Невядома, ці то была ноч, ці проста немец з Дземідові-чам паснулі – Хлебнікаў чуў толькі іхняе дыханьне побач. Дземідовіч усё хрыпеў, часам кашляў і нават мармытаў нешта ў сьне, а капітан, чуйна скіраваўшы ў слых сваю ўвагу, слухаў і думаў. Ён быў кадравы ваенны, даўно служыў у ар-міі, апроч тае службы мала што разумеў з жыцьця – адных толькі вайсковых клопатаў было яму пад завязку. Служба адбірала ўвесь час, ад ранку да ночы, выхадныя таксама, зі-ма праходзіла для яго за глухім гарнізонным плотам, лета
з раньняй вясны – у лагерах сярод сопак і дзікай прыроды Далёкага Усходу. Жанчын ён бачыў толькі ў пасёлку ды
на бліжняй станцыі, гэта былі пераважна жонкі камандна-га і начсаставу іх гарнізону; з незамужніх часам трапляліся сёстры ў шпіталі ды афіцыянткі ў камандзірскай сталовай – лічаныя адзінкі на многія дзясяткі камандзіраў, жанатых і ха-ластых. Выбар быў невялікі, маладыя жаніліся на першай, што бліжэй за іншых трапляліся ў жыцьці, і ён таксама ажа-ніўся з афіцыянткай Марусяй, што так міла ўсьміхалася, раздаючы ім талеркі з вялікага падносу, што спрытна насі-ла між радамі сталоў. Харчаваліся ня надта каб сытна, мала-ды апетыт быў неспатольны, і Маруся яго спакваля падкор-млівала тым, што было на кухні: то пакладзе на талерку які лепшы кавалак мяса, то лішнюю лыжку масла ў кашу. Ён быў удзячны за такую нязвыклую для яго жаночую ўвагу, якой мала бачыў у дзяцінстве ад строгай і сухаватай мачыхі. Мару-ся яму падабалася. Ужо такая здавалася мілая і ласкавая і ні-што сабе з аздабы, але шчасьце з ёй у лейтэнанта Хлебнікава доўжылася з чэрвеню да кастрычніку, калі яны з лагерных палатак перабраліся ў казармы, і аказалася, што жыць ім у гарнізоне няма дзе – кватэраў для маладых не было, і яны туляліся хто дзе – у старшынскіх капцёрках, неўладкаваных гаспадарчых бакоўках. Во тады Маруся і зьмяніла свой мі-лы характар на плаксіва-зьвяглівы, яе каханьне абярнулася патокам прэтэнзіяў да яго, які так яе ашукаў. Яна ўжо не ра-біла ў сталоўцы, а ўвесь дзень сядзела ў сваім кутку на паддашшы казармы і нудліва чакала яго, каб зараз жа, як ён прыйдзе, настылы ў полі, галодны і зьнерваваны, узяцца яго пілаваць за іхнюю неўладкаванасьць, за ягоную невязу-ху з жыльлём, за тое, што ён гэтакі няўдачнік, атрымлівае шэсьцьсот рублёў у месяц і пяты год ходзіць у лейтэнан-тах, у той час, як ягоныя сябры пасталі капітанамі. Доўга ён спрабаваў усё тое ператварыць у жарты, абяцаў даслужыцца да генерала, тым болей, што часу да таго ў яго хапала,