Той напаўголы, той раздзеты; А сфінксы й грыфы — не па нас:{164} Ні грацыі няма, ні складу, Павыстаўлялі напаказ, Брыдота спераду і ззаду. Пачвары ўсе! Народзец цёрты! На што ўжо ў нас заўжды бедлам,— Ды антыка пабіла ўсе рэкорды. Аднак я госць, — і сама ўраз. Паклон мой грывам і дзядам, Бо тут не Брокен, а Парнас. Грыф (гугніва)
Не крыўдзі нас! Мы грыфы, а не грывы. У карнясловах сэнс ёсць асаблівы: Этымалогіі-штукаркі беражыся — Наборам слоў вам пафарбуе ліса; Між тым «гаргара», «грыф», «гара», «герой» Не ставяцца ў адзін карэнны строй. Мефістофель
Тут можна вывесці і лепшы рад: «Грыф — граф — грабі — грабежнік — град». Грыф (у ранейшым тоне)
Калі і гэты рад мы даказалі, Пакрыўджаныя нам хвасты ўразалі. Грабі, гарні дзяўчат і скарбаў горы. Грабежнікі ў фартуны — у фаворы! Мурашкі-волаты{165}
Вы кажаце пра тыя «скарбаў горы», Што мы панапіхалі ў нашы норы? Ды арымаспы ж высачылі нас,{166} І скарбы зніклі, знік увесь запас. Грыфы
Мы іх паклічам да адказу. Арымаспы
Не сёння толькі, сёння — свята; А нам да заўтра хопіць часу Перахаваць усё, што ўзята. Мефістофель (седзячы паміж сфінксамі)
У вас так проста ўсё, што мне міжволі Паразумецца з вамі закарцела. Сфінкс
Мы выдыхаем гукі і ніколі, Як вы, не апранаем іх у цела. Але скажы ўсё ж словам, хто ты? Мефістофель
Усяк завуць мяне. Няма ахвоты Лічыць імёны. А ці ёсць тут брыты? Цікаўны люд! Вандроўкам вельмі рады; Без іх руіны вашы, вадаспады, Напэўна ж, не былі б адкрыты. Мяне брытанцы ў нейкім вадэвілі The old Iniguity{167} аб’явілі. Сфінкс
Але чаму? Мефістофель