- Цi ёсць гаспадар?

Бацька адвярнуўся ад яго.

- А халера з iм, - сказаў ён. Галава жанчыны нырнула ў халупку.

Барадач пагрозлiва ступiў наперад.

- Цi ёсць гаспадар? - паўтарыў ён. - Хто пасмее выгнаць нас? Не, ты мне скажы.

Том загарадзiў сабой бацьку.

- Iдзi праспiся лепш, - сказаў ён. У барадача адвiсла скiвiца, i ён памацаў нiжнюю дзясну брудным пальцам. Хвiлiну ён прыглядаўся да Тома, па-ранейшаму глыбакадумна i дапытлiва, i раптам крута павярнуўся на абцасах i шмыгнуў у халупку ўслед за сiвой жанчынай.

Том глянуў на бацьку:

- Што за д'ябальшчына?

Бацька пацiснуў плячамi. Ён разглядаў лагер. Перад адной палаткай стаяў стары 'б'юiк' са знятым капотам. Нейкi малады чалавек прыцiраў клапаны i, круцячы корбу, раз-пораз кiдаў позiрк на грузавiк Джоўдаў. Яны заўважылi, што ён цiшком пасмейваецца. Калi барадач схаваўся за дзяругай, малады чалавек кiнуў працу i падышоў да Джоўдаў.

- Здарова! - павiтаўся ён, i яго блакiтныя вочы весела блiснулi. - Ну, пазнаёмiлiся з нашым мэрам?

- Што з iм такое? - запытаўся Том.

Малады чалавек хмыкнуў:

- Ды нiчога. Ён такi самы чокнуты, як мы з табой. Можа, трохi горшы, хто ведае.

Бацька сказаў:

- Я толькi спытаўся ў яго, цi можна тут стаць на прывал.

Малады чалавек выцер замасленыя рукi аб штаны.

- Ну, канешне, можна. Чаму ж не? Вы нядаўна сюды прыехалi?

- Ага, - адказаў Том. - Толькi сёння ранiцай.

- Першы раз у Гувервiлi?

- У якiм Гувервiлi?

- Ды вось у гэтым самым.

- А-а... - працягнуў Том. - Мы толькi што пад'ехалi.

Уiнфiлд i Руцi вярнулiся, несучы ўдваiх вядро вады.

Мацi сказала:

- Давайце раскладвацца. Я зусiм знемаглася. Можа, тут адпачнём.

Бацька i дзядзька Джон залезлi на грузавiк i пачалi знiмаць з яго брызент i матрацы.

Том падышоў да маладога чалавека i пайшоў з iм да машыны, якую той рамантаваў. Шлiфавальны станочак ляжаў на блоку, а на вакуумным бачку прымасцiлася бляшанка з наждачным саставам. Том запытаўся:

- А што з iм за чорт, з гэтым барадачом?

Малады чалавек узяў сваю корбу i зноў пачаў прыцiраць клапан да гнязда.

- З мэрам? А бог яго ведае. Напэўна, ачмурэў.

- Як гэта - ачмурэў?

- Яго, пэўна, палiсмены так заганялi, што яшчэ i цяпер у яго ў мазгах кручэнне.

- А нашто ганяць такога?

Малады чалавек адклаў убок корбу i глянуў Тому проста ў вочы.

- А бог iх ведае, - сказаў ён. - Ты толькi што прыехаў. Можа, ты разважыш, у чым тут справа. Адны так гавораць, другiя гэтак. Вось пажывеш крыху на адным месцы, а там заявiцца шэрыфскi памагаты i пагонiць цябе далей. - Ён прыпадняў клапан i змазаў гняздо наждачнай масай.

- А навошта?

- Кажу ж табе - не ведаю. Некаторыя тлумачаць гэта тым, што яны нiбыта не хочуць, каб мы ў выбарах удзельнiчалi, вось i ганяюць з месца на месца. А iншыя кажуць - каб не даваць нам дапамогi. А яшчэ я такое чуў: каб мы не маглi разам сабрацца i арганiзавацца. Я ўвесь час на колах - адусюль гоняць. Пачакай, на сабе адчуеш.

- Мы не бадзягi якiя, - упарцiўся Том. - Мы працы шукаем. Мы гатовыя на любую работу.

Малады чалавек на момант кiнуў прыладжваць корбу да шлiца клапана i здзiўлена глянуў на Тома.

- Працы шукаеце? А-а... шукаеце працы... А ўсе астатнiя чаго, па-твойму, шукаюць? Алмазаў? Я сабе ўжо ўвесь зад ушчэнт сцёр, а чаго я шукаю, як ты думаеш? - Ён крутнуў корбу ўзад i ўперад.

Том паглядзеў на панылыя палаткi, на розную старызну i хлам каля iх, на дапатопныя машыны, на праляжаныя, камлякаватыя матрацы, вынесеныя на сонца, на закураныя бляшанкi над чорнымi ад дыму ямамi, дзе гатавалi ежу, i цiха запытаўся:

- Дык работы няма?

- Пакуль што не. Можа, пазней. Цяпер тут нiякiх ураджаяў не збiраюць. Вiнаграду рана, бавоўне таксама яшчэ рана. Мы далей едзем, вось толькi клапаны прытру. У мяне жонка i дзецi малыя. Мы чулi, далей на поўнач праца ёсць. На поўнач i паедзем, да Салiнаса, што недалёка ад узбярэжжа.

Том бачыў, як дзядзька Джон, бацька i прапаведнiк нацягваюць на жэрдкi брызент, а мацi, апусцiўшыся пад iм на каленi, змятае пыл з матрацаў. Новых суседзяў кальцом абкружылi людзi, басаногiя, мурзатыя, i моўчкi сачылi, як яны асталёўваюцца. Том сказаў:

- Там у нас раздавалi лiсткi - такiя аранжавыя. У iх пiсалася, што тут патрэбна многа народу на збор ураджаю.

Малады чалавек засмяяўся:

- Тут кажуць, трыста тысяч такiх, як мы, i iду ў заклад, што сярод iх не знойдзецца i адной сям'i, якая не бачыла гэтых лiсткоў.

- Так, але калi iм не патрэбныя людзi, навошта яны друкуюць такое?

- А ты паварушы, паварушы мазгамi.

- Добра, але ўсё ж скажы.

- Слухай, - сказаў малады чалавек. - Дапусцiм, ты прапануеш работу, а ахвотнiк на яе знайшоўся толькi адзiн. Значыць, колькi ён запросiць, столькi ты яму i дасi. А дапусцiм, ахвотнiкаў сотня. - Ён адклаў iнструмент убок. Пагляд яго пасуравеў, голас загучаў рэзка: - Дапусцiм, сто чалавек хочуць атрымаць гэту работу. I дапусцiм, у iх ёсць дзецi, i дзецi сядзяць галодныя. За паршывы дзесяцiцэнтавiк iх можна накармiць маiсавай кашай. Дапусцiм нават, што i за пяць купiш дзецям мiску чаго-небудзь. I такiх, як ён, цэлая сотня. Прапануй iм пяць цэнтаў, i яны з-за гэтай нiкелевай манеты горла адзiн аднаму перагрызуць. Ведаеш, колькi мне плацiлi на апошнiм месцы? Пятнаццаць цэнтаў у гадзiну. За дзесяць гадзiн паўтара даляра, а жыць там паблiзу не дазвалялi. На адну дарогу колькi бензiну перапалiш. - Ён душыўся ад гневу, вочы гарэлi нянавiсцю. - Вось таму лiсткi гэтыя i друкуюць. А на тыя грошы, якiя гаспадары зэканомяць, плацячы па пятнаццаць цэнтаў за цяжкую працу ў полi, можна чортаву процьму такiх лiсткоў навыпускаць.

Том сказаў:

- Во дзярмо.

Малады чалавек з'едлiва засмяяўся:

- А ты пажывi тут крыху i, калi ўчуеш дзе водар ружаў, паклiч мяне, я таксама панюхаю.

- Але ж павiнна дзе-небудзь тут быць работа, - не здаваўся Том. - Божа мой, колькi тут усяго - фруктовыя сады, вiнаграднiкi, агароды! Я ж бачыў. На ўсё гэта людзi патрэбныя. Я ўсё сваiмi вачамi бачыў.

З палаткi, каля якой стаяла машына, пачуўся плач дзiцяцi. Малады чалавек пайшоў у палатку, i за брызентам пачуўся яго цiхi голас. Том узяў корбу, прыладзiў яе да шлiца клапана i пачаў прыцiраць яго, водзячы рукой то ў адзiн, то ў другi бок. Дзiця перастала плакаць. Малады чалавек выйшаў з палаткi i стаў каля Тома, сочачы за яго работай.

- А ты ведаеш справу, - сказаў ён. - Гэта добра. Яшчэ прыдасца.

- Ну а ўсё ж такi як наконт таго, што я гаварыў? - напомнiў Том. - Я бачыў, колькi тут усяго расце.

Малады чалавек прысеў каля яго на кукiшкi.

- Вось што я табе скажу, - пачаў ён цiха. - Ёсць тут паблiзу персiкавы сад - вялiзны, канца-краю няма. Я ў iм працаваў. Круглы год яго даглядаюць дзевяць чалавек. - Ён шматзначна памаўчаў. - А калi персiкi паспяваюць, туды патрэбны на два тыднi тры тысячы рабочых. Столькi не знойдуць - усё пагнiе. Дык што

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату