Мы сядзім ля піраміды — Суд людскі мы, суд Феміды{178},— Войны, мір, спакой, кашмары Не маркоцяць нашы твары. Пеней{179} , акружаны ручаямі і німфамі.
Пеней
Пашапчыся, мой чарот, Шапачы трывожна, голле, Вербалознік і таполя. Забушуй, вадаварот. Недаспаў я; ў грозным гудзе, У далёкім гуле рэха Чую: будзе, нешта будзе — Будзе нейкая пацеха. Фаўст (выходзячы да ракі)
Што такое! З-за лістоты, Праз наплыў лясной дрымоты Чую голас нейкай мовы, Замагільны і суровы. Вецер шастае ўначы, Плешчуць хвалі аб карчы. Німфы (Фаўсту)
Там лепшы спачынак Ад спеваў сірэны,— Дзе ў лесе плюскоча Ручай задуменны. Удосталь не меў ты Спакою спакон, А мы табе песняй Навеем тут сон. Фаўст
О, я не сплю! З якой прычыны Наяве сняцца мне жанчыны, Што водзяць вольны карагод? Ці мара гэта, ці ўспаміны З маіх далёкіх юных год? Плывуць у зарасці пад шаты Красуні вабныя, дзяўчаты,— Увасабленне чараўніц. Нібы царыцы ў німбах славы, Чароўны позірк, стан рухавы У яснай чыстасці крыніц. Плывуць у завадзь, дзе патокі Стварылі плёс рачны шырокі; І вось ажыў цяністы гай, Лунае смех, сваволяць віскі, Звініць вада, іскрацца пырскі,— Кіпіць гарэзны вадаграй І разліваецца далёка. Ці ж задаволю гэтым вока? О не! Дапытлівы мой зрок Праз навесь голля, мглу і змрок Царыца надзіць, што на троне Сядзіць у велічнай кароне. Цуд! Дзівосная затока! Пышна, велічна, шырока Па ўлагоджанай вадзе, Шыі выгнуўшы дзяржаўна, Самаўпэўнена і плаўна — Лебедзі — у чарадзе. Іх важак раскінуў крылы, Хвалі гоніць з поўнай сілы — Да царыцы. Чарада, Як па знаку тайнай змовы, Рассыпаецца на ловы — Шумна пеніцца вада. Ад раптоўнае развязкі Дзевы службу, абавязкі Ах! забылі і з вады Без сваёй царыцы з шумам, З крыкам і спалошным тлумам Уцякаюць хто куды.