Па-свойму, бач, цвяроза. Сфінкс
Ну, добра, кінем — гэта ж проза. Скажы, калі ты добры звездачот, Што сёння нам вяшчае зорак лёт? Мефістофель (гледзячы на неба)
У небе ззяюць зоры, месячык рагаты — І я прыйшоў сюды, нібы дахаты: Сяджу, тваёю поўсцю абагрэты. Нашто ж глядзець на зоркі і планеты? Дай мне шараду ці загадку. Сфінкс
Ты сам шарада, дзіўны госць! Вазьмі хоць гэту напачатку: «Усе яго скубуць за поўсць, Святошы ён замест пластрона, Зладзею — кампаньён, заслона, А Зеўсу — як забава проста».{168} Першы грыф (гугніва)
Ён вораг мне, Другі грыф (яшчэ больш гугніва)
Гані прахвоста, Абодва
Чужынец ён. Мефістофель (груба)
Ты думаеш, відаць, Што госць не можа здачы даць? Спрабуй! Сфінкс (мякка, лагодна)
Не паддавайся лепш запалу! Тут сам ты знудзішся памалу, Бо як ні радуе чужое свята, А ўсё ж свая нас кліча хата. Мефістофель
Ты апетытны верхняй палавінай І страшны ніжняю, звярынай. Сфінкс
Ты мелеш зноў сваю лухту! Мы ўдзячны лапам і хвасту — У іх і сіла наша й спрыт. І нам не страшны твой капыт! У вышыні сірэны заводзяць прэлюдыю.
Мефістофель
Адкуль сюды да вас пад шаты Занесла раптам хор крылаты? Сфінкс
Не слухай лепш! Ужо ці мала Ад спеваў іх людзей сканала.