трэба. I плацiць iм добра не трэба - яны ведаць не будуць, на што грошы трацiць. Вы гляньце, як яны жывуць. Гляньце, што яны ядуць. А пераборлiвымi зробяцца - гнаць iх у шыю.
Зямельныя ўчасткi буйнелi, а шэрагi ўласнiкаў радзелi. Дробных фермераў зрабiлася да мiзэрнага мала. Пабоi, страх i голад давялi прывезеных нявольнiкаў да таго, што некаторыя пачалi ўцякаць на радзiму, iншыя пачалi агрызацца, i iх перастралялi або выгналi з краiны. А зямельныя ўладаннi ўсё шырэлi, гаспадароў стала яшчэ менш.
I ўраджаi пачалi збiраць ужо iншыя. Гаi фруктовых дрэў занялi месца збожжавых палёў, i ў нiзiнах цяпер расла гароднiна на патрэбу ўсяму свету салата, каляровая капуста, артышокi i бульба - культуры, збiраць якiя даводзiцца сагнуўшыся. З касой, за плугам, з вiламi чалавек працуе стоячы, але яму даводзiцца поўзаць, як казюлька, мiж градак салаты, гнуць спiну i цягнуць з сабой доўгi мех мiж радоў бавоўны i, як грэшнiку на пакаяннi, кленчыць перад каляровай капустай.
I цяпер гаспадары ўжо не працавалi на сваiх землях. Яны вялi гаспадарку на паперы, яны забылiся, што такое зямля, якi ў яе пах, якая яна навобмацак, памяталi толькi, што яна iх уласнасць, памяталi толькi пра прыбыткi i страты. I некаторыя фермы разраслiся да такiх памераў, што аднаму чалавеку было ўжо не пад сiлу абняць iх сваiм розумам, так разраслiся, што спатрэбiлася ўжо цэлая армiя рахункаводаў, якiя падлiчвалi працэнты, прыбыткi i страты, хiмiкаў, якiя даследавалi глебу i абагачалi яе, наглядчыкаў, якiя сачылi, каб сагнутыя ў тры пагiбелi людзi рухалiся ўздоўж градак з такой хуткасцю, на якую былi здольныя. I такi фермер сапраўды рабiўся гандляром i адкрываў краму. Ён плацiў людзям грошы, прадаваў iм прадукты, i грошы зноў вярталiся да яго. Неўзабаве ён пераставаў iм плацiць i гэтым эканомiў на рахункаводстве. На такiх фермах прадукты адпускалiся ў крэдыт. Чалавек працаваў i кармiўся, а калi працу сваю канчаў, высвятлялася, што ён завiнавацiўся кампанii. А ўласнiкi не толькi кiнулi гаспадарыць на сваiх фермах - шмат хто з iх нават i ў вочы нiколi не бачыў iх.
А потым на Захад пацягнуўся разораны люд - з Канзаса, Аклахомы, Тэхаса, Нью-Мексiка, з Невады i Арканзаса - цэлымi сем'ямi, радамi, сагнаныя з месцаў пыльнымi бурамi, выцесненыя трактарамi. У бiтком набiтых машынах, цэлымi караванамi, бяздомныя, галодныя - дваццаць тысяч, пяцьдзесят тысяч, сто тысяч, дзвесце тысяч. Яны патокам пералiвалiся цераз горы, згаладалыя, растрывожаныя, як мурашкi: спяшалiся хутчэй знайсцi работу - падымаць, штурхаць, цягаць, палоць, капаць, збiраць - любую працу, любое ярмо, абы атрымаць ежу. Дзецi галадаюць. Нам няма дзе жыць. Снавалi, як мурашкi, спяшалiся дарвацца да працы, да ежы, а галоўнае - да зямлi.
Мы не чужынцы. Мы ўжо ў сёмым калене амерыканцы, а па паходжанню iрландцы, шатландцы, ангельцы, немцы. Адзiн з нашых продкаў змагаўся ў вайне за незалежнасць, а колькi iх удзельнiчала ў грамадзянскай вайне i на тым, i на другiм баку! Мы амерыканцы.
Яны былi галодныя, злосныя. Яны спадзявалiся знайсцi тут дом, а знайшлi адну толькi нянавiсць. Окi... Гаспадары ненавiдзелi iх, бо ведалi, што Окi народ моцны, а самi яны слабыя, што Окi згаладалiся, а самi яны раз'елiся; i, магчыма, гаспадары чулi яшчэ ад прадзедаў сваiх, як лёгка захапiць зямлю ў слабасiльнага чалавека, калi ты ўзлаваны i галодны i ў руках у цябе зброя. Гаспадары гарэлi да iх нянавiсцю. А ў гарадках iх ненавiдзелi крамнiкi, бо ведалi, што ў Окi няма грошай, каб расплацiцца. Гэта самы пэўны спосаб заслужыць пагарду крамнiка, бо яго сiмпатыю выклiкае якраз процiлеглае. Гараджане, дробныя банкiры ненавiдзелi Окi таксама - на iх не разжывешся. У гэтых Окi нiчога няма. А работнiкi на фермах ненавiдзелi Окi таму, што галодны чалавек павiнен працаваць, а калi ён вымушаны працаваць, не можа не працаваць, значыць, наймальнiк аўтаматычна знiжае плату, i тады на вышэйшую ты ўжо i не разлiчвай.
А пазбаўленыя сваiх гаспадарак фермеры-перасяленцы наваднялi Калiфорнiю дзвесце пяцьдзесят тысяч, трыста тысяч. Там, ззаду, усё новыя i новыя трактары паўзлi па зямлi i зганялi з яе арандатараў. I новыя хвалi выплюхвалiся на дарогi, новыя хвалi беззямельнага, бяздомнага люду, узлаванага, упартага i таму небяспечнага.
Калiфарнiйцы шмат чаго патрабавалi ад жыцця - прымнажэння капiталу, поспеху ў грамадстве, уцех i забаў, раскошы, надзейнага змяшчэння грошай у банках, а новыя варвары патрабавалi толькi дзвюх рэчаў - зямлi i хлеба; на iх разуменне гэтыя дзве рэчы злiвалiся ў адну. I ў той час як патрабаваннi калiфарнiйцаў былi туманныя, неакрэсленыя, тое, да чаго iмкнулiся Окi, ляжала проста пры дарозе, цвялiла вока, распальвала зайздрасць: урадлiвыя палi, дзе можна выкапаць калодзежы, - урадлiвыя зялёныя палi; зямля, якую можна раскрышыць пальцамi на далонi; трава, пах якой можна ўдыхнуць у сябе; сцяблiнкi аўса - пажуеш iх i адчуеш у горле даўкаватую слодыч. Чалавек пазiраў на абложную зямлю i ведаў, у думках бачыў, што гнуць спiну i натужвацца тут можна нямарна - тут вырасце капуста i залацiстая цукровая кукуруза, рэпа i морква.
Бяздомны, галодны чалавек ехаў па дарогах, побач з iм яго жонка, на заднiм сядзеннi схуднелыя дзецi, i глядзеў на абложныя палi, якiя маглi б даць яму не прыбыткi, не - ежу, i ён ведаў, што няўробленае поле - грэх, а незасеяная зямля - злачынства супраць яго згаладалых дзяцей. I калi такi чалавек праязджаў па дарогах, кожнае такое поле было яму спакусай, i яго разбiрала жаданне ўзяць сабе гэтыя палi i вырасцiць на iх тое, што дасць сiлу яго дзецям i прынясе супакаенне жонцы. Спакуса ўвесь час была перад яго вачыма. Палi вабiлi яго, арашальныя канавы з чыстай праточнай вадой дражнiлi яго ўяўленне.
А на поўднi ён бачыў залатыя апельсiны на дрэвах, маленькiя залатыя апельсiны на цёмнай зеленi дрэў, i вартаўнiкоў з драбавiкамi ў прысадах - каб чалавек не мог сарваць плада свайму схуднеламу дзiцяцi, хоць апельсiны пойдуць на звалку, калi цана iх упадзе.
Ён уязджаў на сваёй старой калымазе ў гарадок. Ён бегаў па фермах у пошуках працы. Дзе нам можна тут пераначаваць?
А вунь, у Гувервiлi, ля самай рэчкi. Там ужо цэлая плойма гэтых Окi.
Ён пад'язджаў на сваёй старой машыне да Гувервiля. I потым ужо нiколi не пытаўся пра начлег, бо на ўскраiне кожнага горада быў свой Гувервiль.
Хламны пасёлак звычайна ўзнiкаў каля вады; замест дамоў тут былi палаткi, буданы з бур'яну, загарадкi з кардону - кучы рознай непатрэбшчыны. Чалавек прывозiў сям'ю ў гэты пасёлак i лiчыўся грамадзянiнам Гувервiля - усе такiя пасёлкi называлiся Гувервiлямi. Чалавек ставiў палатку як мага блiжэй да вады; а калi палаткi ў яго не было, ён iшоў на гарадскую звалку, прыносiў адтуль старыя кардонныя скрынкi i з гэтай гафрыраванай паперы будаваў сабе прыстанiшча. А калi лiў дождж, яно размакала i зносiлася вадой. Чалавек атабарваўся ў Гувервiлi i снаваў на машыне па наваколлi, па фермах, шукаючы працы, i тыя мiзэрныя грошы, што ў яго яшчэ заставалiся, ён трацiў на бензiн. Вечарамi мужчыны збiралiся разам i гутарылi. Седзячы на кукiшках, яны гаварылi пра зямлю, якую бачылi ўсцяж дарог.
Вунь там, далей на захад, - трыццаць тысяч акраў. Ляжаць сабе проста так. Госпадзi, што я зрабiў бы з такой зямлёю - хоць з пяццю яе акрамi! Эх, чорт, на стале ў мяне было б усё!
А ты заўважыў? На фермах нi гароднiны не садзяць, нi курэй не трымаюць, нi свiней. Разводзяць толькi адно - бавоўну або персiкi цi салату. А на другой ферме адны куры. Усё астатняе купляюць, а маглi б хоць у агародчыках вырасцiць.
Госпадзi, што б я зрабiў з парачкай свiней!
Ну, гэта ўсё не тваё i нiколi тваiм не будзе.
Што ж рабiць? Гэтак дзяцей не выгадуеш.
У лагерах шэптам перадавалi адзiн аднаму чуткi. У Шэфтары ёсць работа. I сярод ночы грузiлiся машыны, на дарогах цесната - пагоня за работай, як залатая лiхаманка. У Шэфтары стоўпатварэнне, народу наехала ў пяць разоў больш, чым трэба. Пагоня за працай, як залатая лiхаманка. Яны выязджалi цiшком ноччу, апанаваныя нястрымным iмкненнем атрымаць работу. А ўздоўж дарог былi спакусы - палi, якiя маглi даць хлеб.
На гэта ёсць гаспадар. Гэта не наша.
Што ж, можа, усё ж пашанцуе атрымаць тут невялiчкi ўчастачак. Няхай самы маленькi. Вунь там - хоць лапiк зямлi. Цяпер там адзiн смярдзючы дурнап'ян. Госпадзi, з гэтага лапiка я столькi бульбы сабраў бы - на ўсю сям'ю хапiла б!
Яно не наша, Дурнап'ян дык дурнап'ян, няхай сабе расце. Час ад часу хто-небудзь набiраўся смеласцi, пракрадаўся на лапiну зямлi i расчышчаў яе, спрабуючы па-зладзейску прысвоiць сабе крыху яе багацця. Патаемныя агароды, схаваныя сярод пустазелля. Пакецiк маркоўнага насення i трохi рэпавага. Саджалi шалупiнне ад бульбы, увечары крадком прабiралiся матычыць захопленую зямлю.
Пакiнь пустазелле па краях - i нiхто не ўбачыць, што мы тут робiм. I пасярэдзiне таксама пакiнь буйны, высокi бур'ян.