словамi ён выклаў сваё распараджэнне, але ўсё гэтае трэба было зашыфраваць кодам фiрмы. Аднак калi зашыфраваная тэлеграма была пададзена ў акенца тэлеграфiста, той адмовiўся прыняць яе: усе тэлеграмы праходзiлi праз цэнзуру i зашыфраваныя паведамленнi не перадавалiся. Нарэшце Майет выбраўся з пошты, але ў гатэлi, дзе тхнула засохлымi раслiнамi i клапаморам, пра Корал нiчога не ведалi. 'Яна, пэўна, яшчэ на станцыi', падумаў Майет. Ён выйшаў з машыны за сто метраў ад вакзала, каб пазбавiцца ад шафёра, - той аказаўся надта гаваркi i назойлiва навязваў сваю дапамогу, - i пачаў адзiн прабiрацца скрозь вецер i снег. Калi праходзiў паўз двух вартаўнiкоў, якiя стаялi каля дзвярэй нейкага будынка, ён спытаў у iх, як прайсцi ў залу чакання. Адзiн сказаў, што цяпер нiякай залы ўжо няма.

- А куды мне звярнуцца па даведку?

Той, што быў вышэйшы ростам, прапанаваў яму звярнуцца да начальнiка станцыi.

- А дзе яго кабiнет?

Салдат паказаў на другi будынак, але ветлiва дадаў, што начальнiка станцыi зараз няма, ён у Белградзе.

Майет стрымаў абурэнне, - вартаўнiк здаваўся такiм зычлiвым. Яго напарнiк плюнуў, выказваючы сваю пагарду, i прабурчаў пад нос нешта наконт жыдоў.

- А куды ж мне ў такiм разе звярнуцца па даведку?

- Тут ёсць маёр, а яшчэ памочнiк начальнiка станцыi, - няпэўна прамовiў вартаўнiк.

- Маёра вам не ўдасца пабачыць, ён пайшоў у казармы, - сказаў другi салдат.

Майет, не доўга думаючы, наблiзiўся да дзвярэй: за ёй чулiся цiхiя галасы. Змрочны вартаўнiк раптам узлаваўся, ён груба ўдарыў Майета па нагах прыкладам вiнтоўкi.

- Iдзi адсюль. Нам не трэба, каб тут шнырылi розныя шпегi. Правальвай адгэтуль, жыдоўская морда.

Захоўваючы поўны спакой, уласцiвы людзям яго нацыянальнасцi ў такiх абставiнах, Майет адышоў ад дзвярэй. Гэта быў знешнi спакой - прыроджаная рыса, - пра яе iснаванне ён нават не падазраваў, аднак у душы адчуў абурэнне i гнеў чалавека, якi ведае сабе сапраўдную цану. Ён быў памкнуўся да салдата, каб кiнуць яму ў твар, падобны на звярыную морду, якiя-небудзь з'едлiвыя словы, аднак своечасова спынiўся, са здзiўленнем i жахам адчуўшы небяспеку: у маленькiх пранiзлiвых вочках гарэла дзiкая нянавiсць i прага забойства, - нiбыта ўвесь прыгнёт, пагромы, уцiск, ярмо, зайздрасць i забабоны, што спарадзiлi ўсё гэта, скупiлiся ў цёмнай яме, выкапанай у зямлi, i ён глядзеў у гэтую яму, стоячы на самым краi. Ён адскочыў назад, не зводзячы вачэй з салдата, пальцы якога намацвалi курок.

- Я пагавару з памочнiкам начальнiка станцыi. - Але яго iнстынкт падказваў яму хутчэй пайсцi да машыны i вяртацца ў цягнiк.

- Не ў тэй бок! - крыкнуў яму зычлiвы вартаўнiк. - Iдзiце вунь туды, цераз рэйкi.

Майет быў рады, што буран роў на чыгунцы i шалёна дзьмуў памiж iм i салдатамi. Там, дзе ён стаяў, вецер быў не асаблiва моцны, ён затрымлiваўся ў праходах памiж будынкамi. Майет сам дзiвiўся сваёй упартасцi, не разумеючы, чаму ён марудзiць на пустой, поўнай небяспекi станцыi. Ён пераконваў сябе, што не мае нiякiх абавязацельстваў перад гэтай дзяўчынай, добра ўсведамляючы, што яна пагадзiлася б з iм. 'Мы разлiчылiся, - сказала б яна, - вы купiлi мне бiлет, а я дала вам магчымасць няблага прабавiць час'. Але яго прыцягвала да яе гэтая яе маўклiвая пакорлiвасць. Перад такой пакорлiвасцю ён павiнен быў быць толькi шчодры i ўдзячны. Ён перайшоў лiнiю i пагрукаў у нейкiя дзверы. За сталом, спiнай да дзвярэй, сядзеў чалавек i пiў вiно. Майет сказаў тонам, як яму здавалася, рашучым i значным:

- Я хачу атрымаць даведку.

У яго не было падстаў баяцца афiцыйнага чыноўнiка, але, калi гэты чалавек павярнуўся i, убачыўшы Майета, кiнуў на яго хiтры i нахабны позiрк, ён прыйшоў у адчай. Над пiсьмовым сталом вiсела люстра, i на секунду Майет ясна ўбачыў там свой адбiтак - нiзенькi, тоўсты, насаты, у цяжкiм футры, - i ён адразу здагадаўся: гэтыя людзi ненавiдзяць яго не толькi таму, што ён жыд, але для iх, якiя ўжо прымiрылiся з беднасцю i нiкчэмнасцю свайго жыцця, ён быў яшчэ i ўвасабленнем багацця.

- Якую даведку? - спытаў клерк.

- Я хачу атрымаць даведку наконт дзяўчыны з Усходняга экспрэса, якая адстала ад цягнiка тут сёння ранiцай.

- Як гэта так? - нахабна спытаў клерк. - Калi нехта выходзiць з цягнiка тут, дык ён сюды, значыць, i едзе, а не адстае ад цягнiка. А сёння цягнiк гэты стаяў тут болей за паўгадзiны.

- Але ж дзяўчына выйшла з яго?

- Не.

- А вы маглi б прагледзець здадзеныя бiлеты i праверыць?

- Не. Я ўжо казаў вам, што нiхто не выходзiў. Чаго вам яшчэ ад мяне трэба? У мяне няма часу з вамi размаўляць. Я чалавек заняты.

Майет раптам падумаў, што i ён не супраць таго, каб паслухацца гэтага клерка i спынiць пошукi: ён зрабiў усё, што толькi ад яго залежала, i зараз яму захацелася адчуць сябе вольным. На iмгненне ён параўнаў Корал з маленькiм завулкам, якi вабiць да сябе мужчын, што праходзяць мiма, але аказваецца - гэта тупiк з глухой сцяной у канцы. Iснуюць жа яшчэ i iншыя жанчыны, яны падобныя на вулiцы з мноствам крамаў - блiскучых i зiхатлiвых, - такiя вулiцы заўсёы вядуць куды-небудзь. I тут ён згадаў Джанет Пардаў. Ён дасягнуў ужо таго веку, калi ўзнiкае пiльная патрэба ажанiцца i займець дзяцей, разбiць свой намёт i памножыць сваё племя. Але пачуццi ў яго былi надта патрабавальныя, далiкатныя: яны абуджалi ў iм сумненнi адносна той, якая зусiм не спадзявалася на замужжа, а iмкнулася проста сумленна разлiчыцца з iм i падарыць яму сваю прыхiльнасць. I ён iзноў прыгадаў яе дзiўны i нечаканы стогн i выгук: 'Я кахаю цябе'. Ён вярнуўся ад дзвярэй да стала клерка, вырашыўшы зрабiць усё, што ад яго залежала, да канца. Можа, яна трапiла ў цяжкае становiшча, сядзiць на мялi, без грошай, магчыма, яе напалохалi.

- Людзi бачылi, як яна выходзiла з цягнiка.

- Што вам ад мяне трэба? Каб я пайшоў шукаць яе ў такую завiруху? буркнуў чыноўнiк. - Кажу вам, мне пра яе нiчога не вядома. Не бачыў я нiякай дзяўчыны.

Голас яго памякчэў, калi ён убачыў, як Майет дастае бумажнiк. Майет выняў асiгнацыю ў пяць дынараў i разгладзiў яе пальцамi.

- Калi вы скажаце мне, дзе яна, вы атрымаеце дзве такiя асiгнацыi.

Клерк пачаў злёгку заiкацца, на вачах у яго навярнулiся слёзы, i ён сказаў з горкiм шкадаваннем:

- Калi б я мог, калi б гэта толькi было мне па сiле, паверце мне, я быў бы шчаслiвы дапамагчы вам. - Яго твар асвятлiўся, i ён з надзеяй прапанаваў: - Вам трэба паспрабаваць навесцi даведкi ў гатэлi.

Майет засунуў бумажнiк у кiшэню - ён зрабiў усё, што мог, - i пайшоў шукаць машыну.

За апошнiя некалькi гадзiн сонца паспела ўжо схавацца за хмарамi, але пра яго прысутнасць сведчылi бляск снегу i бялiзна сумётаў. Цяпер яно садзiлася, i снег паглынаў шэры колер неба. Пакуль засветла, Майету не дабрацца да цягнiка. Але нават надзея паспець на цягнiк знiкла: падышоўшы да машыны, ён даведаўся, што рухавiк застыў, хоць радыятар быў пакрыты анучамi.

4

- Добра вам спяваць, - сказаў Ёзеф Грунлiх. Хоць ён i ганiў доктара i Корал за пасiўнасць, яго вочы пачырванелi ад слёз, i не без шкадавання ён развiтаўся з прывiдамi маленькiх прадаўшчыц запалак i прынцэс з ледзяным сэрцам. 'Так лёгка iм не ўдасца мяне злавiць'. Ён пачаў мераць крокамi залу чакання. Паслiнiўшы вялiкi палец, ён пачаў абмацваць драўляную абiўку сцен.

- Я нi разу не сядзеў у турме. Вы, напэўна, здзiўляецеся, але гэта праўда. У маiм узросце мне гэта зусiм непатрэбна. Ды яшчэ збiраюцца выслаць мяне ў Аўстрыю.

- А вас там шукаюць?

Ёзеф Грунлiх аправiў камiзэльку, пры гэтым яго срэбны крыжык варухнуўся.

- Вам, прынамсi, я магу прызнацца. Мы ж з вамi заадно, га? - ён крыху нахiлiў галаву, нiбыта ад прылiву сцiпласцi. - Я забiў чалавека ў Вене.

- Значыць, вы - забойца? - з жахам спытала Корал.

'Мне б дужа хацелася расказаць iм усё, як было: я ж так спрытна ўсё зрабiў, навошта трымаць у сакрэце? - разважаў Ёзеф Грунлiх. - Як хутка ўсё адбылося! 'Зiрнiце туды, гер Кольбер!' Тузаю за шнурок, цэлюся, страляю двойчы, перадсмяротная сутарга, чалавек забiты - i ўсё за нейкiя дзве секунды. Але ж лепей не расказваць'. Ён згадаў перасцерагальны дэвiз сваёй прафесii - непарушнае правiла, якое стрымлiвае занадта самаўпэўненых: 'Нiколi не ведаеш, што цябе чакае наперадзе'.

Ён засунуў палец за каўнер i бесклапотна сказаў:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату