэму, якая падтрымлiвае людзей накшталт яго. Вы саджаеце ў турму дробнага зладзюжку, а вялiкiя злодзеi жывуць у палацах.

- Тое, што гаворыць арыштаваны, не мае нiякага дачынення да справы. Гэта палiтычная прамова, - умяшаўся маёр Петкавiч.

- Хай гаворыць.

Палкоўнiк Хартэп засланiў рукою твар i заплюшчыў вочы. Доктар Цынер падумаў: 'Ён робiць выгляд, што спiць - хоча замаскiраваць сваю раўнадушнасць', але той iзноў расплюшчыў вочы, калi доктар гнеўна звярнуўся да яго:

- Як жа вы ўстарэлi з сваiмi гранiцамi i з сваiм патрыятызмам! Самалёты не ведаюць гранiц, нават вашы фiнансiсты iх не прызнаюць.

Потым доктар Цынер заўважыў, што палкоўнiк Хартэп нечым засмучаны, i пры думцы, што, магчыма, Хартэп не жадае яго смерцi, яму зноў зрабiлася цяжка падбiраць патрэбныя словы. Ён бездапаможна пераводзiў вочы з аднаго месца на другое, ад карты на сцяне да палiцы з гадзiннiкам, застаўленай кнiгамi ў падраных вокладках па стратэгii i па ваеннай гiсторыi. Нарэшце яго погляд спынiўся на двух вартавых. Адзiн глядзеў мiма, не звяртаючы на яго ўвагi, ён спрабаваў глядзець у адну кропку i трымаць вiнтоўку пад правiльным вуглом. Другi ж не зводзiў з яго вялiкiх, наiўных, маркотных вачэй. Гэты твар ён далучыў да той уяўнай журботнай працэсii, i тут ён зразумеў - ён мае аўдыторыю больш каштоўную, чым журналiсты: перад iм быў бядняк, якога трэба адлучыць ад няправеднай справы i пераканаць, каб ён служыў справядлiвай справе. I тады ў доктара адразу знайшлiся словы, абстрактныя, але мiлагучныя, - яны некалi пераканалi яго самога, а цяпер павiнны былi пераканаць iншага. Аднак зараз ён паводзiў сябе хiтрэй, з асцярогай, уласцiвай яго класу, не глядзеў на салдата, якi стаяў на варце, а толькi зрэдку, крадком, кiдаў на яго хуткi, нiбыта хвост яшчаркi, позiрк, звяртаючыся да яго ў множным лiку: 'Браты!' ён пераконваў яго, што беднасць - не ганьба, але i старацца разбагацець таксама не сорамна, што беднасць - не злачынства i няма нiякай патрэбы адчуваць сябе прыгнечаным. Калi ўсе зробяцца беднякамi - беднякоў не будзе наогул. Багаццi свету належаць усiм. Калi падзялiць iх памiж усiмi людзьмi, тады знiкнуць беднякi, i ў кожнага чалавека будзе дастаткова, i не трэба будзе саромецца сваiх суседзяў.

Палкоўнiк Хартэп страцiў да яго цiкавасць: у доктара Цынера знiклi характэрныя рысы, накшалт шэрых шарсцяных пальчатак з дзiркай на вялiкiм пальцы, i ён ператварыўся ў звычайнага вулiчнага прамоўцу. Глянуўшы на гадзiннiк, палкоўнiк Хартэп сказаў:

- Я думаю, што даў вам дастаткова часу.

Маёр Петкавiч прамармытаў нешта сабе пад нос, ён раптам са злосцю пхнуў нагой сабаку i буркнуў:

- Адчапiся! Вечна ты лезеш да мяне.

Капiтан Алексiч прачнуўся i сказаў з вялiкай палёгкай:

- Ну вось, нарэшце, i закончылi.

Доктар Цынер, якi ўтаропiўся ў адну кропку на падлозе, злева ад вартаўнiка, павольна вымавiў:

- Гэта быў не суд. Яны прыгаварылi мяне да смерцi перш чым пачалi судзiць. Памятайце, я памiраю, каб адкрыць перад вамi шлях у будучыню. Смерцi я не баюся. Жыццё маё не вартае таго, каб баяцца смерцi. Мне здаецца, што ад мяне мёртвага болей карысцi. - Але пакуль ён гаварыў, яго ясны розум падказаў яму, што наўрад цi яго смерць каму-небудзь прынясе карысць.

- 'Арыштаваны Рычард Цынер прыгаворваецца да смяротнага пакарання, прачытаў палкоўнiк Хартэп. - Прыгавор будзе прыведзены ў выкананне афiцэрам, якi камандуе гарнiзонам у Субоцiцы, праз тры гадзiны'.

З хвiлiну ўсе сядзелi моўчкi, як на канцэрце, калi выкананне закончана i публiка не ўпэўнена, цi надышоў час апладзiраваць. Корал Маскер прачнулася. Яна не магла адразу ўцямiць, што тут адбываецца. Афiцэры размаўлялi памiж сабой, перагортвалi паперы. Потым адзiн з iх аддаў каманду, вартаўнiкi адчынiлi дзверы i пайшлi насустрач ветру i снегу да белых зацярушаных будынкаў.

Арыштаваныя выйшлi за iмi, тулячыся адно да аднаго сярод снежнай завеi, што агарнула iх. Не паспелi яны крыху адысцi, як Ёзеф Грунлiх тузануў доктара Цынера за рукаў.

- Чаму вы нiчога не гаворыце мне? Што будзе са мной? Вы iдзяце i маўчыце, - бурчаў ён, цяжка дыхаючы.

Грунлiх замоўк, з пiльнай увагаў разглядаючы размяшчэнне будынкаў. Ён спатыкнуўся на рэйках i сярдзiта прабурчаў нешта сабе пад нос.

- А я? Што будзе са мной? - спытала Корал.

- Вас адправяць дадому заўтра.

- Але я не магу туды ехаць. Мне трэба на працу. Я страчу яе. А як жа мой сябра?

Яна з самага пачатку баялася гэтага падарожжа - баялася не зразумець, што ёй казалi насiльшчыкi, баялася нязвыклай ежы - i не ведала, чым усё гэта скончыцца. У той момант, калi памочнiк капiтана аклiкнуў яе на мокрым прычале ў Остэндэ, яна гатовая была павярнуць назад. З таго часу адбылося шмат розных падзей, а цяпер ёй давядзецца вяртацца ў тую самую кватэру, да скiбак падсмажанага белага хлеба i апельсiнавага соку на снеданне, да доўгага чакання на лесвiцы каля агенцтва разам з Айвi, i Фло, i Фiлам, i

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату