Усе моўчкi пазiралi на яе, i бацька нарэшце запытаўся:

- Калi?

- Яшчэ да таго, як iнспектары нас спынiлi.

- Таму ты i не дала iм паклажу праверыць.

- Баялася, не паспеем пустыню пераехаць, - адказала мацi. - Я сказала бабцы, што зрабiць нiчога нельга. Сям'i трэба праехаць праз пустыню. Я сказала ёй, усё ёй сказала, калi яна была ўжо пры смерцi. Нам нельга спыняцца сярод пустынi. У нас малыя дзецi... i Разашарна чакае дзiцяцi. Я ёй усё сказала. Яна падняла рукi i на момант закрыла iмi твар. - Пахаваем яе ў прыгожым, зялёным месцы, - цiха прамовiла мацi. - Навокал будуць дрэвы, i месца будзе прыгожае. Няхай хоць прах яе спачывае ў Калiфорнii.

Усе спалохана пазiралi на мацi, дзiвячыся сiле яе духу.

Том сказаў:

- Госпадзi божа! Ты ўсю ноч ляжала з ёю побач!

- Трэба было пераехаць пустыню, - прагаварыла мацi жаласна.

Том ступiў да яе - хацеў пакласцi ёй руку на плячо.

- Не чапай мяне, Том, - сказала яна. - Я саўладаю з сабой, толькi не чапай. А то не стрываю.

Бацька сказаў:

- Час ехаць. Будзем спускацца.

Мацi глянула на яго:

- Мне можа... можна мне сесцi ў кабiну? Я там, ззаду, больш не магу. Я знясiлела. Страшэнна знясiлела.

Яны зноў узабралiся на грузавiк, адводзячы вочы ад нерухомай доўгай постацi, старанна захiнутай з усiх бакоў, нават з галавой, у коўдру. Усе забралiся на свае месцы, стараючыся не глядзець у той бок - на грудком выпнутую коўдру - там яе нос, на востры клiн пад коўдрай - там яе падбародак. Старалiся не глядзець туды - i не маглi. Руцi i Ўiнфiлд прымасцiлiся ў пярэднiм куце кузава - як мага далей ад нябожчыцы, але не адводзiлi вачэй ад старанна загорнутага цела.

Руцi прашаптала:

- Гэта бабка. Яна цяпер мёртвая.

Уiнфiлд сумна пакiваў галавой:

- Яна больш не дыхае. Яна зусiм мёртвая.

А Ружа Сарона цiха сказала Конi:

- Яна памерла, якраз як мы...

- Хто ж ведаў? - суцiшыў ён яе.

Эл палез наверх, уступiўшы мацi месца ў кабiне. Ён крыху казырыўся, каб прыглушыць сум. Бухнуўся на паклажу побач з Кейсi i дзядзькам Джонам.

- Ну што ж, - сказаў ён, - яна была старая. Свой век пражыла. Смерцi нiкому не мiнуць. - Кейсi i дзядзька Джон глянулi на Эла пустымi вачамi, нiбы Эл быў не чалавекам, а гаворачым дрэвам. - Што, няпраўда? - не здаваўся Эл. Але вочы адвярнулiся ад яго, i ён насупiўся i прыгнечана змоўк.

Кейсi са здзiўленнем сказаў:

- Усю ноч, адна... - I дадаў: - Такое вялiкае сэрца ў гэтай жанчыны, Джон, столькi любовi... што мяне страх бярэ. I страх, i пачуццё сваёй нiкчэмнасцi.

Дзядзька Джон запытаўся:

- А гэта не грэх? Няма ў гэтым крышачку граху, па-твойму?

Кейсi недаўменна глянуў на яго:

- Грэх? Не, нiякага грэху тут няма.

- А я што нi раблю, дык хоць крышачку саграшу, - сказаў Джон i глянуў на захутанае ў коўдру цела.

Том, мацi i бацька селi ў кабiну. Том адпусцiў тармазы i завёў матор. Цяжка нагружаная машына, пафыркваючы, пастрэльваючы выхлапамi i трасучыся ўсiм кузавам, пайшла па схiле гары ўнiз. Сонца было ў iх ззаду, а спераду залацiстая, зялёная далiна. Мацi кiвала з боку ў бок галавой:

- Якая прыгажосць. Шкада, што яны не ўбачылi!

- I мне шкада, - сказаў бацька.

Том мякка паляпаў па штурвале далонню.

- Яны былi ўжо вельмi старыя, - сказаў ён. - Нiчога б тут не ўбачылi. Дзед пачаў бы прыгадваць сваю маладосць, iндзейцаў i прэрыi. А бабка ўспомнiла б свой першы дамок. Яны былi ўжо вельмi старыя. Вось хто сапраўды ўсё ўбачыць, дык гэта Руцi з Уiнфiлдам.

Бацька сказаў:

- Бач, як наш Томi гаварыць пачаў - як зусiм дарослы, быццам прапаведнiк казань на карысць бедных кажа.

А мацi сумна ўсмiхнулася:

- Так. Наш Томi дарослы стаў, вырас... так вырас, што да яго i не дацягнешся.

Яны спускалiся па схiле, крута паварочваючы, пятляючы, i то гублялi з поля зроку далiну, то зноў знаходзiлi яе вачамi. Да iх падымаўся гарачы подых далiны з густым пахам зелянiны, смалiстым водарам шалфею i грындэлiй. Уздоўж шашы стракаталi цвыркуны. Праз дарогу паўзла грымучая змяя. Том наехаў на яе, раздушыў пасярэдзiне коламi i пакiнуў курчыцца на шашы.

Ён сказаў:

- Думаю, трэба знайсцi следчага, ён недзе там ёсць. Пахаваць яе трэба прыстойна. Колькi ў нас грошай засталося, та?

- Даляраў сорак, - адказаў бацька.

Том зарагатаў:

- Госпадзi, давядзецца пачынаць з пустымi рукамi! Нi з чым прыехалi, прагiгiкаў ён, i твар яго раптам зрабiўся суровы. Ён нацягнуў брыль кепкi на самыя вочы. А грузавiк кацiўся з гары да шырокай далiны.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

Раней Калiфорнiя належала Мексiцы, а землi яе - мексiканцам; потым у краiну хлынула арда абадраных, разгарачаных, нецярплiвых амерыканцаў. I так моцна адольвала iх цяга да зямлi, што яны завалодалi ёю - прысвоiлi зямлю Сатэра, зямлю Герэра, захапiлi вялiкiя маёнткi, пашкуматалi iх, сварылiся памiж сабою, рыкалi адзiн на аднаго i бiлiся за свой кавалак - гэтыя ашалелыя, згаладалыя людзi, i пiльнавалi захопленыя ўчасткi са стрэльбай у руках. Яны пабудавалi там дамы, свiрны i адрыны, узаралi зямлю i засеялi. I так у iх паявiлася нерухомая маёмасць, а нерухомая маёмасць - гэта ўжо ўласнасць.

Мексiканцы былi народ слабы i сыты. Яны не аказалi супрацiўлення, бо не было на свеце нiчога такога, да чаго б у iх была такая неўтаймаваная прага, як у амерыканцаў да зямлi.

I з цягам часу скватэры перасталi ўжо лiчыцца захопнiкамi i сталi паўнаўладнымi гаспадарамi; дзецi iх выраслi i парадзiлi сваiх дзяцей на гэтай зямлi. I яны прагналi свой голад, люты голад, якi смактаў i грыз iм нутро, i наталiць яго маглi толькi гэты край, вада, зямля i жыватворнае сонца над ёю, зялёныя ўсходы i набрынялае сокам карэнне. Яны валодалi ўсiм гэтым так непадзельна, што перасталi бачыць што-небудзь вакол сябе. Iх ужо не даймала туга па акры ўрадлiвай зямлi i па блiскучым нарогу плуга, па насеннi i па ветраку, што памахваў крыламi ў паветры. Яны ўжо не падымалiся да святла, каб паслухаць першае цырыканне яшчэ сонных птушак, адчуць ранiшнi ветрык каля дома, пакуль чакалi, як выблiсне сонца i можна будзе iсцi на дарагое iх сэрцу поле. Усё гэта адышло ў мiнулае, i ўраджай падлiчваўся цяпер на даляры, зямля ацэньвалася як асноўны капiтал плюс працэнты, ураджаi куплялiся i прадавалiся яшчэ да сяўбы. I цяпер неўрадлiвы год, засуха цi паводка ўжо не прыводзiлi да замiрання плынi жыцця, а ўсяго толькi да грашовых страт. I праз грошы змiзарнела iх любоў да зямлi, а неўтаймаваную энергiю кропля за кропляй высмакталi працэнты, i фермеры гэтыя сталi ўжо не фермерамi, а дробнымi крамнiкамi - гандлярамi сваiм ураджаем, дробнымi прамыслоўцамi, што прадаюць, перш чым вырабляюць. А потым фермерам, якiя аказалiся няўдачлiвымi крамнiкамi, прыйшлося развiтацца са сваёй зямлёй i ўступiць яе ўмелым крамнiкам. Якiм бы разумным нi быў чалавек, якой бы любоўю нi любiў ён зямлю i тое, што на ёй расце, ён не мог выжыць, калi не быў яшчэ i добрым гандляром. I з цягам часу iх гаспадаркамi завалодалi дзялкi i плошча зямельных участкаў усё большала, а колькасць iх меншала.

Цяпер земляробства стала прамысловасцю, i ўласнiкi пайшлi па шляху Старажытнага Рыма, хоць самi таго i не ведалi. Яны прывозiлi рабоў, хоць i не называлi iх рабамi: кiтайцаў, японцаў, мексiканцаў, фiлiпiнцаў. Людзi гэтыя могуць працаваць на адным рысе, бабах, казалi такiя дзялкi. Iм надта нiчога не

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату