Бедненькi.

А ў бацькоў няма грошай на пахаванне. Давядзецца хаваць як жабрака.

Чорт ведае што!

I рукi запускалiся ў кiшэнi, даставалi дробную манету. Каля ўвахода ў палатку вырасла кучка серабра. I бацькi знайшлi яе там.

Народ наш - добры народ; народ наш - сардэчны народ. Госпадзi, няхай хутчэй прыйдзе той час, калi добрыя людзi не ўсе будуць беднякамi. Госпадзi, няхай хутчэй прыйдзе той дзень, калi малым дзецям будзе што есцi.

А аб'яднаныя ў асацыяцыi ўласнiкi ведалi, што прыйдзе той дзень, калi малiтвы гэтыя змоўкнуць.

I на тым - канец.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

Малыя Джоўды, Конi з Ружай Сарона i прапаведнiк засталiся сядзець, самлелыя ад спёкi, здранцвелыя, на версе грузавiка, якi спынiўся перад канторай следчага ў Бейкерсфiлдзе, а бацька, мацi i дзядзька Джон зайшлi ў будынак. Неўзабаве з канторы вынеслi кош i паклалi ў яго доўгi скрутак, зняты з грузавiка. Усе сядзелi на самым санцапёку, чакаючы, калi скончыцца следства, будзе вызначана прычына смерцi i падпiсана пасведчанне.

Эл i Том хадзiлi па вулiцах, зазiралi ў вiтрыны крамаў, з цiкаўнасцю паглядалi на прахожых.

I нарэшце бацька, мацi i дзядзька Джон выйшлi з канторы, прыгнечаныя i маўклiвыя. Дзядзька Джон палез наверх. Бацька з мацi занялi свае месцы ў кабiне. Том з Элам вярнулiся, i Том сеў за руль. Ён моўчкi чакаў, што яму скажуць. Бацька глядзеў проста перад сабой, насунуўшы цёмны капялюш нiзка на лоб. Мацi пацiрала пальцамi куткi губ, i позiрк у яе быў адсутны, разгублены, мёртвы ад знясiлення.

Бацька глыбока ўздыхнуў.

- Нiчога не зробiш, - прамовiў ён.

- Я ведаю, - сказала мацi. - А ўсё-такi ёй хацелася, каб яе пахавалi прыстойна. Яна заўсёды пра гэта гаварыла.

Том пакасiўся на iх.

- Як жабрачку? - запытаўся ён.

- Так. - Бацька матнуў галавой, нiбы намагаючыся вярнуцца ў рэчаiснасць. Грошай не хапiла. Не здужалi. - Ён павярнуўся да мацi: - Ты не бяры так блiзка да сэрца. Як нi выкручвайся, што нi рабi, усё роўна нiчога не выйдзе. Няма грошай. Духмянасцi, дамавiна, пастар, месца на могiлках... Мы i дзесятай долi не наскрабём. А што маглi, тое зрабiлi.

- Я ўсё разумею, - сказала мацi. - Проста з галавы не выходзiць, як яна спадзявалася, што яе прыстойна пахаваюць. Трэба не думаць пра гэта. - Яна цяжка ўздыхнула i пацерла куток рота. - А начальнiк гэты - чалавек добры. Фанабэрысты, а ўсё ж добры.

- Яно так, - сказаў бацька. - Ён адкрыта з намi гаварыў.

Мацi адкiнула рукой назад валасы. Моцна сцяла вусны.

- Трэба ехаць, - сказала яна. - Трэба выбраць добрае месца. Знойдзем работу, уладкуемся. Не марыць жа дзяцей голадам. Гэта не па-бабчынаму. Яна i на хаўтурах заўсёды добра наядалася.

- Куды едзем? - запытаўся Том.

- У лагер, - адказаў бацька. - Пакуль не знойдзем работы, апошняе трацiць нельга. Выязджай за горад.

Том запусцiў матор, i грузавiк праехаў некалькi вулiц i пакiнуў горад ззаду. Каля моста яны ўбачылi шмат палатак i халупак.

Том сказаў:

- Давайце тут спынiмся. Паслухаем людзей, даведаемся, цi ёсць дзе работа. - Грузавiк з'ехаў па крутым земляным спуску з шашы i спынiўся на краi лагернай стаянкi.

У лагеры не было нiякага парадку - маленькiя шэрыя палаткi, халупкi, машыны стаялi дзе папала. Як выглядала крайняя халупка, цяжка апiсаць словамi. Паўднёвы бок - тры лiсты ржавага рыфленага жалеза, усходнi бок - стары дывановы палавiк, прыбiты да дзвюх дошак, паўднёвы - паласа толю i абрывак дзiравай парусiны, а заходнi - шэсць кавалкаў мешкавiны. Над квадратным каркасам - пераплёт з вярбовага вецця, на якi накiдана трава, не разасланая, а наваленая кучай. З таго боку, дзе сценка была з мешкавiны, каля ўвахода, быў раскiданы ўсякi скарб. Пяцiгалонавы бiтон з-пад газы, пакладзены набок, служыў печкай, i з яго тырчала ржавая дымавая труба. Бак, каб кiпяцiць ваду, ляжаў каля дзяружнай сценкi, а навокал - цэлы набор скрынак: скрынкi замест крэслаў, скрынкi замест сталоў. Побач з халупкай стаяў стары крыты 'форд' мадэлi 'Т' з двухколым прычэпам. Усё сведчыла пра тое, што людзi ў гэтым жытле апусцiлiся, заняпалi духам.

За халупкай стаяла маленькая палатка, пашарэлая ад часу i непагадзi, але чысценькая, акуратная; i скрынкi тут былi роўна расстаўлены каля пярэдняй сценкi. Мiж полак палаткi вытыркалася пячная труба, зямля каля ўвахода была добра падмецена i спырскана вадой. На адной скрынцы стаяла вядро з замочанай бялiзнай. Тут панавала ахайнасць i грунтоўнасць. Каля палаткi - легкавая машына мадэлi 'А' з маленькiм самаробным прычэпам-спальняй.

А далей вiдаць была вялiзная палатка, iрваная, пашкуматаная, прарэхi былi дзе-нiдзе сцягнуты дротам. Полкi былi расхiнутыя, усярэдзiне ляжалi на зямлi чатыры шырокiя матрацы. На бялiзнавай вяроўцы, нацягнутай уздоўж паўднёвай сценкi, сушылiся ружовыя баваўняныя сукенкi i некалькi пар камбiнезонаў. Усяго ў лагеры было сорак палатак i халупак, i каля кожнага жытла стаяў аўтамабiль якой-небудзь маркi. Некалькi дзяцей высыпала з палатак. Спачатку яны здалёку разглядалi грузавiк, якi толькi што пад'ехаў, потым рушылi да яго ўсёй кампанiяй - басаногiя маленькiя хлопчыкi ў камбiнезонах, з шэрымi ад пылу валасамi.

Том заглушыў матор i зiрнуў на бацьку.

- Непрыгляднае месцейка, - сказаў ён. - Можа, далей паедзем?

- Чаго ехаць, калi мы не разведалi, што i як, - адказаў бацька. Спытаемся, як тут з работай.

Том адчынiў дзверцы i выйшаў з машыны. Верхнiя пасажыры саскочылi з паклажы на зямлю i сталi з цiкаўнасцю аглядаць лагер. Руцi з Уiнфiлдам, ужо прывыклыя за дарогу, адчапiлi ад борта вядро i пайшлi ў вярбняк, за якiм, як яны разумелi, была вада, i ланцужок дзяцей рассунуўся, прапускаючы iх, i зноў самкнуўся.

Мешкавiна крайняй халупкi расхiнулася, i адтуль вызiрнула жанчына ў брудным старамодным квяцiстым капоце. Сiвыя валасы, заплеценыя ў коскi, тупы твар, худы i маршчынiсты, пад пустымi вачамi - вялiкiя шэрыя мяшкi, губы бязвольна адвiслыя.

Бацька запытаўся ў яе:

- Можна тут дзе-небудзь стаць на прывал?

Галава знiкла. Якую хвiлiну за дзяругай было цiха, потым полкi рассунулiся i з халупкi выступiў барадаты чалавек у камiзэльцы. Жанчына выглядала з-за яго пляча, але за iм не выйшла.

Барадач сказаў:

- Дабрыдзень, - i яго неспакойныя вочы агледзелi спачатку людзей, кожнага па чарзе, потым грузавiк i паклажу.

Бацька сказаў:

- Я вось пытаюся ў вашай жонкi, цi нельга нам дзе-небудзь у вас размясцiцца.

Барадач пiльна паглядзеў на бацьку, быццам той сказаў нешта дужа мудрагелiстае, што патрабуе роздуму.

- Дзе-небудзь размясцiцца ў нас? - перапытаў ён.

- Ну так. Цi, можа, тут ёсць гаспадар i трэба спярша схадзiць да яго?

Барадач прыжмурыў у шчылiнку адно вока, не зводзячы позiрку з бацькi.

- Вы хочаце зрабiць прывал?

Бацька пачаў трацiць цярпенне. Сiвая жанчына ўсё выглядала з-за дзяругi.

- Пра што ж я кажу, як па-вашаму? - сказаў бацька.

- Што ж, раз захацелi тут стаць, што вас трымае? Я вам не забараняю.

Том зарагатаў:

- Дайшло нарэшце.

Бацька стрымлiваў сябе як мог:

- Я толькi хачу ведаць, цi ёсць тут гаспадар. Трэба плацiць цi не?

Барадач выпнуў падбародак:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату