Ён - цар, ён - бог напалавiну,
Злучэнне блеску, ззяння, ценi
Сагнi прад iм свае каленi!..
I прад такiм вось галамоўзай
Не смей стаць роўна ты, а поўзай!
'Памдзей' стаiць, пан не зважае,
Як бы то слуп цi рэч якая,
Сядзiць надзьмуты, звераваты
I разглядае асiгнаты.
- Ну, ягамосцю-аматору,
Цi павяраў сваю камору?
Зрабiўшы гэта запытанне,
'Рачок' зiрнуў лiхiм барбосам
I ўсё пакручвае тым носам,
Мiнуту ловiць насядання.
Што адказаць трапней на гэта?
Якая хiтрая тут мэта?
У чым яго, 'Памдзея', ловяць?
З чаго пачнецца тая споведзь?
Якiя зразяць яго стрэлы?
'Ну, ну, 'Пам-дзееньку', будзь смелы!
Бог дасць, сухi ўспаўзеш на бераг'.
Мамент, а думак цэлы шэраг.
- Так, павяраў, панок, вядома.
Хiба мне служба незнаёма?
- А шмат разоў быў на каморы?
- Пяць раз, 'Памдзею', з пазаўчора.
- Дзе Астахновiч? Марцiн! - Слухам!
Марцiн на двор iмчыцца духам
I зараз зноў сюды iдзе
I Астахновiча вядзе;
Паўзе з павагай Астахновiч,
Ляснiк каморны з Давiдовiч,
Маруда страшны, глух на вуха...
Ну, што ж? не даў Бог яму руху.
Прыйшоў, сюд-туд ён глянуў скоса
I затрубiў разы два носам,
Бо трэба ведаць, хто i дзе ты.
- Быў у цябе вось дурань гэты?
Адказвай праўду мне, Зыдоры,
Як ён даўно быў на каморы?
Аб'ездчык страчвае надзею!
'Гэ, вось ты лiха, пане-дзею!
Цяпер папаўся, дабрадзею:
Вось так i цапне, так i цапне,
Калi нi ў пяць, нi ў дзесяць ляпне?
Каб не глухi, шапнуць бы можна.
Эх, галава твая парожна!
Ну, як тут быць? як падказаць,
Каб i Зыдоры сказаў 'пяць'?'
Ён раптам момант улучае,
Пяць пальцаў моўчкi падымае.
Зыдоры згледзеў знак маўклiвы.
- Пяць дзён, як быў там пан мыслiвы,
Гукнуў Зыдоры вельмi рады,
Што гэтак выйшла без парады.
'Бадай жа ты прапаў, мой мiлы!
Не знаць бы век цябе, дурылы!
Ўсё сапсаваў, бадай ты знiк:
Пяць дзён! пяць скул на твой язык!'
- Лайдак! - як скокне да 'Памдзея'
Ляснiчы-змей, ну, аж шалее,
Жыўцом грызе сваю ахвяру.
- Пся крэў твая, галгане, лгару!
Ты гэтак служыш, о, лайдаку!
Да д'ябла выганю, сабаку,
Каб не было тут твайго смроду!
Я выведу такую моду!
Павiнен быць на сваiм месце,
А князеў хлеб дарэмна есцi
Не будзеш, псiна ты старая!
З апошнiх слоў 'Памдзея' лае.
I доўга льецца гэта песня,
Як толькi з крыку ён не трэсне!
'Памдзей', прыбiты i прыгнуты,
Цярплiва зносiць крыж пакуты,
Стаiць, удол спусцiўшы вочы,
I толькi зрэдку забармоча:
- Даруй, панок! нех пан даруе!
А пан нiчога не шануе
I, расчынiўшы губы-трубы,
Як непрытомны, злосны, грубы,
Шпурляе кнiгi, рве паперы
I брудна лаецца без меры
Ды насядае на 'Памдзея'
I ўсё не мякне, не дабрэе,
А мае дрэнныя намеры.
'Памдзей' задком, задком у дзверы
Паўзе-адходзiць ад навалы
I раптам робiць 'махнi-драла',
Бяжыць на двор, увесь чырвоны.
- О ты, халера! о, шалёны!
Ото ж наскочыў, пане-дзею!
Папаўся ў лапы кату-змею!
Гаворыць ён ды азiрнецца:
Яшчэ пагонь яму здаецца.
- А ты, Зыдоры, пане-дзею,
Ты - куст альховы! о, зладзею!
'Пяць раз' паказваю, тупiца!
