прачнулася.

Дзядзька Джон з бацькам перакiнулi брызент цераз верхнюю перакладзiну так, што атрымалася нешта накшталт стрэшкi, i прывязалi яго да бакавых планак бартоў. Цяпер усё было гатова. Бацька дастаў з кiшэнi кашалёк i выняў з яго дзве пакамечаныя паперкi. Ён падышоў да Ўiлсана i падаў яму грошы.

- Вось, прымiце ад нас i... - ён паказаў на рондаль са свiнiнай i мяшок з бульбай, - i гэта.

Уiлсан панурыўся i рашуча пакруцiў галавой.

- Не, я гэтага не зраблю, - сказаў ён. - У вас у самiх мала.

- На дарогу нам хопiць, - сказаў бацька. - Не апошняе аддаём. А прыедзем на месца, у нас работа будзе.

- Не, я гэтага не зраблю, - паўтарыў Уiлсан. - Лепш не ўгаворвайце, зазлую.

Мацi ўзяла з рук бацькi абедзве паперкi, акуратна перагнула iх напалам i паклала на зямлю, а зверху паставiла рондаль са свiнiнай.

- Вось дзе яно будзе, - сказала яна. - Не возьмеце вы, возьмуць iншыя.

Уiлсан павярнуўся, не падымаючы галавы, i пайшоў да сваёй палаткi, i за iм захiнулiся полкi.

Джоўды пачакалi яшчэ некалькi хвiлiн, i тады Том сказаў:

- Трэба ехаць. Цяпер ужо, пэўна, каля чатырох.

Усе забралiся на грузавiк, мацi наверх - блiжэй да бабкi. Том з Элам i бацькам селi ў кабiну, Уiнфiлд - на каленi да бацькi. Конi i Ружа Сарона прымасцiлiся каля пярэдняй сценкi. Прапаведнiк, дзядзька Джон i Руцi паселi хто дзе сярод паклажы.

Бацька крыкнуў:

- Мiсiс Уiлсан, мiстэр Уiлсан, бывайце!

З палаткi не адказалi. Том завёў матор, i грузавiк цяжка зрушыў з месца. I калi яны папаўзлi па разбiтай дарозе, што вяла да Нiдлса i да шашы, мацi азiрнулася. Уiлсан стаяў з капелюшом у руцэ i пазiраў iм услед. Сонца бiла яму проста ў твар. Мацi памахала яму рукой, але ён не адказаў ёй.

Том вёў грузавiк на другой скорасцi, каб не папсаваць рысоры. На ўскраiне Нiдлса ён спынiўся каля заправачнай станцыi, праверыў, цi не спускаюць камеры i цi моцна прывязаны запасныя шыны. Заправiў гаручым бак, купiў яшчэ дзве пяцiгалонавыя канiстры бензiну i адну двухгалонавую бляшанку масла. Ён залiў у радыятар вады, папрасiў даць яму карту i пачаў яе вывучаць.

Малады чалавек у белай форме прыкметна нерваваўся, абслугоўваючы Тома, i супакоiўся толькi тады, калi яму заплацiлi па рахунку.

- Храбры вы народ, - сказаў ён.

Том адарваў вочы ад карты.

- Гэта чаму ж?

- Праз пустыню ў такiм драндулеце?

- А ты сам праз яе пераязджаў?

- I не адзiн раз, толькi не ў гэтакай скрынi.

Том сказаў:

- Калi будзе паломка, хто-небудзь нас, думаю, выручыць.

- Што ж, можа, i выручыць. Але сярод ночы людзi баяцца спыняцца. Я нiзашто б не спынiўся. Храбрасцi не хапiла б.

- Думаеш, мы храбрыя? Нам проста нiчога больш не застаецца. Ну, дзякуй табе. Пацягнемся далей. - Том сеў у кабiну i паехаў ад станцыi.

Малады чалавек у белым увайшоў у домiк з рыфленага жалеза, дзе яго памочнiк праглядаў папку з рахункамi.

- О божа, ну й адчайны народ!

- Хто - Окi? Яны ўсе адчайныя.

- На такiм драндулеце я пабаяўся б i з месца скрануцца.

- У нас з табой здаровы розум. А ў гэтых чортавых Окi нi разумення нiякага няма, нi чалавечых пачуццяў. Яны i не людзi. Сапраўдны чалавек не будзе так жыць, як яны. Сапраўдны чалавек не прымiрыўся б з такiм брудам i ўбоствам. Яны не нашмат лепшыя за гарыл.

- А ўсё ж добра, што мне не трэба ехаць праз пустыню на такiм дапатопным 'гудзоне'. Тарахцiць, як малатарня.

Памочнiк паглядзеў на папку, што ляжала перад iм. Буйная кропля поту скацiлася з яго пальца i ўпала на ружовыя лiсткi.

- Ведаеш, iх нiчым не напалохаеш. Яны такiя бязмозгiя, нават не ўяўляюць сабе, як гэта небяспечна. I, далiбог, далей свайго носа нiчога не бачаць. Ёсць за каго перажываць!

- Я не перажываю. Проста ўявiў сябе на iх месцы. Не, нiзашто не хацеў бы!

- Бо ты разумееш, што да чаго. А яны нiчога не разумеюць, - сказаў памочнiк i выцер рукавом кроплю з ружовага рахунка.

Грузавiк выехаў на шашу i пачаў узбiрацца на пакаты ўзгорак мiж абламаных, выветраных скал. Вада ў радыятары неўзабаве закiпела, Том прыняў гэта як належнае i паехаў цiшэй. Вышэй i вышэй па доўгiм схiле, дарога выгiналася i пятляла па мёртвай мясцовасцi, выпаленай сонцам да шэрасцi, да белiзны, без нiякiх прыкмет жыцця. Том зрабiў кароткi прыпынак, каб астыў матор, потым рушыў далей. Яны ўзнялiся на перавал яшчэ да захаду сонца i зiрнулi ўнiз на пустыню - чорныя, як сажа, горы ўдалечынi i жоўтыя блiкi сонца на шэрай пустэльнай зямлi. Маленькiя чэзлыя пучкi травы, быльнёг i кусцiкi жорсткага хмызу кiдалi рэзкiя ценi на пясок i на абломкi скал. Сляпучае сонца свяцiла iм проста ў вочы. Том прыкрыў iх рукой, каб вiдаць была дарога. Яны перавалiлi цераз грэбень i пакацiлiся ўнiз з выключаным маторам, каб даць яму астыць. Так яны спускалiся па доўгiм схiле да пустынi, а вентылятар круцiўся, халодзячы ваду ў радыятары. Том, Эл i бацька з Уiнфiлдам на каленях глядзелi на яркае сонца над гарызонтам, i вочы ў iх былi як шкляныя, загарэлыя твары блiшчалi ад поту. Выпаленая зямля i чорныя, як сажа, горы парушалi роўную далеч пустынi i рабiлiся яшчэ страшнейшымi ў пачырванелых промнях заходняга сонца.

Эл сказаў:

- Ну i мясцовасць! А што, калi б давялося iсцi пеша?

- Хадзiлi i пеша, - адказаў Том. - Шмат народу хадзiла, а раз iншыя маглi, значыць, i мы змаглi б.

- Шмат, пэўна, загiнула iх, - сказаў Эл.

- У нас ужо таксама не без страт.

Эл змоўчаў. Пустыня, якая ўсё больш чырванелася, пралятала мiма.

- Як думаеш, мы калi-небудзь убачым зноў гэтых Уiлсанаў? - папытаўся Эл.

Том пакасiўся на iндыкатар узроўню масла i адказаў:

- У мяне такое адчуванне, што нi мы, нi хто iншы больш не ўбачыць мiсiс Уiлсан. Проста адчуванне такое.

Уiнфiлд сказаў:

- Та, я хачу злезцi.

Том глянуў на яго.

- Не шкодзiла б усiх спусцiць да цемнаты. - Ён збавiў хуткасць i спынiў машыну. Уiнфiлд саскочыў на зямлю i памачыўся на краi шашы. Том высунуўся з кабiны. - Яшчэ каму трэба?

- Пацерпiм, - адгукнуўся дзядзька Джон.

Бацька сказаў:

- Ты, Уiнфiлд, лезь наверх. У мяне ногi знямелi цябе трымаць. - Хлопчык зашпiлiў штаны, паслухмяна ўскараскаўся на грузавiк па заднiм борце i пералез на карачках цераз бабчын матрац блiжэй да Руцi.

Машына iшла насустрач нiзкаму сонцу, якое ўжо дакранулася краем да няроўнай рысы гарызонту, залiўшы густой чырванню ўсю пустыню.

Руцi сказала Ўiнфiлду:

- Што, прагналi?

- Я сам не захацеў. Тут лепш. Там легчы няма дзе.

- Толькi сядзi цiха, не балбачы, - сказала Руцi, - бо я хачу заснуць прачнуся, а мы ўжо на месцы! Так Том сказаў. Цiкава будзе паглядзець прыгожы, кажуць, край.

Сонца зайшло, пакiнуўшы на небе вялiкi зiхатлiвы круг. Пад брызентам стала цёмна, як у тунелi з прасветлiнамi ў абодвух канцах, трохвугольнымi прасветлiнамi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату