Але, як толькi хвалi сышлiся над галавою Тэзея, слуга Пасейдона Трытон узяў юнака на рукi i занёс яго ў палац марскога цара. Там Пасейдон i царыца мораў Амфiтрыта ласкава сустрэлi юнага героя i аддалi яму пярсцёнак Мiнаса. I зноў Трытон падхапiў яго i вынес з глыбiнi мора на бераг, дзе людзi чакалi яго.
I вось ужо Тэзей стаiць перад Мiнасам i падае яму пярсцёнак. Радаснымi воклiчамi вiталi афiняне свайго смелага таварыша, i дзiвiлiся з гэтага здарэння крыцяне, што сабралiся на беразе.
Цар Мiнас загадаў зараз жа завесцi палонных у Лабiрынт i замкнуць там.
Тады Арыядна вырашыла выратаваць Тэзея.
Калi сямёра дзяўчат i сямёра юнакоў падышлi да Лабiрынта, Арыядна была ўжо там, каля ўвахода. Яна дала Тэзею клубок нiтак i навучыла, каб ён замацаваў канец нiткi каля ўвахода i, iдучы па Лабiрынце, пацiхеньку размотваў клубок, каб нiтка цягнулася праз усе пакоi, па якiх яны пройдуць. Тэзей паслухаўся, увайшоў у Лабiрынт, i таварышы з iм; размотваючы клубок, яны дайшлi да логава Мiнатаўра. Убачыўшы страшыдлу з бычынай галавой, юнакi i дзяўчаты спалохалiся i адступiлi назад. Тэзей адзiн пайшоў да яго i ў жорсткiм паядынку перамог i забiў Мiнатаўра, на вялiкую радасць сваiх таварышаў, якiя, прыцiснуўшыся ад страху да сцяны, чакалi зыходу барацьбы. Убачыўшы забiтага Мiнатаўра, юнакi гучна ўславiлi Тэзея, а дзяўчаты абдымалi адна адну i плакалi ад радасцi. Потым, трымаючыся за выратавальную нiтку Арыядны, яны вярнулiся назад па заблытаных хадах i шчаслiва выбралiся з Лабiрынта.
Арыядна чакала iх каля ўвахода. Выратаваныя рушылi ў гавань, дзе стаяў iх карабель, i Арыядна пайшла за iмi. Яна ведала, што бацька яе вельмi загневаецца, калi даведаецца пра перамогу Тэзея i ўцёкi афiнян, i пашле за iмi ў пагоню караблi. Яна навучыла Тэзея i яго таварышаў прарэзаць днiшчы крыцкiх караблёў, што стаялi ў гаванi. Потым афiняне паднялiся на свой карабель i як мага хутчэй адплылi ад Крыта. I Арыядна плыла разам з iмi - яна спадзявалася, што, у знак удзячнасцi за выратаванне, Тэзей пакахае яе.
Па дарозе яны прычалiлi да выспы Наксасу, каб пераначаваць на зямлi i добра адпачыць, таму што даўно яны не спалi i стамiлiся.
Уночы ў сне Тэзей пачуў голас, якi загадваў яму пакiнуць Арыядну на выспе i плыць дадому без яе. Тэзей пабудзiў таварышаў, i яны цiхенька адплылi ад Наксаса, калi Арыядна яшчэ спала.
Прачнуўшыся ранiцай, Арыядна ўбачыла, што афiняне кiнулi яе. З крыкам пабегла яна да мора i прагна глядзела ўдалячынь i клiкала Тэзея. У роспачы ўпала яна на зямлю i прасiла сабе смерцi ў багоў.
Але замест чорнага бога смерцi да яе з'явiўся вясёлы бог Дыянiс, супакоiў i суцешыў яе. Яна стала яго жонкай i бяссмертнай багiняй. Дыянiс падарыў Арыядне вянок з зiхатлiвых зорак. Арыядна паклала свой вянок на неба, - i там ён зiхацiць i свецiць сярод iншых сузор'яў.
Тэзей вяртаўся ў Афiны. Спадарожны вецер надзiмаў чорныя ветразi, i марскiя хвалi падганялi карабель. Тэзей сядзеў на борце карабля i пазiраў туды, дзе ў тумане знiк Наксас, i раскаянне мучыла яго. Ён успамiнаў прыгажосць Арыядны i яе дапамогу яму i яго таварышам, калi вывела iх з Лабiрынта, - i каяўся, што пакiнуў яе адну на выспе. Змрочныя думкi ахапiлi Тэзея, i ён забыўся на абяцанне, якое даў бацьку: не памяняў чорныя ветразi на белыя на сваiм караблi.
Эгей чакаў, калi вернецца сын. Стары цар сядзеў на беразе i глядзеў на мора: цi не мiльгануць ўдалечынi белыя ветразi, цi не вяртаецца дадому любы сын. Нарэшце далёка ў моры паказалiся ветразi, але - чорныя. Чорныя ветразi знак смерцi!
У вачах Эгея пацямнела. Ад роспачы кiнуўся ён з высокага берага ў мора.
Калi карабель падплыў да горада i Тэзей урачыста сышоў на родную зямлю, яго стрэла вестка пра смерць бацькi. Гэта была помста. I сумным быў пачатак яго царавання ў Афiнах.
А мора, у якiм бедны бацька знайшоў сабе магiлу, з таго часу людзi называюць Эгейскiм.
АРФЕЙ I ЭДРЫДЫКА
На поўначы Грэцыi, у Фракii, жыў спявак Арфей. Ён валодаў цудоўным дарам, i слава пра яго iшла па ўсёй зямлi грэкаў.
За спевы пакахала яго прыгажуня Эўрыдыка. Яна стала яго жонкай. Ды шчасце iх было нядоўгае. Аднойчы Арфей i Эўрыдыка былi ў лесе. Арфей iграў на сваёй сямiструннай кiфары i спяваў. Эўрыдыка збiрала кветкi на палянах. Непрыкметна яна адышлася далёка ад мужа, у лясны гушчар. Раптам ёй здалося, што нехта бяжыць па лесе, ломячы сукi, гонiцца за ёю, яна перапалохалася i, кiнуўшы кветкi, пабегла назад, да Арфея. Яна бегла, не разбiраючы дарогi, па густой траве i раптам ступiла ў змяiнае гняздо. Змяя абвiлася вакол яе нагi i ўкусiла. Ад болю i страху Эўрыдыка моцна закрычала i ўпала на траву. Арфей пачуў здалёку жаласны крык жонкi i пабег да яе. Але ён паспеў толькi ўбачыць, як памiж дрэў мiльганулi вялiкiя чорныя крылы, - гэта Смерць панесла Эўрыдыку ў падземнае царства.
Вялiкае было гора Арфея. Ён пайшоў ад людзей i цэлыя днi блукаў адзiн па лясах, у песнях выказваючы свой смутак. I такую сiлу мелi гэтыя жалобныя песнi, што дрэвы сыходзiлi са сваiх месцаў i акружалi спевака. Звяры вылазiлi з нораў, птушкi пакiдалi свае гнёзды, камянi пасоўвалiся блiжэй да Арфея. I ўсе слухалi, як ён тужыў па сваёй каханай.
Мiналi ночы i днi, а Арфей не мог суцешыцца, гора яго ўсё расло i расло.
- Не, не магу я жыць без Эўрыдыкi, - гаварыў ён. - Не мiлая мне зямля без яе. Няхай i мяне возьме Смерць, няхай хоць у падземным царстве буду разам з маёй каханай!
Але Смерць не прыходзiла. I Арфей парашыў сам пайсцi ў царства мёртвых.
Доўга шукаў ён уваход у падземнае царства i, нарэшце, у глыбокай пячоры Тэнара знайшоў ручаёк, якi цёк у падземную раку Сцiкс. Па рэчышчы гэтага ручая Арфей спусцiўся глыбока пад зямлю i дайшоў да берага Сцiкса. За гэтай ракой пачыналася царства мёртвых.
Чорныя i глыбокiя воды Сцiкса, i страшна жывому ступiць у iх. Стогны i цiхi плач чуў Арфей за сваёй спiной - гэта ценi нябожчыкаў чакалi, як i ён, пераправы ў краiну, адкуль нiхто не вяртаецца.
Вось ад процiлеглага берага адплыла лодка: перавозчык мёртвых, Харон, плыў па новых прышэльцаў. Моўчкi прычалiў Харон да берага, i ценi пакорлiва селi ў лодку. Арфей пачаў прасiць Харона:
- Перавязi i мяне на той бераг!
Але Харон адказаў:
- Толькi мёртвых перавожу я на той бераг. Калi ты памрэш, я прыеду па цябе!
- Злiтуйся! - прасiў i малiў Арфей. - Я не хачу больш жыць! Мне цяжка аднаму заставацца на зямлi! Я хачу ўбачыць маю Эўрыдыку!
Суровы перавозчык адпiхнуў яго i ўжо хацеў быў адплыць ад берага, але жаласна зазвiнелi струны кiфары, i Арфей заспяваў. Пад змрочнымi скляпеннямi Аiда пачулiся сумныя i пяшчотныя гукi. Спынiлiся халодныя хвалi Сцiкса, i сам Харон, абапёршыся на вясло, заслухаўся песняй. Арфей сеў у лодку, i Харон паслухмяна перавёз яго на другi бераг. Пачуўшы дзiвосную песню жывога пра неўмiручае каханне, з усiх бакоў зляталiся ценi мёртвых. Смела крочыў Арфей па маўклiвым царстве мёртвых, i нiхто не спынiў яго.
Так дайшоў ён да палаца ўладара падземнага царства - Аiда i апынуўся ў вялiкай i змрочнай зале. Высока на залатым троне сядзеў грозны Аiд i побач з iм яго прыгожая царыца Персефона.
З блiскучым мячом у руцэ, у чорным плашчы, з вялiзнымi чорнымi крыламi, стаяў за спiной Аiда бог Смерцi, а вакол тоўпiлiся яго прыслужнiцы, Керы, што лятаюць на полi бою i адбiраюць жыццё ў воiнаў. Збоку ад трона сядзелi суровыя суддзi падземнага царства i судзiлi нябожчыкаў за iх зямныя справы.
У цёмных кутках залы, за калонамi, хавалiся Ўспамiны. У iх у руках былi бiзуны з жывых змей, i яны балюча кусалi тых, што стаялi перад судом.
Шмат розных страшыдлаў убачыў Арфей у царстве мёртвых: Ламiю, якая выкрадае начамi маленькiх дзяцей у мацi, i жудасную Эмпузу з аслiнымi нагамi, якая п'е кроў людзей, i лютых сцiгiйскiх сабак.
Толькi малодшы брат бога Смерцi - бог Сну, юны Гiпнас, прыгожы i вясёлы, лятаў па зале на сваiх лёгкiх крылах, перамешваючы ў сярэбраным розе сонны напiтак, перад якiм нiхто на зямлi не можа ўстаяць, - нават сам вялiкi Грамавержац Зеўс засынае, калi Гiпнас пырскае ў яго сваiм зеллем.
Аiд грозна зiрнуў на Арфея, i ўсе навокал задрыжалi.
Але спявак наблiзiўся да трона змрочнага ўладара i заспяваў з яшчэ большым натхненнем: ён спяваў пра сваё каханне да Эўрыдыкi.
Не дыхаючы слухала песню Персефона, i слёзы кацiлiся з яе прыгожых вачэй. Грозны Аiд схiлiў галаву на грудзi i задумаўся. Бог Смерцi апусцiў унiз свой блiскучы меч.
Спявак змоўк, i доўга панавала маўчанне. Тады ўзняў галаву Аiд i спытаў:
- Што ты шукаеш, спявак, у царстве мёртвых? Скажы, чаго ты хочаш? I я абяцаю табе выканаць тваю просьбу.
Арфей сказаў Аiду: