Дзiкам. Усе яны ветлiвыя юнакi i дзяўчаты, з iмi цалуешся i называеш iх проста па iменi, хоць i зусiм iх не ведаеш. Блiзкасць з кiм-небудзь адным можа парушыць свет сяброўскiх адносiн: пачынаеш адчуваць агiду да жаночых пацалункаў i да iх гучнага шчэбету, звыклае жыццё робiцца крыху нерэальнае i вельмi сумнае. Нават доктар, якi крочыў перад ёй, у гэтым нерэальным свеце не выклiкае ў яе цiкавасцi. Але, калi яны дайшлi да залы чакання, яна ўспомнiла, што трэба спытаць у яго:
- А вы? Што будзе з вамi?
- Мяне затрымаюць тут, - няпэўна адказаў ён, забыўшыся прапусцiць яе перад сабою, калi яны ўваходзiлi ў залу.
- Куды яны мяне пасадзяць? - спытаў Ёзеф Грунлiх, калi дзверы за iмi зачынiлiся.
- А мяне?
- На гэтую ноч, я думаю, у казармы. Цягнiка да Белграда няма.
Печ ужо астыла. Ён паглядзеў у акно, спрабуючы ўбачыць сялян, але iм, пэўна, надакучыла чакаць, i яны пайшлi па дамах.
- Нiчога не зробiш, - з палёгкай вымавiў ён i дадаў сумным гумарам: Быць дома - гэта ўжо нешта.
На iмгненне ён убачыў, як стаiць перад бясконцай прасторай, поўнай сасновых парт, перад радам злосных твараў, i нагадаў той час, калi сэрца ў яго ныла ад iх дзiцячага свавольства, патаемных сiгналаў i прытоенага смеху - калi настаўнiк не можа падтрымлiваць парадку ў класе, яго абавязкова звальняюць. Але яго ворагi даравалi яму тое, чаго ён нiколi раней не меў: бяспеку. Не трэба было нiчога вырашаць. Ён жыў у спакоi.
Доктар Цынер пачаў напяваць нейкi матыў.
- Гэта старадаўняя песня, - растлумачыў ён Корал Маскер. - Каханы кажа: 'Я не магу прыйсцi ўдзень, бо я бедны i твой бацька нацкуе на мяне сабак. Але ўначы я падыду да твайго акна i папрашу цябе ўпусцiць мяне да сябе'. А дзяўчына адказвае: 'Калi забрэшуць сабакi, стой, схаваўшыся ў цень сцяны, я спушчуся да цябе, i мы разам пойдзем у гушчар фруктовага саду'.
Ён праспяваў першы куплет злёгку хрыплаватым голасам, таму што даўно не спяваў. Ёзеф Грунлiх, седзячы ў кутку, пахмурна паглядзеў на спевака, а здзiўленая Корал, стоячы каля астылай печы, слухала з задавальненнем, бо доктар, здавалася, памаладзеў i быў поўны аптымiзму. 'Уначы я прыйду да твайго акна i папрашу цябе ўпусцiць мяне да сябе'. Ён звяртаўся не да сваёй каханай, словы гэтыя былi бяссiльныя выклiкаць у памяцi твар дзяўчыны з тых гадоў, калi ён займаўся палiтыкай i цалкам падначалiў сябе адзiнай мэце, але яго бацькi з дакорам хiталi добрымi маршчынiстымi тварамi: яны ўжо не ставiлiся з глыбокай пашанай да адукаванага чалавека, доктара, амаль джэнтльмена. Потым крышку цiшэй ён яшчэ раз праспяваў партыю дзяўчыны. Яго голас гучаў не так хрыпла, ён, пэўна, калiсьцi быў прыгожы. Адзiн вартаўнiк падышоў да акна i зазiрнуў у залу, а Ёзеф Грунлiх раптам заплакаў характэрнымi тэўтонскiмi слязамi, думаючы пра сiрот, засыпаных снегам, пра прынцэс з ледзяным сэрцам i зусiм не ўспамiнаючы пра Кольбера, чыё цела зараз везлi па брудных гарадскiх вулiцах у пахавальнай машыне ў суправаджэннi двух пахавальных агентаў i аднаго праважатага ў таксi, пажылога халасцяка, цудоўнага гульца ў шашкi. 'Стой, схаваўшыся ў цень сцяны, i я спушчуся да цябе'. У свеце панаваў хаос: беднякi памiралi з голаду, а багацеi не рабiлiся ад гэтага больш шчаслiвыя, злодзея маглi i пакараць, i ўзнагародзiць тытуламi, у Канадзе палiлi пшанiцу, у Бразiлii каву, а ў беднякоў яго роднай краiны не хапала грошай на хлеб, i яны памiралi з голаду ў халодных пакоях. Свет раскалоўся, i ён некалi рабiў усё магчымае, каб навесцi ў iм парадак, але цяпер з гэтым пакончана. Цяпер ён нiчога не мог зрабiць, але ён быў шчаслiвы. 'Мы пойдзем туды, у гушчар фруктовага саду'. У памяцi зноў не ўзнiкла нiякай дзяўчыны, якая прынесла б яму палёгку, а толькi журботныя i цудоўныя твары беднякоў, якiя навявалi на яго спакой. Ён зрабiў усё, што яму было пад сiлу, нiчога большага ад яго i не чакалi. Беднякi надзялiлi яго ўсведамленнем безвыходнасцi, адкрылi перад iм таямнiцы сваёй духоўнай прыгажосцi, сваiх радасцей i бед i павялi яго ў цемру, поўную шапацення лiстоты. Вартаўнiк прыцiснуўся тварам да акна, i доктар Цынер перастаў спяваць.
- Цяпер ваша чарга, - сказаў ён Корал.
- О, я не ведаю такiх песень, якiя б вам спадабалiся, - сур'ёзна сказала яна, у той жа час шукала ў памяцi што-небудзь крыху старамоднае i журботнае, што-небудзь, што пасавала б да яго кранальнай сумнай песенькi.
- Але ж павiнны мы неяк бавiць час.
Корал раптам заспявала нягучным, але чыстым голасам, падобным на гук музычнай скрынкi:
Хто будзе маiм,
Я пакуль не рашыла,
Я з Майклам ганяла
Усю ноч на машыне.
Я з Пiтэрам ў парку
На лаўцы сядзела.
А ўвечары з Джонам
На зоркi глядзела.
А потым знянацку
Сустрэлася з Гары,
З iм горкага пiва
Напiлася ў бары.
Дый некалi будзе уцехам канец,
I дзеўчына пойдзе з хлапцом пад вянец.
- Гэта Субоцiца? - закрычаў Майет, калi скрозь завею паказалiся некалькi глiняных будынкаў.
Шафёр кiўнуў i паказаў рукой наперад. На сярэдзiну шашы выбегла дзiцё, i машына рэзка павярнула ўбок, каб не наехаць на яго. Пранiзлiва запiшчала кураня, i шэрае пер'е разляцелася па снезе. З хаткi выйшла бабуля i закрычала iм наўздагон.
- Што яна сказала?
Шафёр павярнуў галаву i ўсмiхнуўся:
- 'Праклятыя жыды'.
Стрэлка спiдометра задрыжала i пачала адступаць: пяцьдзесяць мiль, сорак, трыццаць, дваццаць.
- Тут паўсюль салдаты, - сказаў шафёр.
- Вы думаеце, што тут абмежаванне хуткасцi?
- Не, не. Гэтыя праклятыя салдафоны! Як толькi ўбачаць добрую машыну, адразу рэквiзуюць. Тое самае з коньмi. - Ён паказаў на палi, ахутаныя снегам. - Сяляне - яны ўсе галадаюць. Я працаваў тут некалi, але потым вырашыў: гэта не па мне, лепей буду жыць у горадзе. Увогуле, вёска гiне. Ён кiўнуў галавой у бок чыгункi, якой не было вiдно ў снежным буране: Адзiн-два цягнiкi на дзень - вось i ўсё. Не дзiва, што тут чырвоныя бунтуюць.
- А ў вас гэтаксама былi бунты?
- Бунты? Вочы б мае не глядзелi на ўсё гэта! Таварныя склады ўсе гараць, паштамт разбiты ўшчэнт. Палiцыя ў панiцы. Белград на ваенным становiшчы.
- Я хачу паслаць адгэтуль тэлеграму. Але цi дойдзе яна?
Машына, пыхкаючы, пракладала сабе дарогу, узлазячы на другой перадачы на маленькi пагорак, потым паехала па вулiцы з закуранымi цаглянымi хацiнамi, пазаклеенымi аб'явамi i адозвамi.
- Калi вы хочаце паслаць тэлеграму, то на вашым месцы я паслаў бы яе адгэтуль. У Белградзе чэргi газетчыкаў, паштамт разбураны, i ўладам давялося канфiскаваць стары рэстаран Мiколы. Разумееце, што гэта значыць? Ды дзе ўжо вам, вы ж iншаземец. Галоўнае - не клапы, хай бы яны былi: кажуць, яны нават карысныя для здароўя...
- Цi хопiць у мяне часу паслаць адгэтуль тэлеграму i паспець на цягнiк?
- Гэты цягнiк яшчэ доўга стаяць будзе. Яны запатрабавалi другi паравоз, але нiхто ў горадзе i слухаць не хоча. Паглядзелi б вы, што робiцца на станцыi, якi там гармiдар. Лепей адвёз бы я вас у Белград. Я б вам i горад паказаў. Я там ведаю ўсе лепшыя бардэлi.
- Спачатку я паеду на пошту, - перапынiў яго Майет. - А потым паспрабуем пашукаць маю даму ў гатэлях.
- Тут усяго адзiн гатэль.
- А потым пашукаем на станцыi.
Адпраўка тэлеграмы заняла некаторы час. Спачатку ён меўся паслаць распараджэнне Джойсу, каб не даць Экману абвiнавацiць фiрму ў паклёпе. Нарэшце ён спынiўся на такой фармулёўцы: 'Экману неадкладна прадаставiць месячны адпачынак. Калi ласка, адразу бярыце на сябе яго паўнамоцтвы. Буду заўтра'. Такiмi