Конi i Ружа Сарона сядзелi, прыхiнуўшыся да кабiны, i гарачы вецер, якi ўрываўся пад навес, бiў iм у патылiцу, а брызент ляпаў i гуў, як барабан, у iх над галавой. Яны цiха перамаўлялiся пад ляпанне брызенту, каб нiхто iх не чуў. Конi паварочваў галаву i шаптаў жонцы на вуха, i Ружа Сарона, адказваючы, рабiла тое самае. Яна сказала:

- Мы адно толькi робiм - едзем i едзем, i, здаецца, нiколi канца гэтаму не будзе. Мне надакучыла.

Конi павярнуўся да яе вуха:

- Можа, ранiцай... Ты б хацела, каб мы пабылi адны? - У змроку ён пагладзiў рукою яе бядро.

Яна сказала:

- Не трэба. А то я завядуся, як шлюха. Кiнь. - I павярнулася вухам да яго, каб пачуць, што ён адкажа.

- Можа... калi ўсе заснуць.

- Можа... - сказала Ружа Сарона, - Толькi пачакай, пакуль заснуць.

- Я больш не магу, - сказаў Конi.

- Ведаю. Я таксама. Давай пагаворым, як там усё будзе, а ты адсунься, пакуль галава ў мяне не закружылася.

Конi крыху адсунуўся.

- Значыць, адразу, як прыедзем, я пачну вучыцца вечарамi, - сказаў ён. Ружа Сарона глыбока ўздыхнула. - Я дастану кнiжачку такую, дзе ўсё пра гэта гаворыцца, выражу з яе падпiсны бланк i адразу пашлю.

- А чакаць доўга давядзецца?

- Чаго чакаць?

- Калi ты пачнеш зарабляць вялiкiя грошы i ў нас будзе лёд.

- Гэта цяжка сказаць, - важна прамовiў Конi. - Загадзя сказаць не магу. Да Каляд, а то i раней, думаю, вывучуся.

- Ты вывучышся, i мы купiм сабе лёд i ўсё астатняе, так?

Конi хмыкнуў:

- Гэта ў цябе ад спёкi. Нашто табе лёд на Каляды?

Ружа Сарона ўсмiхнулася:

- I праўда. Але так хочацца, каб ён у нас заўсёды быў. Ну, перастань. А то я завядуся!

Сутонне перайшло ў цемру, i лагоднае неба над пустыняй усыпалi зоркi калючыя, вострыя, з рэдкiмi кароткiмi i доўгiмi промнямi. I гарачыня стала iншая. Пакуль сонца стаяла ў небе, гарачыня хвастала, працiнала наскрозь, а цяпер яна падымалася знiзу, ад зямлi, i шчыльна ахiнала людзей. Загарэлiся фары, i цьмяна завiднеўся наперадзе кавалак шашы i паласа пустынi абапал яе. Час ад часу ўдалечынi паблiсквалi вочы якой-небудзь жывёлiны, але самой яе не было вiдаць. Пад брызентам цяпер зрабiлася зусiм цёмна. Дзядзька Джон i прапаведнiк ляжалi, скурчыўшыся i апiраючыся на локцi, пасярэдзiне грузавiка i глядзелi на дарогу праз заднi трохкутны праём навеса. Блiжэй да задняга борта яны бачылi два няясныя выступы - гэта былi бабка i мацi; мацi раз-пораз варушылася, i ў праёме мiльгалi абрысы яе рукi.

Дзядзька Джон загаварыў з прапаведнiкам.

- Кейсi, - сказаў ён, - ты павiнен ведаць, што з гэтым рабiць.

- З чым?

- Не ведаю, - адказаў дзядзька Джон.

Кейсi сказаў:

- Нялёгкую ты мне задачу задаў!

- Ты ж быў прапаведнiкам.

- Паслухай, Джон, усе мне тыцкаюць - прапаведнiк, прапаведнiк... А прапаведнiк такi самы чалавек, як i ўсе iншыя.

- То так, але... ён... чалавек асаблiвы, iнакш якi ж ён прапаведнiк. Я вось што хацеў спытацца... як па- твойму, можа так быць, што прыносiш людзям няшчасце?

- Не ведаю. Не ведаю.

- Ну, разумееш... была ў мяне жонка... прыгожая, добрая. Неяк ноччу забалеў у яе жывот. I папрасiла яна: 'Прывядзi доктара'. А я кажу: 'Яшчэ чаго. Ты проста аб'елася'. - Дзядзька Джон паклаў руку на калена прапаведнiку i пачаў узiрацца ў цемры ў яго твар. - Як яна на мяне паглядзела! Усю ноч стагнала i назаўтра днём памерла. - Прапаведнiк нешта прамармытаў. - Разумееш? - гаварыў далей Джон. - Я забiў яе. I з таго дня ўсё стараўся выкупiць сваю вiну, рабiць дабро... усё больш дзецям. I жыць захацеў дабром, а не магу. Напiваюся, распуснiчаю.

- Усе распуснiчаюць, - сказаў Кейсi. - Я таксама.

- То так, але ў цябе няма грэху на душы.

Кейсi мякка сказаў:

- Як няма - ёсць. Усе не без грэху. Грэх - гэта тое, у чым ты не адчуваеш упэўненасцi. А тых, хто ва ўсiм упэўнены i не ведае за сабой грахоў, тых сукiных сыноў я, на месцы бога, гнаў бы выспяткам у зад з царства нябеснага. Цярпець iх не магу!

Дзядзька Джон сказаў:

- У мяне такое адчуванне, быццам я сваiм родным няшчасце прыношу. Думаю, цi не пайсцi ад iх. Гэтак жыць больш не магу.

Кейсi адказаў адразу:

- Мне гэта вядома... Што чалавеку трэба рабiць, няхай тое i робiць. Параiць табе нiчога не магу. Не ведаю, цi можа чалавек прыносiць другому шчасце або няшчасце. Адно толькi добра ведаю: нiхто не мае права лезцi ў чужое жыццё. Няхай чалавек вырашае сам за сябе. Памагчы яму можна, а ўказваць - не.

Дзядзька Джон расчаравана сказаў:

- Дык ты не ведаеш, што мне рабiць?

- Не, не ведаю.

- Па-твойму, гэта грэх, што я даў жонцы вось гэтак памерцi?

- Разумееш, - сказаў Кейсi, - у каго iншага гэта была б проста памылка, але раз ты лiчыш, што гэта грэх... значыць, грэх. Чалавек сам стварае сабе грахi.

- Мне трэба добра падумаць, - сказаў дзядзька Джон, павярнуўся на спiну i лёг, падняўшы каленi.

Грузавiк iшоў па гарачай пустынi гадзiна за гадзiнай. Руцi i Ўiнфiлд спалi. Конi выцягнуў аднекуль з паклажы коўдру, накрыў сябе i Ружу Сарона, i, стрымлiваючы дыханне, яны пачалi валтузiцца ў духаце. Потым Конi адкiнуў коўдру, i гарачы скразняк абвеяў прахалодай iх змакрэлыя целы.

Каля задняга борта мацi ляжала на матрацы побач з бабкай, i, хоць нiчога ў цемры не бачыла, яна адчувала сутаргавае паторгванне цела, няроўнае сэрцабiццё i перарывiстае дыханне бабкi. I ўсё паўтарала:

- Супакойся. Усё будзе добра. - I потым дадала зрывiстым голасам: - Ты ж ведаеш, нам трэба пераехаць гэту пустыню. Ты ж гэта ведаеш.

Дзядзька Джон аклiкнуў яе:

- Што там у вас?

Толькi праз якую хвiлiну мацi адказала:

- Ды гэта я так. Пэўна, у сне.

Потым бабка зацiхла, i мацi знерухомела побач з ёю.

Ноч цягнулася, мiналi гадзiны, цемра ляцела насустрач грузавiку. Часам iх абганялi легкавыя аўтамашыны, што беглi на захад, у ноч; часам насустрач iм iмчалiся вялiзныя грузавiкi i з грукатам праляталi мiма, на ўсход. Зоркi марудным каскадам струменiлiся ў бок заходняга гарызонту. Каля паўночы Джоўды пад'ехалi да iнспектарскай станцыi на ўскраiне Дэгета. Шаша ў гэтым месцы была залiтая электрычнасцю, а каля канторы стаяў ярка асветлены шчыт з надпiсам: 'Бяры ўправа. Стоп'. Том спынiў машыну, i iнспектары, што сланялiся без справы па канторы, зараз жа выйшлi i сталi пад доўгай драўлянай паветкай. Адзiн з iх запiсаў нумар машыны i падняў века капота.

Том запытаўся:

- Гэта навошта?

- Агранамiчная iнспекцыя. Зараз агледзiм вашу машыну. Раслiны, насенне ёсць?

- Няма, - адказаў Том.

- Усё роўна агледзiм. Разгружайцеся.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату