Вечарамi ўпотай працавалi на агародах, насiлi ваду з рэчкi ў iржавай бляшанцы.
I вось адным днём - шэрыфскi памагаты: ты што тут робiш?
Нiчога дрэннага.
Я за табой даўно сачу. Зямля не твая. Ты парушаеш чужое права ўласнасцi.
Тут зямля неўзараная, нiкому нiякай шкоды я не раблю.
Во чортавы скватэры, самачынцы! Як бачыш гаспадарамi сябе адчуеце. Ды горка пашкадуеце. Падумаеш, гаспадар знайшоўся. Ану, давай адсюль!
I маленькiя зялёныя макаўкi морквы пазбiваны нагой, нацiнне рэпы затаптана. I зноў забуяў дурнап'ян. Але прадстаўнiк закону меў рацыю. Ураджай - гэта ўжо ўласнасць. Калi зямля ўскапана i морква з'едзена, чалавек, бадай, будзе бiцца за зямлю, што дала яму харч. Хутчэй гнаць яго ў шыю! Яшчэ ўявiць сябе гаспадаром! Можа, нават насмерць будзе бiцца за гэты лапiк зямлi сярод смуроднага пустазелля.
Ты бачыў, якая ў яго была фiзiя, як мы рэпу тапталi? Чаго добрага i забiць мог. Такiх трэба трымаць у струне, а то ўсю зямлю тут у нас захопяць. Усю краiну.
Прышлыя, чужынцы.
Гавораць, праўда, па-нашаму, але ўсё роўна зусiм iншы народ. Глядзi, як яны жывуць. Хiба хто з нашых стаў бы гэтак жыць? Чорта лысага!
Вечарамi сядзелi на кукiшках, гутарылi. I чый-небудзь усхваляваны голас: а чаму б чалавекам дваццацi з нас не заняць якi ўчастак? У нас ёсць стрэльбы. Зоймем i скажам: зганяйце, калi зможаце. Чаму б так не зрабiць?
Як пацукоў, усiх перастраляюць.
А што, па-твойму, лепш, памерцi цi гэтак жыць? Накрыцца зямлёй або буданамi з джутавых мяхоў? Якi лёс ты выбераш сваiм дзецям - памерцi цяпер або праз два гады - ад недастатковага харчавання, як пiшуць. Ведаеш, што мы ямо ўвесь гэты тыдзень? Крапiўны адвар i скавароднiкi. А мука адкуль у нас на скавароднiкi, ведаеш? З падлогi таварнага вагона пазмяталi.
Гутаркi ў лагерах, а шэрыфскiя памочнiкi -таўстазадыя, з рэвальверамi на тоўстых сцёгнах - пахаджваюць па лагеры: народ гэты трэба ў страху трымаць. Яго трэба добра прыструнiць, а то адзiн бог ведае што тут натвораць! Людзi гэтыя небяспечныя, як чарнамазыя на поўднi. Калi даць iм аб'яднацца, нiчым iх не спынiш.
Вытрымка з газеты: 'Памочнiк шэрыфа ў Лорэнсвiлi паспрабаваў выселiць з горада скватэра. Той аказаў супрацiўленне i вымусiў прадстаўнiка закону ўжыць зброю. Адзiнаццацiгадовы сын перасяленца забiў палiсмена з дваццацiдвухкалiбернай стрэльбы'.
Змеi падкалодныя! З iмi трымай вуха востра, а пачнуць спрачацца - страляй у iх першы. Калi хлапчанё забiвае палiсмена, чаго ж тады чакаць ад дарослых? У iх нораў круты, дык з iмi трэба яшчэ больш крута. Няма чаго цырымонiцца. Прыстрашыць iх як след.
А што, калi яны не з палахлiвых. Што, калi яны заўпарцяцца i пачнуць адстрэльвацца? Гэтыя людзi з малых год прывыклi да зброi. Стрэльба для iх частка цела. Возьмуць i не спалохаюцца. I што будзе, калi яны аднаго дня пойдуць вайной на нашу краiну, як лангабарды на Iталiю, як германцы на Галiю, як туркi на Вiзантыю? Гэта былi орды людзей, згаладалых па зямлi i, да таго ж, дрэнна ўзброеных, а ўсё ж спынiць iх не маглi легiёны. I не спынiлi нi крывавыя бойнi, нi расправы. Чым можна запалохаць чалавека, якi не толькi сам курчыцца з голаду, але i бачыць успушаныя жываты сваiх дзяцей? Такога не запалохаеш - ён ведае такое, страшней за што няма нiчога.
У Гувервiлi гаманiлi мужчыны: дзед мой адабраў зямлю ў iндзейцаў.
Не, гэтак няможна, мы пра гэта ўжо гаварылi. Гэта зладзейства. А я не злодзей.
Няўжо? Пазаўчора ноччу ты ўкраў з ганка бутэльку малака. А яшчэ ты ўкраў медны дрот, прадаў яго i на гэтыя грошы купiў кавалак мяса.
То праўда, але ж дзецi былi галодныя.
Што нi кажы, гэта крадзеж.
А ведаеце, як Ферфiлды займелi сваю ферму? Зараз раскажу. Зямля тады ўся была дзяржаўная, бяры хто хоча. Стары Ферфiлд падаўся ў Сан-Францыска, пахадзiў па шынках i набраў тры сотнi п'яных бадзяг. I зброд гэты нарэзаў сабе ўчасткi. Ферфiлд кармiў iх, паiў iх вiскi, а калi прыйшлi паперы на зямлю, ён забраў iх сабе i перавёў на сваё iмя. Пасля расказваў, што кожны акр абышоўся яму ў пiнту сiвухi. I як гэта назваць - таксама зладзействам?
Добрага тут, вядома, мала, але ў турму яго не запраторылi.
Не, у турму не пасадзiлi. I таго чалавека, што паставiў лодку на фургон i потым даводзiў, што ўвесь участак быў пад вадой, - вось нават тая лодка, у якой я плыў, - яго таксама не пасадзiлi. I тых, хто дае хабар вашынгтонскiм кангрэсменам i заканадаўцам у штатах, таксама яшчэ нiкога не пасадзiлi.
Такую гамонку можна было пачуць у кожным Гувервiлi, па ўсiм штаце.
А тут яшчэ налёты - раптоўнае ўварванне ўзброеных шэрыфскiх памочнiкаў у лагер перасяленцаў. Выбiрайцеся адгэтуль. Загад аддзела аховы здароўя. Ваш лагер - рассаднiк заразы.
А куды нам падзецца?
Не наша справа. У нас загад вас выселiць. Праз паўгадзiны мы лагер падпалiм.
У нас пачаўся тыфус. Хочаце, каб зараза пайшла далей?
Нам загадана вас выселiць. Ну, хутчэй! Праз паўгадзiны мы спалiм лагер.
Праз паўгадзiны ад кардонных халупак i зробленых з бур'яну буданоў у неба ўзняўся дым, i людзi зноў пагналi свае машыны па дарогах у пошуках новага Гувервiля.
А ў Канзасе i Арканзасе, у Аклахоме, Тэхасе i Нью-Мексiка трактары ўрывалiся на фермы i выганялi арандатараў.
У Калiфорнii iх ужо трыста тысяч, а яны ўсё прыбываюць. Дарогi Калiфорнii забiты ашалелымi людзьмi, што, як мурашкi, бягуць усё далей i далей, гатовыя накiнуцца на любую працу - цягаць, пiхаць, падымаць, несцi. Да кожнага цяжару, падняць якi пад сiлу аднаму чалавеку, цягнуцца пяць пар рук, на кожную порцыю ежы разяўляюцца пяць ратоў.
А буйныя ўласнiкi - iм пагражае страта iх земляў пры сацыяльным перавароце; буйныя ўласнiкi - iм даступныя ўрокi гiсторыi, яны вывучалi яе i ведаюць бясспрэчную iсцiну: калi ўласнасць сканцэнтроўваецца ў руках невялiкай кучкi людзей, яе адбiраюць. I адпаведная ёй iсцiна: калi большасць людзей жыве ў голадзе i холадзе, яны бяруць сiлай тое, у чым яны маюць патрэбу. I яшчэ адна кiдкая iсцiна крычыць праз гiсторыю: расправы толькi гуртуюць тых, з кiм распраўляюцца, памнажаюць iх сiлу. Буйныя ўласнiкi iгнаравалi гэтыя тры гучныя поклiчы гiсторыi. Зямля канцэнтравалася ў руках усё меншай i меншай кучкi людзей, колькасць разораных расла, а буйныя ўласнiкi ведалi толькi адно задушэнне. Грошы трацiлiся на зброю, на газ для абароны буйных маёнткаў, паўсюль рассылалiся шпiёны, якiя падслухоўвалi нараканнi незадаволеных, каб у самым пачатку выкаранiць бунтарскi дух. На перамены ў эканомiцы не звярталi ўвагi, планамi эканамiчнага аднаўлення грэбавалi, разглядалi толькi меры для вынiшчэння бунту, а самi прычыны, што яго параджалi, засталiся некранутымi.
Трактары, што пазбаўлялi людзей працы, стужачныя транспарцёры, што перамяшчалi груз, машыны, што самi выраблялi, выпускалiся ўсё ў большай i большай колькасцi, i сем'i адна за адной гойсалi на машынах па дарогах, стараючыся падабраць хоць крошкi ад незлiчонага багацця i прагна пазiраючы на зямлю ўсцяж дарог. Буйныя ўласнiкi аб'ядналiся для самаабароны i на сходах сваiх асацыяцый абмяркоўвалi спосабы, з дапамогай якiх можна запалохваць, забiваць, атручваць газамi. I галоўнае, чаго яны баялiся, - гэта трыста тысяч... а калi яшчэ ў гэтых трох соцень тысяч знойдзецца завадатар... тады канец. Трыста тысяч галодных i няшчасных; калi б яны зразумелi самiх сябе, зямля перайшла б да iх, i нiякiя газы, нiякiя вiнтоўкi не спынiлi б iх. А буйныя ўласнiкi - тыя, каго багацце зрабiла большымi i меншымi за простага чалавека, сталi на пагiбельны шлях, хапаючыся за любыя сродкi, якiя ўрэшце маглi знiшчыць iх самiх. Кожны iх крок, кожны гвалтоўнiцкi акт, кожны налёт на Гувервiль, кожны шэрыфскi памагаты, што важна пахаджваў па хламным лагеры, хоць крыху i аддаляў дзень помсты, але рабiў яшчэ больш непазбежным надыход гэтага дня.
Людзi прысаджвалiся на кукiшкi, мужчыны з завостранымi тварамi, схуднелыя ад голаду, азлобленыя ад змагання з iм, - пахмурныя вочы i сцятыя скiвiцы. А навокал iх рассцiлалася ўрадлiвая зямля.
Чуў, што здарылася з дзiцем з той вунь палаткi, чацвёртай з краю?
Не, я толькi што прыехаў.
Малы кiдаўся ў сне, плакаў; Бацькi падумалi - глiсты. Прамылi яму страўнiк, i ён памёр. А гэта быў так званы 'чорны язык'. Хвароба такая ад дрэннай ежы.