Шчочкі-персікі, мяккі пушок на губах — Адкусіла б, здаецца, кавалачак я. Адкусіла б, ды страх: як бывала не раз — Раптам попелам возьмуцца вусны. Хлопцы прыгожыя Ўжо набліжаюцца, Моўчкі прыносяць Трон і ступені, Сцелюць дыван, Ставяць над тронам Балдахін каляровы — Воблачкам над галавою Царыцынай Ён урачыста плыве. Самавіта ўзыходзіць! Станьма, сёстры, і мы Поруч з царыцай! Слаўся, о слаўся тройчы, Ушанавання дастойнага час! Усё, што абвяшчае хор, паступова выконваецца. Пасля таго як доўгі цуг пажаў і збраяносцаў сышоў уніз, угары на лесвіцы паказваецца Фаўст у сярэдневяковым рыцарскім убранні і павольна, з годнасцю таксама сыходзіць уніз.
Панталіда (уважліва яго разглядваючы)
Калі яму паставу зграбную, Прывабнасць і манеры далікатныя Не на кароткі нейкі час пазычылі, А назусім далі, на векі вечныя, Тады з удачай будзе неразлучны ён: На полі бою пераможа воіна, А ў бітве сэрцаў — прыгажуню першую. Я ўпэўнена, ніколі не зраўняецца Ніхто з мужчын, якіх я толькі ведала, З мужчынам гэтым. Вось ён набліжаецца, Пачціва, велічна. Вось князь наблізіўся. Царыца, азірніся на дастойнага! Фаўст (падыходзячы з закаваным Лінкеем)
Царыца! Я замест прыветных слоў, Якімі твой прыход адзначыць трэба, Прывёў у кайданах раба, які Забыў пра абавязак свой і гэтым Мяне магчымасці пазбавіў ён Гаспадара свяшчэнны абавязак Належна споўніць. Стань, нікчэмны раб, Перад царыцай светлай на калені І павініся перад ёй. Царыца, Слуга, надзелены выдатным зрокам, Пастаўлены на вежу аглядаць Палі, лясы, бязмежны схіл нябёс І ўсё, што толькі з’явіцца ў даліне, На схілах гор, на беразе ракі,— Што йдзе да крэпасці — няхай то статак, Няхай то войска. Статак мы захопім, А ворага паб’ём. Вялікі грэх! Ты — тут, а ён, злачынны, — не даносіць! І па яго віне мы не сустрэлі Высокай госці. Смерць ён заслужыў! Карай яго ці літуй, о царыца! Алена
Вялікай годнасцю суддзі, царыцы Мяне ты адараеш, хоць, магчыма, Выпрабаванне хочаш мне зрабіць. Але судзейскі абавязак споўню І з допыту няшчаснага пачну. Лінкей (вежавы дазорца)
Загадай, краса-царыца,— Кару ўсякую прыму, Каб і ў смерці пакарыцца Слову першаму твайму. Золак ранішняй парою Шле з усходу нам святло, Раптам, — дзіва! Прада мною — З поўдня сонейка ўзышло. Я не ўбачыў край бясконцы,—