Мiнас узрадаваўся, што лёс прывёў да яго славутага афiнскага будаўнiка i мастака. Цар даў прытулак Дэдалу i прымусiў яго працаваць на сябе. Дэдал пабудаваў яму Лабiрынт, дзе было столькi пакояў i так заблытаны хады, што кожны, хто заходзiў туды, ужо не мог сам знайсцi выхада.
Да гэтага часу на выспе Крыт паказваюць рэшткi гэтага цудоўнага збудавання.
Доўга жыў Дэдал у цара Мiнаса палонным на чужой выспе пасярод мора. Часта сядзеў ён на марскiм беразе, пазiраў у бок роднага краю, успамiнаў свой прыгожы горад i сумаваў. Мiнула ўжо шмат гадоў, i, пэўна, ужо нiхто не памятаў, у чым яго абвiнавачвалi. Але Дэдал ведаў, што Мiнас нiколi не адпусцiць яго i нi адзiн карабель, якi адплывае ад Крыта, не асмелiцца ўзяць яго з сабою, баючыся пагонi. I ўсё-такi Дэдал ўвесь час думаў аб тым, каб вярнуцца дадому.
Аднойчы, седзячы каля мора, ён зiрнуў на шырокае неба i падумаў: 'Няма мне дарогi па моры, але ж неба адкрыта для мяне. Хто можа перашкодзiць мне на паветраным шляху? Птушка рассякае крыламi паветра i ляцiць куды хоча. Хiба чалавек горшы за птушку?'
I яму захацелася зрабiць сабе крылы, каб вызвалiцца з палону. Ён пачаў збiраць пёры вялiкiх птушак, адмыслова звязваў iх iльнянымi моцнымi нiткамi i змацоўваў воскам. Неўзабаве ён зрабiў чатыры крылы - два сабе i два для свайго сына Iкара, якi жыў з iм на Крыце. Крылы перавязвалiся крыж-накрыж i прымацоўвалiся да грудзей i рук.
I вось надышоў дзень, калi Дэдал парашыў выпрабаваць свае крылы. Надзеў iх i, плаўна ўзмахваючы рукамi, узняўся над зямлёй. Крылы трымалi яго ў паветры, i ён мог ляцець у той бок, куды хацеў.
Спусцiўшыся ўнiз, ён надзеў крылы сыну i пачаў вучыць яго лятаць.
- Спакойна i роўна махай рукамi, не апускайся задужа нiзка да хваляў, каб не намачыць крылы, i не ўзнiмайся высока, каб промнi сонца не апяклi цябе. Ляцi за мною следам, - так гаварыў ён Iкару.
I вось на досвiтку яны паляцелi з выспы Крыт.
Толькi рыбакi ў моры ды пастухi на лузе бачылi, як яны адляталi, але i тыя падумалi, што гэта крылатыя багi пралятаюць над зямлёй. I вось ужо далёка ззаду засталася скалiстая выспа, i шырока раскiнулася пад iмi мора.
Дзень разгараўся, сонца ўзнялося высока, i промнi яго прыпякалi ўсё мацней.
Дэдал ляцеў асцярожна, трымаўся блiжэй да паверхнi мора, з бояззю азiраўся на сына.
А Iкару па душы быў вольны палёт. Усё хутчэй рассякаў ён крыламi паветра, i яму захацелася ўзняцца высока-высока, вышэй за ластавак, вышэй за самога жаваранка, якi спявае, пазiраючы проста ў твар сонцу. I ў тую хвiлiну, калi бацька не глядзеў на яго, Iкар узняўся высока ўгору, да самага сонца.
Пад гарачымi промнямi растапiўся воск, якi змацоўваў крылы, пер'е распалася i разляцелася навокал. Дарэмна ўзмахваў Iкар рукамi - ужо нiчога больш не трымала яго ў вышынi. Ён iмклiва падаў, упаў i знiк у глыбiнi мора.
Азiрнуўся Дэдал - i не ўбачыў у сiняве неба свайго сына. Ён глянуў на мора - толькi белае пер'е плыло на хвалях.
У роспачы апусцiўся Дэдал на першую, што трапiлася яму, выспу, паламаў свае крылы i пракляў сваё майстэрства, якое згубiла яго сына.
Але людзi запомнiлi гаты першы палёт, i з таго часу ў iх сэрцах жыла мара аб пакарэннi паветра, аб прасторных нябесных дарогах.
ТЭЗЕЙ
Афiнскi цар Эгей не меў дзяцей. Два разы быў ён жанаты, але жонкi не нарадзiлi яму нi сына, нi дачкi. I таму ён вельмi бедаваў. Ён хацеў ведаць, няўжо яму суджана застацца бяздзетным, i спытаў пра гэта ў аракула-прадказальнiка. Аракул адказаў так загадкава, што Эгей не мог зразумець яго.
У гэты час у Аргалiдзе, у горадзе Тразенах, жыў стары мудры Пiтфей. Эгей выправiўся да яго ў Тразены - папрасiць яго разгадаць адказ аракула. Пiтфей растлумачыў прадказанне: у Эгея будзе сын, якому суджана стаць вялiкiм героем.
Эгей узрадаваўся i, каб хутчэй збылося прадказанне, ажанiўся трэцi раз - з дачкой Пiтфея - i пачаў чакаць абяцанага сына.
Але тут з Афiн прыйшла вестка, што ворагi, скарыстаўшы адсутнасць цара, намагаюцца захапiць уладу ў горадзе. Эгей вымушаны быў вярнуцца ў Афiны. Але Пiтфей не адпусцiў сваю дачку з мужам: старому цару хацелася, каб герой, якога пасылае лёс, нарадзiўся ў Тразенах i сваiм нараджэннем праславiў горад.
Перш чым пакiнуць Тразены, Эгей закапаў у царскiм садзе пад вялiкiм каменем свой меч i сандалi i сказаў жонцы:
- Калi мой сын стане такi вялiкi i дужы, што зможа зрушыць гэты камень i дастане мой меч i сандалi, няхай ён прыйдзе да мяне ў Афiны: па гэтым мячы i сандалях я пазнаю яго.
Эгей вярнуўся ў Афiны, а ў яго жонкi неўзабаве нарадзiўся хлопчык - яго назвалi Тэзеем. Тэзей рос у палацы Пiтфея, i стары цар вучыў яго ўсяму, што павiнен ведаць i ўмець чалавек, якога чакаюць у жыццi вандраваннi, бiтвы i подзвiгi воiна.
Калi Тэзею споўнiлася шаснаццаць гадоў, мацi павяла яго ў сад, паказала яму камень i сказала:
- Вось тут, пад гэтым каменем, ляжыць падарунак, якi пакiнуў табе твой бацька. Адсунь камень i дастань тое, што пад iм закапана.
Юнак дужымi рукамi моцна абхапiў камень, адсунуў яго ўбок i знайшоў у зямлi меч i сандалi. Тады мацi сказала яму, хто яго бацька, падперазала сына бацькавым мячом, надзела яму на ногi бацькавы сандалi i сказала, што па гэтым мячы i сандалях бацька пазнае яго.
Тэзей захацеў хутчэй убачыць свайго бацьку, i ў той жа дзень развiтаўся з мацi i дзедам i падаўся ў Афiны. Мацi ўгаворвала яго сесцi на карабель i дабрацца да Афiн марскiм шляхам - гэта было больш надзейна, чым iсцi праз лясы i цераз горы, дзе вялiся драпежныя звяры i лiхiя разбойнiкi падпiльноўвалi падарожнiкаў.
Але Тэзей прагнуў подзвiгаў i славы i пайшоў простаю дарогаю.
Смела мiнуў ён межы дзедавых земляў i ўвайшоў у чужыя горы. Прайшоў трохi i сустрэў кульгавага велiкана, якi чыкiльгаў па дарозе, абапiраючыся на тоўстую жалезную булаву, якая са звонам стукалася аб прыдарожныя камянi.
Убачыўшы Тэзея, велiкан закрычаў сярдзiта:
- Гэй, падарожнiк, вяртайся назад!
Тэзей здзiвiўся i спытаў, чаму ён павiнен вяртацца, калi яму трэба iсцi ўперад.
Велiкан узняў над галавою сваю булаву i зароў:
- Вяртайся туды, адкуль прыйшоў, i скажы ўсiм, што я, Перыфет, нiкому не дазваляю тут хадзiць! Клянуся гэтай булавою, якую выкаваў мне мой заступнiк бог Гефест, - ты не ступiш нi кроку далей.
Ён гаварыў гэта i размахваў сваёю жалезнай булавою так, што вецер свiстаў вакол i камянi разляталiся на ўсе бакi.
Замест таго каб павярнуцца i ўцякаць, Тэзей кiнуўся насустрач велiкану i сутыкнуўся з iм так хутка, што Перыфет не паспеў стукнуць юнака, а Тэзей ужо абхапiў яго рукамi за пояс i моцна сцiснуў. Ад нечаканасцi Перыфет выпусцiў з рук сваю булаву i нагнуўся, каб падняць яе. Тэзей тут жа збiў кульгавага з ног i ўсадзiў яму ў грудзi бацькаў меч. Потым ён сцягнуў цела велiкана з дарогi, падняў яго булаву i пайшоў далей, радуючыся сваёй першай перамозе.
Але гэта быў толькi пачатак яго выпрабаванняў.
На Iстме, iдучы праз густы i цёмны хваёвы лес, юнак пачуў, як драпежныя птушкi з крыкам бiлiся ў вяршалiнах соснаў, нiбыта дзялiлi нейкую крывавую здабычу. Раптам люты велiкан Сiнiс напаў на Тэзея ззаду, збiў з ног, звязаў i павалок у лясныя нетры.
- Бачыш вунь тыя дзве высокiя сасны, верхавiны якiх глядзяць у неба? сказаў велiкан Тэзею. - Я сагну iх унiз, да самай зямлi, прывяжу цябе да iх за рукi, за ногi - i адпушчу. Так раблю я з тымi, хто прыходзiць у мой лес, нездарма мяне завуць Згiнальнiк Соснаў!
Сказаўшы гэта, велiкан ухапiў за макаўкi дзве блiжэйшыя сасны i пачаў прыгiнаць iх да зямлi, не звяртаючы ўвагi на свайго палоннага.
Тэзей зубамi выцягнуў бацькаў меч з ножнаў, перарэзаў вяроўкi на руках i нагах, цiхенька падкраўся i стаў за спiною велiкана разбойнiка. Як толькi верхавiны соснаў паслухмяна дакранулiся да зямлi i велiкан наступiў на iх нагамi, Тэзей моцна схапiў яго за рукi, аблытаў iх вяроўкамi, прывязаў да галiн i, адступiўшы, пусцiў сосны на волю. Са страшэннай сiлай выпрасталiся высокiя дрэвы i разарвалi Згiнальнiка Соснаў напалам.
А Тэзей узяў свой меч i булаву i, не азiраючыся, заспяшаўся прэч з гэтага страшнага лесу.