Сініх гор, зялёных ніў, Я на гэтым ясным сонцы Позірк здзіўлены спыніў. Мой рысіны зрок і ўночы Не падманвае мяне. Сёння ж днём аслаблі вочы — Я ўсё бачыў, нібы ў сне. Замільгалі ў мглістай плыні Вежы, хмары, горны стан,— Раптам светлы твар багіні Выплывае праз туман. І сумеўся я, дазорны, Знепрытомнены, без сіл — Вобраз дзіўны, непаўторны Асляпіў мяне зусім. І, знядбаўшы службу, грэшны, Затрубіць забыў я ў рог. Пакарай мяне! Няўцешны Ля тваіх сканаю ног. Алена
Ці маю права я караць правіны, Якім сама прычынай? Гора мне! Навошта мне прадвыракла планіда — Бянтэжыць самых годнейшых мужчын? Прымусам, зманам, хітрасцю, палонам Багі, героі, дэманы, паўбогі Мяне паўсюль вадзілі за сабой. Я ў першым твары нарабіла ліха, Пасля ў другім падвоіла бяду, Памножыла і ў трэцім, і ў чацвёртым{230},— Не, права пакарання я не маю. Раскуй няшчаснага! Нявінны той, Каго багі раптоўна асляпілі! Фаўст
Я здзіўлены, царыца, што і ён, Тваёй стралой пацэлены, упаў. Ты, пругкую напяўшы цеціву, О лучніца, пускаеш стрэлы трапна У сэрца мне. А колькі тых ахвяр, Калі ты ў замку сядзеш на прастол І хмары страл засвішчуць, запяюць, Тут будзе! Ты ўзбунтуеш цэлы двор, І воіны мае, што служаць мне, Непераможнай прынясуць прысягу. Што застанецца мне, як не аддаць Сябе і край мой пад тваю апеку? Дазволь і мне, твайму рабу, прасіць Цябе, каму мы ўсе цяпер належым, Быць нам царыцай і заняць прастол. Лінкей (са скрынкаю, на чале некалькіх мужчын з такой самай ношай)
За твой спагадлівы пагляд Багач жабрачыць будзе рад, Жабрак зірне царыцы ў твар — І ўжо багаты ён, як цар. Чым быў я? Кім паспеў я стаць? Што мне рабіць? Чаго жадаць? Мой востры зрок? — Нашто мне ён,— Яго ж бо твой заслепіць трон. З усходу мы ў паход пайшлі На захад, аж на край зямлі. Усіх разбіла наша раць — Нідзе нам роўных не відаць. Адзін загіне ў громе сеч, Другі вымае з похваў меч, За кожным паўставала сто, Забітых не лічыў ніхто. У чадзе вогненнай жуды Знікалі вёскі, гарады — І кожны з бою браў дабро: