брызентавы навес, выйшла адтуль з поўным фартухом бульбы i ўсыпала яе ў вар.
- Дай, божа, хутчэй памыць бялiзну. Нiколi мы яшчэ такiя брудныя не хадзiлi. Бульбу i то нямытую вару. А чаму - не разумею. Быццам сэрца з мяне вырвалi.
Мужчыны купкай выйшлi з кустоў. Вочы ў iх былi сонныя, твары расчырванелыя, азызлыя ад сну сярод дня. Бацька папытаўся:
- Што тут у вас?
- Трэба ехаць, - адказаў Том. - Палiсмен прыходзiў, гонiць далей. Лепш хутчэй пераехаць пустыню. Выедзем чым раней i, можа, адолеем яе адразу. Нейкiх трыста мiль засталося.
Бацька сказаў:
- Эх, думаў, адпачнём тут добра.
- Нельга, трэба ехаць, та, - сказаў Том. - Ной з намi не едзе. Пакiраваў унiз па рацэ.
- Не едзе? Што яму, чорту, у галаву ўзбрыло? - сказаў бацька i запнуўся. Потым паныла прамовiў: - Мая вiна. Ной - гэта мая вiна.
- Ды кiнь ты, та.
- Няма чаго i гаварыць. Вiна мая.
- Трэба збiрацца, - сказаў Том.
Уiлсан, падыходзячы, пачуў апошнiя словы Тома.
- Мы ехаць не можам, - сказаў ён. - Сэйры зусiм знемаглася. Ёй патрэбен спакой. Жывая яна з гэтай пустынi не выберацца.
Яго выслухалi моўчкi; потым Том сказаў:
- Палiсмен гразiўся ўсiх нас у турму загнаць, калi мы да заўтра застанемся.
Уiлсан пакруцiў галавой. Вочы яго заслалiся пялёнкай трывогi, праз загар на твары праступiла бледнасць.
- Тады едзьце адны. Сэйры не можа. У турму дык у турму. Сэйры трэба адпачыць, набрацца сiлы.
Бацька сказаў:
- Можа, мы пачакаем вас? А тады ўсе i паедзем.
- Не, - адказаў Уiлсан. - Вы i так шмат нам зрабiлi. А тут заставацца вам нельга. Вам трэба ехаць, знайсцi работу, працаваць. Мы вас не хочам затрымлiваць.
Бацька ўсхвалявана сказаў:
- Але ж у вас нiчога няма.
Уiлсан усмiхнуўся:
- Калi мы з вамi стрэлiся, у вас таксама нiчога не было. Вас гэта не датычыць. Будзеце спрачацца са мной, я ўзлавацца магу. Вы едзьце, а то я сапраўды зазлую i пасваруся з вамi.
Кiўком галавы мацi паклiкала бацьку пад брызент i нешта шапнула яму.
Уiлсан павярнуўся да Кейсi:
- Сэйры прасiла вас зайсцi да яе.
- Добра, - адказаў прапаведнiк. Ён пайшоў да маленькай шэрай палаткi Ўiлсанаў, адхiнуў полкi i ўвайшоў. У палатцы было цёмна i душна. На зямлi ён убачыў матрац, астатнiя рэчы, як былi скiнуты з грузавiка, так i валялiся дзе папала. Сэйры ляжала на матрацы, шырока расплюшчыўшы блiскучыя вочы. Кейсi спынiўся, глянуў на яе, апусцiўшы сваю вялiкую галаву, i мускулы на яго жылiстай шыi напялiся. Ён зняў з галавы капялюш i стаяў, трымаючы яго ў руцэ.
Сэйры спыталася:
- Муж сказаў, што мы не едзем?
- Сказаў.
Зноў пачуўся нiзкi прыгожы голас Сэйры:
- Я хацела ехаць з вамi. Ведаю, мне з гэтай пустынi жывой не выбрацца, затое муж перабярэцца цераз яе. А ён не хоча. Ён не ведае. Думае, я папраўлюся. Ён не ведае.
- Ён сказаў: не паедзем.
- Ага. Ён упарты. А вас я паклiкала, каб малiтву прачыталi.
- Я не прапаведнiк ужо, - цiха прамовiў Кейсi. - Малiтвы мае не памогуць.
Сэйры правяла языком па сасмяглых губах.
- Калi памёр iх дзед, я была ў палатцы. Тады вы прачыталi малiтву.
- Гэта была не малiтва.
- Малiтва, - сказала Сэйры.
- Не такая, якiя чытаюць прапаведнiкi.
- Малiтва была добрая. Прачытайце i мне такую.
- Я не ведаю, што гаварыць.
Сэйры заплюшчыла вочы i праз хвiлiну зноў паглядзела на Кейсi.
- Тады памалiцеся моўчкi. Без слоў. Мне большага не трэба.
- Ува мне няма бога, - сказаў Кейсi.
- У вас ёсць бог. Вы не ведаеце, якi ён, але гэта няважна. - Прапаведнiк схiлiў галаву. Сэйры баязлiва сачыла за iм. I калi ён падняў галаву, твар яе пасвятлеў. - Гэтага я i хацела. Адчуць, што ёсць нехта побач... i молiцца.
Кейсi матнуў галавой, быццам адганяючы сон.
- Я гэтага не разумею, - сказаў ён.
А Сэйры сказала:
- Але вы... вы ведаеце, праўда?
- Ведаю, - адказаў Кейсi, - ведаю, але не разумею. Можа, мiне некалькi дзён, вы адпачняце i паедзеце далей.
Сэйры паволi пакруцiла галавой:
- Ува мне ўжо нiчога не засталося, акрамя болю. Я ведаю, што гэта, толькi яму гаварыць не хачу. Ён вельмi засмуцiцца. А зрабiць усё роўна нiчога не зможа. Магчыма, ноччу, калi ён засне... Прачнецца, усё ж лягчэй.
- Хочаце, я не паеду, застануся з вамi?
- Не, - сказала Сэйры. - Не. Ведаеце, дзяўчынай я добра спявала. У нашых краях усе гаварылi, што я спяваю не горш за саму Джэнi Лiнд. Бывала, прыйдуць паслухаць мяне. I вось... пяеш, а людзi стаяць побач, i здаецца, быццам ты з iмi адно цэлае. Так мне рабiлася добра тады. Не кожнаму дадзена такое адчуць такую паўнату ў сэрцы i блiзкасць да людзей, што стаяць i слухаюць. Тады я ўсё думала, што некалi буду спяваць у тэатрах, ды не збылося. То i добра. Калi я спявала, нiкога памiж намi не было, нiчога. Вось чаму я папрасiла вас памалiцца. Захацелася яшчэ раз адчуць такую блiзкасць. Песня i малiтва - адно i тое. Шкада, што вы не чулi, як я спявала.
Кейсi заглянуў ёй у самыя вочы.
- Бывайце, - сказаў ён.
Яна кiўнула яму галавой i моцна сцяла губы. I прапаведнiк выйшаў з паўзмроку палаткi на сляпучае сонечнае святло.
Мужчыны рабiлi пагрузку. Дзядзька Джон стаяў на кузаве, а астатнiя падавалi яму рэчы. Ён акуратна расстаўляў iх, стараючыся, каб было як мага раўней. Мацi выняла салёную свiнiну з бочачкi i паклала ў рондаль, а Том з Элам схадзiлi да ракi i памылi абедзве бочачкi. Потым прывязалi iх да падножак грузавiка, налiлi вадой, якую прынеслi ў вёдрах. Зверху завязалi бачуркi парусiнай, каб вада не расплюхалася ў дарозе. Засталося яшчэ толькi ўкласцi брызент i матрац, на якiм спала бабка.
Том сказаў:
- З такiм грузам калымага наша моцна перагрэецца. Вялiкi запас вады трэба мець.
Мацi раздала ўсiм вараную бульбу, вынесла з-пад брызенту астатнiя паўмяха бульбы i паставiла яго ля рондаля са свiнiнай. Усе елi стоячы, пераступаючы з нагi на нагу i перакiдаючы з далонi на далонь гарачыя бульбiны, каб яны астылi.
Мацi пайшла ў палатку Ўiлсанаў, прабыла там хвiлiн дзесяць i цiхенька выйшла.
- Пара ехаць, - сказала яна, падышоўшы да мужчын.
Мужчыны зайшлi пад брызентавы навес. Бабка спала з шырока раскрытым ротам. Яны асцярожна паднялi матрац i паклалi яго на самы верх грузавiка. Бабка падабрала свае кашчавыя ногi, але не